Logo Polskiego Radia
Print

Пацьверджана знаходка гітлераўскага цягніка (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 28.08.2015 18:37
  • залаты цягнік.mp3
Пра «залаты» цягнік расказаў перад сьмерцю былы жаўнер, які прымаў удзел у апэрацыі па яго ўкрыцьці.
www.flickr.com

Тыдзень таму ў рубрыцы «Запрашаем у Польшчу» мы распавялі пра праект Трэцяга Рэйху пад кодавай назвай «Riese», які рэалізаваўся на тэрыторыі сёньняшняй Ніжняй Сілезіі. І сёньня вяртаемся да гэтай тэмы, а прычынай зьяўляецца таямнічы цягнік, пра які вось ужо некалькі дзён паведамляюць сусьветныя сродкі масавай інфармацыі. Дарэчы, СМІ назвалі яго «залатым». Але пра ўсё па парадку.
Нейкі час таму да ўладаў горада Валбжых зьвярнуліся двое чалавек: грамадзянін Нямеччыны й грамадзянін Польшчы. Яны заявілі, што знайшлі цягнік, на якім пад канец вайны гітлераўцы вывозілі каштоўныя рэчы. Узамен за тое, што пакажуць, дзе склад знаходзіцца, яны запатрабавалі гарантый, што атрымаюць 10% ад кошту грузу цягніка.

/

І вось, сёньня віцэ-міністар культуры Польшчы Пётр Жухоўскі, які курыруе згаданую справу, сказаў пра 99-працэнтную ўпэўненасьць, што цягнік існуе. Спэцыялісты правялі дасьледаваньні падзямельля каля горада Валбжых пры дапамозе геарадара. Дарэчы, цікава тое, што склад аказаўся бронецягніком – гэта вынікае менавіта з геарадарнага дасьледаваньня. Пётр Жухоўскі сказаў, што асабіста бачыў геарадарны здымак цягніка, прычым добрай якасьці: цягнік мае даўжыню больш за 100 мэтраў.

/

Пакуль невядома, які груз знаходзіцца ў цягніку. Многія аматары гісторыі ды шукальнікі скарбаў лічаць, што цягнік – гэта склад, які ў апошнія дні вайны выйшаў з горада Ўроцлаў (тагачасны Брэслаў). У ім нібыта было награбленае нацыстамі золата, творы мастацтва, іншыя каштоўныя рэчы й прадметы. Больш за тое, сьлед Бурштынавага пакою, вывезенага немцамі з Царскага Сяла, губляецца менавіта ў сёньняшняй Ніжняй Сілезіі! Віцэ-міністар Пётр Жухоўскі кажа, што цягнік можа ўтрымліваць дарагія й каштоўныя рэчы, але таксама можа быць гружаны дакумэнтамі й архіўнымі матэрыяламі, пра якія гісторыкі чулі, але якія ніколі не былі знойдзеныя. Варта памятаць, што немцы – вельмі дакладны й скрупулёзны народ, і што заўсёды падрабязна вялі дакумэнтацыю, якую адпраўлялі ў архівы. З пункту гледжаньня гісторыкаў такая знаходка ня менш важная чым золата й каштоўнасьці.
Дарэчы, пасьля зьяўленьня інфармацыі пра тое, што знойдзены «залаты» цягнік, у Валбжыху была заўважаная немалая актыўнасьць шукальнікаў скарбаў. Улады папярэджваюць, што пошукі складу могуць быць небясьпечнымі, паколькі ў бронецягніку могуць знаходзіцца боепрыпасы. Больш за тое, як мяркуюць спэцыялісты, хутчэй за ўсё цягнік замініраваны. Таму, дарэчы, у гэтую справу падключана Міністэрства абароны Польшчы.

/

Стала таксама вядома, якім чынам паляк і немец даведаліся пра месцазнаходжаньне цягніка. Аказваецца, што пра гэта ім сказаў былы нямецкі жаўнер, які прымаў удзел у апэрацыі па ўкрыцьці цягніка. Пра гэта ён паведаміў перад самай сьмерцю ды нарысаваў мапу месца, дзе схаваны «залаты» цягнік.
Гісторыя зь цягніком – гэта сэнсацыя сусьветнага маштабу, і незалежна ад таго, што ў ім знаходзіцца – золата ці дакумэнты - груз мае вялізную каштоўнасьць.

Валеры Саўко

фотаздымкі маюць ілюстрацыйны характар

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт