Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу: Пётркаў-Трыбунальскі (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 02.10.2015 19:39
  • Пётркаў.mp3
У часы Ягайлавічаў тут праходзілі трыбуналы, падчас якіх зьбіраліся польскія сэймы ды адбываліся выбары каралёў.

foto:
foto: wikipedia

Паважаныя радыёслухачы! Сёньня ў рубрыцы «Запрашаем у Польшчу» распавядзём пра горад Пётркаў-Трыбунальскі (Piotrków Trybunalski), разьмешчаны ў Лодзінскім ваяводзтве ў цэнтральнай частцы краіны. Гэта другі па колькасьці насельніцтва горад у ваяводзтве: у ім пражывае больш за 75 тыс. чалавек. Дарэчы, другая частка назвы гораду (Трыбунальскі) была дадзеная пасьля вайны для таго, каб увекавечыць заслугі Пётркава для польскага парлямэнтарызму. Бо ў пэрыяд дынастыі Ягайлавічаў (Ягелёнаў) менавіта ў Пётркаве праходзілі трыбуналы, падчас якіх зьбіраліся польскія сэймы ды адбываліся выбары каралёў.

foto:
foto: wikipedia

Першыя славянскія паселішчы на месцы сёньняшняга гораду датуюцца VIII стагодзьдзем. У 1217 годзе Пётркаў упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах. Менавіта ў гэтым горадзе 1 сьнежня 1469 года 32-і вялікі магістар Тэўтонскага ордэну Гайнрых Ройс фон Пляўэн (Heinrich Reuß von Plauen) падпісаў дакумэнты й стаў васалам караля польскага й вялікага князя літоўскага Казіміра IV. У 1493 годзе ў Пётркаве прайшоў першы сэйм – гэтая дата лічыцца сымбалічным пачаткам польскага парлямэнтарызму.

foto:
foto: wikipedia

Пасьля падзелу Польшчы Пётркаў – у складзе Варшаўскага Герцагства, а пазьней Польскага Царства. 2 верасьня 1846 года са станцыі горада адышоў першы цягнік Варшаўска-Венскай чыгункі. Дарэчы, гэтая лінія была першай чыгункай на польскіх землях і другой (пасьля Царскасельскай) у Расейскай Імпэрыі. Цікава тое, што для будаўніцтва Варшаўска-Венскай чыгункі буйныя польскія банкіры стварылі акцыянэрнае таварыства.

foto:
foto: wikipedia

У 1867 годзе горад стаў адміністрацыйным цэнтрам Пётркаўскай губэрні. Дарэчы, тады па-расейску горад называўся Петракоў (Петроков), а губэрня адпаведна Петракоўская (Петроковская). Губэрня праіснавала да пачатку Першай сусьветнай вайны, пакуль горад не занялі аўстрыйскія й нямецкія войскі.
У часы Другой сусьветнай вайны за горад ішлі жорсткія баі паміж Войскам Польскім і гітлераўцамі. Адна з трагічных датаў у гісторыі горада: тут 30 верасьня 1939 года гітлераўцы стварылі габрэйскае гета – першае на тэрыторыі акупаванай Эўропы. Агулам у ім былі зачыненыя 25 тыс. іўдэяў, амаль усе загінулі.

foto:
foto: wikipedia

Дарэчы, да вайны Пётркаў быў габрэйскім горадам: у 1939 годзе ў ім пражывала каля 11 тыс. габрэяў. Менавіта ў Пётркаве ў 1937 годзе нарадзіўся Ісраэль Мэір Лаў – з 1993 да 2003 года галоўны рабін Ізраіля. Цікавы факт: у канцлягеры Бухэнвальд габрэйскаму хлопчыку ўдалося выжыць дзякуючы савецкаму салдату Фёдару Міхайлічанку, які ў 2009 годзе атрымаў тытул Праведнік народаў сьвету.
Нягледзячы на тое, што Пётркаў не абмінулі войны, у горадзе захавалася шмат помнікаў гісторыі й архітэктуры. Перш за ўсё гэта сакральныя аб’екты: Вялікая сынагога з 1793 года, Малая сынагога з 1775-га, праваслаўная царква з 1869 года, фарны касьцёл сьвятога Якуба ажно з ХІІІ стагодзьдзя. Акрамя таго, захаваўся Каралеўскі замак, узьведзены ў 1519 годзе, ды вакзал з 1846 года. І гэта толькі некаторыя гістарычна-архітэктурныя помнікі.

Адным словам, у Пётркаве-Трыбунальскім ёсьць на што паглядзець і з чым пазнаёміцца. А сярод партнэрскіх гарадоў Пётркава – беларускае Маладзечна.

вс

на відэа: Другі фэстываль культур партнэрскіх гарадоў, які прайшоў у Пётркаве-Трыбунальскім ў чэрвені 2015 года. Першы калектыў на відэароліку - з Маладзечна.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт