Logo Polskiego Radia
Print

Расьце колькасьць бактэрый, устойлівых на антыбіётыкі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 27.11.2015 07:06
  • антыбіётыкі.mp3
Людзі пачнуць паміраць на запаленьне лёгкіх ці сухоты, як гэта было яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя.
pixabay.com/Public Domain CC0

Расьце колькасьць сьмерцяў, выкліканых бактэрыямі, устойлівымі на антыбіётыкі. Спэцыялісты падкрэсьліваюць, што праблему паглыбляе неразумнае выкарыстоўваньне антыбіётыкаў, без папярэдніх аналізаў і антыбіяграмы. Іншай праблемай зьяўляецца ўжываньне антыбіётыкаў у іншых галінах, напрыклад, у жывёлагадоўлі.

Частае прыманьне антыбіётыкаў спрыяе ўзьнікненьню супэрбактэрый, на якія сёньня ня дзейнічае ніводзін антыбіётык. Лячэньне хворых антыбіётыкамі без выразнай патрэбы прывяло ў сёньняшнія часы да таго, што лекі становяцца ўсё менш эфэктыўнымі, а гэта пагражае дасягненьням сучаснай мэдыцыны – папярэджвае ў рапарце Сусьветная арганізацыя здароўя. З аналіза арганізацыі вынікае, што ХХІ стагодзьдзе становіцца постантыбіётыкавай эпохай і неўзабаве ня будзе чым лячыць бактэрыйных інфэкцый.

Польскі кансультант у галіне мікрабіялёгіі, прафэсар Валерыя Грыневіч падкрэсьлівае, што ўзьнікла дыспрапорцыя паміж запатрабаваньнем на новыя антыбіётыкі і іх вытворчасьцю.

В. Грыневіч: Праблема ўстойлівасьці бактэрый на антыбіётыкі стала вельмі напружанай. І гаворка тут пра бактэрыі, якія выклікаюць найчасьцейшыя захворваньні ў людзей. Праблема на столькі сур’ёзная, што мы не ў стане лячыць некаторыя захворваньні. Людзі зноў пачынаюць паміраць ад інфэкцый, якіх няма чым лячыць. Фармакалягічная прамысловасьць не пасьпявае выпускаць новыя антыбіётыкі.

Спэцыялісты адзначаюць, што ўжо існуюць бактэрыі, якія не рэагуюць на ўсе вядомыя антыбіётыкі. Неўзабаве нават банальныя бактэрыйныя інфэкцыі могуць уяўляць сабой пагрозу.

Дырэктар Нацыянальнага інстытуту грамадзкага здароўя прафэсар Міраслаў Высоцкі зазначае, што кожны год у сьвеце падаецца інфармацыя пра каля 800 тысяч сьмерцяў па прычыне ўстойлівых інфэкцый. Людзі пачнуць паміраць на запаленьне лёгкіх ці сухоты, як гэта было яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя.

М. Высоцкі: Лічба сьмерцяў, пра якія вядома, і прычынай якіх зьяўляецца ўстойлівасьць бактэрый на антыбіётыкі, у сьвеце складае 800 тысяч у год, і расьце. Няма новых антыбіётыкаў. Разьвіваюцца шпітальныя інфэкцыі, выкліканыя штамамі бактэрый, якія выключна ўстойлівыя на вельмі многія антыбіётыкі. І гэта вельмі рэальная й вельмі сур’ёзная праблема грамадзкай службы здароўя.

Усё таму, што бактэрыі выключна разумныя арганізмы. Яны імгненна знаходзяць спосабы перамогі над чарговымі антыбіётыкамі. Ужо Аляксандар Флемінг, вынаходнік пэніцыліну, заўважыў, што ў бактэрыях узьнікаюць шматлікія мутацыі, якія прычыняюцца да таго, што яны ў стане змагацца з чарговымі антыбіётыкамі.

Аднак чалавецтва праігнаравала бактэрыі й пачало прымаць антыбіётыкі па-свойму й бязь меры. Гадоўцы жывёл дадаюць іх у корм, дзякуючы чаму сьвіньні, каровы й птушкі радзей хварэюць, але таксама хутчэй растуць. Пацыенты прымаюць антыбіётыкі пры вірусных захворваньнях, напрыклад, падчас грыпу, хоць у такіх выпадках антыбіётык неэфэктыўны.

Эпідэміёлягі адзначаюць, што кожны другі хворы атрымаў антыбіётык цалкам без патрэбы. Іншай праблемай зьяўляецца неадпаведная доза антыбіётыкаў і заўчаснае спыненьне лячэньне – гэта таксама ўплывае на тое, што бактэрыі становяцца ўстойлівымі на антыбіётыкі.

Пачаткова парушэньне ўсіх згаданых прынцыпаў не было небясьпечным, паколькі надалей узьнікалі новыя лекі. Пад канец 60-х гадоў даступным было каля 200 самых разнастайных антыбіётыкаў. Аднак у палове 80 гадоў актыўнасьць фармакалягічных канцэрнаў у гэтай галіне ўпала. Некалькі гадоў таму амэрыканцы паінфармавалі, што толькі пяць з трынаццаці найбуйнейшых канцэрнаў вядуць дасьледаваньні над новымі лекамі. Рэшта адкрыта прызнае, што ім гэта не аплачваецца.

ав/Newsweek

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт