Logo Polskiego Radia
Print

Цікавыя факты пра Варшаву (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 27.11.2015 20:39
  • запрашаем.mp3
Найдаўжэйшы жылы будынак называецца "Пэкін" і мае 1,5 км даўжыні.
Начная панарама Варшавы, па цэнтру - Палац культуры й навукі Начная панарама Варшавы, па цэнтру - Палац культуры й навукі Guido Heitkoetter/flickr.com

Паважаныя радыёслухачы! Сёньня ў рубрыцы «Запрашаем у Польшчу» пазнаёмімся з Варшавай з малавядомага боку. Напрыклад, які будынак найдаўжэйшы ў польскай сталіцы? Аказваецца, што гэта жылы гмах, узьведзены ў 1960-я гады, які называецца «Пэкінам». Яго даўжыня складае ажно 1,5 км, хоць і не ў прамой лініі, бо гмах – гэта аб’яднаныя паміж сабой 22 жылыя будынкі. Прычым дом разьмешчаны ажно на чатырох вуліцах. Яго агульная плошча – 88 тыс. квадратных мэтраў. Пражывае ў «Пэкіне» 7 тыс. чалавек (дарэчы, менавіта з-за колькасьці жыхароў зьявілася назва аб’екта), а разьмешчаны ён у мікрараёне «Прага-Поўдзень».

унізе: Варшаўскі будынак "Пэкін", commons.wikimedia.org/Tadeusz Rudzki

/

Памылкова лічыцца, што найдаўжэйшы ў Варшаве будынак – гэта гмах, які называюць «Таксай» і які разьмешчаны ў мікрараёне «Прага-Поўнач». Дарэчы, згаданы дом знаходзіцца каля самага вакзала «Варшава Ўсходняя», так што пры жаданьні яго можна ўбачыць, выйшаўшы з будынку вакзала з боку Кіеўскай вуліцы. «Такса» мае 508 мэтраў даўжыні, і ён сапраўды найдаўжэйшы ў сталіцы, але – так бы мовіць – у катэгорыі будынкаў у прамой лініі. Дом быў пабудаваны ў 1970-я гады. Ён складаецца з 43-х лесьвічных клетак, у ім пражываюць 1200 чалавек.

Ну а найвышэйшым варшаўскім будынкам, зразумела, зьяўляецца Палац культуры й навукі – падарунак савецкага народа народу польскаму, узьведзены ў 1955 годзе. Дарэчы, пры яго будаўніцтве працавалі 3500 савецкіх будаўнікоў, прычым каля 20 чалавек загінулі падчас працы. Палац пабудаваны з выкарыстаньнем вельмі дарагіх і рэдкіх матэрыялаў, напрыклад, мармур везьлі ажно з Урала. І так, вышыня Палацу складае 237 мэтраў разам са шпілем. Будынак мае 44 паверхі, яго агульная плошча – 123 тыс. квадратных мэтраў. Дарэчы, неўзабаве Палац культуры й навукі страціць пазыцыю лідара па вышыні, бо ў Варшаве ўжо пачалося будаўніцтва офіснага цэнтра, які будзе вышэйшым за вядомы сталічны аб’ект.

Ulf
Ulf Liljankoski/flickr.com

А вось найвышэйшы жылы будынак разьмешчаны ў цэнтры сталіцы на Залатой вуліцы (ulica Złota). Яго вышыня – 192 мэтры. Дом мае 52 паверхі, а яго аўтар – вядомы амрыканскі архітэктар Даніэль Лібэскінд. Жылая плошча будынку – больш за 72 тыс. квадратных мэтры. Кватэры ў згаданым гмаху каштавалі сотні тысяч даляраў. Цікавы факт: варшаўскі дом на Залатой вуліцы – адзін з вышэйшых жылых будынакаў у Эўразьвязе.


А найстарэйшы варшаўскі хмарачос быў пабудаваны ў 1908 годзе: яшчэ ў царскія часы! Праўда, ён ня вельмі высокі (51,5 м), але мае вельмі багатую гісторыю й архітэктуру. Гмах узьвялі ў якасьці штаб- кватэры Польскага тэлефоннага акцыянэрнага таварыства. Падчас Другой сусьветнай вайны будынак быў сур’ёзна пашкоджаны, але пазьней рэканструяваны.
вс


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт