Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу: Балтыйская каса (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 05.02.2016 18:30
  • Балтыйская каса.mp3
У мясцовасьці Крыніца Морска існуе адзін з найдаўжэйшых у Польшчы грамадзкіх пляжаў працягласьцю амаль 2 км.
Балтыйская каса й Балтыйскі заліўБалтыйская каса й Балтыйскі заліўcommons.wikimedia.org/Public Domain

Сёньня, сябры, у рубрыцы «Запрашаем у Польшчу» накіруемся на ўзьбярэжжа Балтыйскага мора й наведаем вельмі прыгожае месца. Гэта Балтыйская каса – на польскай мове называецца Вісьлінскай касой. Гэта вузкая паласа сушы, якая аддзяляе Калінінградзкі заліў (па-польску Вісьлінскі заліў) ад асноўнай часткі Балтыйскага мора. Працягласьць касы – 65 км, зь якіх 30 км – гэта польская тэрыторыя, а астатняя – расейская. Шырыня Балтыйскай касы вагаецца ад 300 м у найвузейшым месцы да 9 км у найшырэйшым. Каса пакрытая пясчанымі пляжамі ды часткова залесенымі выдмамі. З мацерыком каса спалучаецца праз тэрыторыю Польшчы, з расейскага боку аддзеленая ад мацерыка Балтыйскім пралівам на ўзроўні горада Балтыйск.

Да 1945 года каса ўваходзіла ў склад германскай правінцыі Ўсходняя Прусія.
З польскага боку Балтыйская каса – гэта папулярнае сярод турыстаў месца. Тут разьмешчаныя тры найбольш вядомыя мясцовасьці: Конты Рыбацке (Kąty Rybackie), Крыніца Морска (Krynica Morska) ды Пяскі (Piaski).

Пляж
Пляж у мясцовасьці Крыніца Морска

Найбольш вядомым і папулярным курортам зьяўляецца Крыніца Морска – надзвычай папулярнае месца летняга адпачынку сярод палякаў. Дарэчы, у 1945-1958 гадах гарадок называўся Лысіца (Łysica). Крыніца знаходзіцца прыкладна ў палове касы. У мясцовасьці існуюць вельмі добрыя ўмовы для летняга адпачынку турыстаў: пачынаючы ад гатэльнай базы й завяршаючы пунктамі харчаваньня. Цікавы факт: у мясцовасьці існуе адзін з найбольшых у Польшчы грамадзкіх пляжаў, даўжыня якога – амаль 2 км.

Дарэчы, пра Крыніцу Морску ў рубрыцы «Запрашаем у Польшчу» мы апавядалі некалькі гадоў таму. У гарадку працуе невялічкі марскі порт, зь якога ў летнім сэзоне ходзяць прагулачныя судны ў польскія гарады Талькміцка (Tolkmicko), Эльблёнг (Elbląg) ды Фромбарк (Frombork). Чарговы цікавы факт: зь гісторыяй Фромбарка зьвязанае прозьвішча Мікалая Каперніка, які жыў, працаваў, памёр і быў пахаваны ў гэтым гарадку.

Але вернемся да Балтыйскай касы. Тут існуюць чатыры прыродныя заказьнікі, таму што прырода гэтай тэрыторыі ўнікальная. І таму эколягі пратэстуюць супраць плянаў пабудаваць суднаходны канал.

Нейкі час таму зьявілася ідэя на Балтыйскай касе пабудаваць суднаходны канал з Балтыйскага заліва ў Балтыйскае мора для палягчэньня доступу ў порт Эльблёнг, які знаходзіцца ў глыбіні заліва, абмінаючы водны шлях праз расейскі Балтыйск. Прычым пляны крытыкуюць ня толькі эколягі, але й эканамісты, бо, паводле іх, праект можа зьнішчыць турыстычную прывабнасьць касы, і няма 100-працэнтнай упэўненасьці ў тым, што канал дапаможа ў разьвіцьці порту ў горадзе Эльблёнг.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт