Logo Polskiego Radia
Print

Міты і праўда пра выпальваньне травы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 21.04.2017 13:46
  • трава.mp3
Асобы, якія выпальваюць траву перакананыя, што гэта паўплывае на якасьць глебы.
pixabay.com

Адной з вялікіх веснавых праблем зьяўляецца такая зьява як выпальваньне травы.

Асобы, якія выпальваюць траву перакананыя, што гэта паўплывае на якасьць глебы. Гэта няпраўда. Выпальваньне травы ня толькі не паляпшае стан глебы, але найперш нэгатыўна ўплывае на навакольнае асяродзьдзе. Экспэрты адзначаюць, што глеба пасьля пажару становіцца няплоднай, а свае якасьці яна будзе аднаўляць не адзін дзясятак гадоў.

Пажар нішчыць гнёзды птушак, насякомых і іншых жывёл, якія жывуць на дадзенай тэрыторыі. Дым, які зьяўляецца наступствам выпальваньня травы, азначае тоны таксынаў у паветры. Могуць здарыцца выпадкі атручваньня дымам, што асабліва небясьпечна для людзей з хворым сэрцам або хворых астмай.

Вынікі такога пажару нельга прадбачыць. Большасьць ахвяр агню складаюць менавіта тыя, хто ўзбудзіў пажар – кажа прэс-сакратар польскай пажарнай службы Павал Фронтчак.

П. Фронтчак: З таго, што потым высьвятляе паліцыя, 94% такіх пажараў пачынаецца па віне чалавека. Чалавек не ў стане прадбачыць, як такі пажар будзе разьвівацца. Яму здаецца, што калі ён паліць траву на невялікім участку, то ён кантралюю сытуацыю. Чалавеку здаецца, што ён пасьпее патушыць пажар ці ўцячы ад яго. Але хопіць, каб памяняўся напрамак ці хуткасьць ветру, а чалавек ці зьвер не пасьпеюць уцячы. Фронт такога пажару, калі трава высокая, можа перамяшчацца з хуткасьцю да 60 км на гадзіну. Нават вельмі спартыўны чалавек не ў стане выратавацца. Таксама жывёла не ў стане выратавацца з такога пажару. У такіх выпадках агонь распаўсюджваецца вельмі хутка з увагі на вялікую колькасьць сухой травы. Вельмі часта загараюцца стагі сена й саломы, а таксама будынкі й лес.

Пажарныя службы Польшчы падкрэсьліваюць, што з году ў год расьце сьвядомасьць фэрмэраў у справе выпальваньня травы. Усё ж найбольш прамаўляе фінансавы аргумэнт. У Польшчы акрамя штрафу за выпальваньне травы пагражае пазбаўленьне даплат да фэрмэрскай дзейнасьці.

Калі да некага не пераконвае факт, што пажары забіраюць жыцьці людзей і жывёл, нішчаць навакольнае асяродзьдзе, то няхай ён падумае пра фінансавыя страты, якія тычацца ўсяго грамадзтва. Кожнае тушэньне пажару – гэта вялікі грашовы выдатак.

У Беларусі выпальваньне травы таксама забароненае. У адпаведнасьці з арт. 15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях прадугледжана адказнасьць за выпальваньне сухой расьліннасьці, траў на корані, а таксама ржышча й пажніўных рэшткаў на палях альбо за непрыняцьце мер па ліквідацыі выпальваньня.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт