Logo Polskiego Radia
Print

Эльблёнгска-Аструдзкі канал (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 27.05.2016 09:12
  • канал.mp3
Частку шляху судны праходзяць па вадзе, а частку - перавозяцца на цялежках па рэйках.
Эльблёнгска-Аструдзкі канал (Kanał Elbląsko-Ostródzki)Эльблёнгска-Аструдзкі канал (Kanał Elbląsko-Ostródzki)commons.wikimedia.org/Public Domain

Паважаныя радыёслухачы! Другая палова траўня ў нашым рэгіёне надзвычай сонечная й па-сапраўднаму летняя, і таму прапаную накіравацца на ваду, а дакладней – на адно з польскіх паазер’яў на паўночным-усходзе краіны. Мэта нашага падарожжа – ня толькі адпачынак: пры нагодзе мы пазнаёмімся з унікальнай інжынэрскай канструкцыяй, аналягаў якой няма ў сьвеце.

І так, сёньня наведаем Эльблёнгска-Аструдзкі канал (Kanał Elbląsko-Ostródzki), які спалучае Ілаўскае паазер’е зь Вісьлінскім залівам Балтыкі й які разьмешчаны паміж гарадамі Эльблёнг (Elbląg) і Аструда (Ostróda). Канал знаходзіцца ў межах Вармінска-Мазурскага ваяводзтва, якое славіцца найлепшымі й найпрыгажэйшымі паазер’ямі ў Польшчы.

/

Тэрыторыя, дзе разьмяшчаецца канал, адышла Польшчы ад Нямеччыны пасьля вайны.

Ідэя злучыць азёры (усяго іх налічваецца каля 9 тыс. у рэгіёне) зь Вісьлінскім залівам паўстала ў немцаў вельмі даўно. Але ў рэалізацыі праекту перашкаджала адна праблема: справа ў тым, што на адносна кароткім участку (каля 10 км) перапад вышыні складаў 99,5 м, і таму шлюзы будаваць было немагчыма. Мэта стварэньня каналу мела эканамічнае значэньне: водны шлях меў злучыць Усходнюю Прусію з Балтыкай.

/


Праект быў распрацаваны ў 1825 годзе прускім інжынэрам Якабам Георгам Стээнке (Georg Jakob Steenke) з Кёнігсбэрга.
Праект чакаў увасабленьня ў жыцьцё амаль 20 гадоў, бо яго ніхто ня браўся фінансаваць. Пасьля доўгіх прашэньняў інжынэру Стээнке ўдалося атрымаць аўдыенцыю ў караля, дзе ён і высунуў сваю ідэю. Манарх паставіўся да задумы халаднавата, але тым ня менш, да рэалізацыі праекта прыступілі ў 1848 году. Спачатку панізілі ўзровень азёр на прыкладна 2 м, капалі, насыпалі, будавалі шлюзы на азёрах, і канчатковыя працы былі завершаныя ў 1860 годзе.


Падчас Другой сусьветнай вайны канал быў разбураны, але ўжо ў 1947 годзе па канале прайшоў першы турыстычны параход.
У 20-м стагодзьдзі канал страціў гаспадарчае значэньне, але набыў іншае – турыстычнае. Даўжыня галоўнага русла канала складае 82 км. Існуе таксама некалькі адгалінаваньняў.

Самае незвычайнае месца канала, якое прынесла яму вядомасьць – гэта невялікі ўчастак (9,6 км) са значным перападам вышынь (каля 100 мэтраў). На гэтым участку пабудаваная сыстэма з пяці суднапад’ёмнікаў, якія перавозяць судны па сушы. Па прынцыпу працы суднапад’ёмнік нагадвае фунікулёр й зьяўляецца свайго роду суднавознай чыгункай: судна грузіцца на вялікую цялежку й па рэйках перавозіцца паміж адрэзкамі канала. Суднапад’ёмнікі дагэтуль прыводзяцца ў дзеяньне арыгінальнымі гідраўлічнымі мэханізмамі, якія захаваліся з часоў пабудовы канала. Таксама на канале ёсьць два шлюзы.

/


Канал прапускае невялікія судны водазьмяшчэньнем да 50 тон.
Пасажырскае суднаходства па канале ажыцьцяўляе Аструдзка-Эльблёнгскае параходзтва. Канал таксама адкрыты для прахода прыватных суднаў, яхтаў ды катэраў.

З 2012 да 2015 года канал быў закрыты, бо праводзілася грунтоўная рэканструкцыя воднага шляху, якая каштавала 115 млн злотых (каля 26 млн эўра). Палова фінансавых сродкаў паступіла з фондаў Эўразьвязу.

/


Іншага такога абʼекту ў сьвеце няма! Таму, сябры, рэкамэндуем вам наведаць Мазурска-Вармінскае паазерʼе, але перш за ўсё – Эльблёнгска-Аструдзкі канал.

Валеры Саўко

слухайце гукавы файле

фота (акрамя першага зьверху): Аструдзка-Эльблёнгскае параходзтва (Żegluga Ostródzko-Elbląska)

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт