Logo Polskiego Radia
Print

Сабакі пакутавалі ад раку яшчэ ў старажытным Эгіпце

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 28.07.2016 09:06
  • 28.07.16_навука.mp3
Адкрыцьцё было зроблена падчас археалягічных раскопак у старажытным порце Берэніс на Чырвоным моры у Эгіпце.
photo: pixabay.com/Creative Commons CC0

Сьляды адной з самых злаякасных і сьмяротных пухлін, якая забівае сучасных сабак, у Эгіпце выявілі польскія археолягі. Рак называецца остэасаркома. «Гэта найстарэйшая й адзіная знаходка такога тыпу», – зазначае адмысловец па архезаалёгіі д-р Марта Асыпіньска з Інстытута археалёгіі й этналёгіі ў Познані.

Адкрыцьцё было зроблена падчас археалягічных раскопак у старажытным порце Берэніс на Чырвоным моры у Эгіпце. Некалькі гадоў таму дасьледчыкі знайшлі могілкі хатніх любімцаў, датаваныя пачаткам нашай эры. Акрамя сабак, ляжаць там мартышкі, павіяны й коткі. Агулам на могілках знаходзіцца сто пахаваньняў, якія сьведчаць аб блізкіх адносінах паміж людзьмі і хатняй жывёлай ужо ў старажытнасьці.

Рэшткі сабакі, які пакутаваў ад рака, навукоўцы знайшлі загорнутыя ў мату з пальмавага лісьця, а затым пакрытыя разрэзанай на дзьве паловы амфарай з Кіпра. Менавіта гэтая амфара дапамагла археолягам дакладна ацаніць узрост пахаваньня на 70-ы год першага стагодзьдзя нашай эры.

Той факт, што жывёла пакутавала ад дадзенага віду рака, дэманструюць характэрныя пашкоджаньні вялікай галёначнай косьці і плечавой косьці.

Остэасаркома ў наш час зьяўляецца адной з самых злаякасных і сьмяротных пухлін, якія забіваюць сабак, – тлумачыць д-р Асыпіньска. Гэты від рака лічыцца генэтычным захворваньнем, а таксама можа зьявіцца ў выніку ўзьдзеяньня навакольнага асяродзьдзя.

Выяўленьне доказаў узьнікненьня остэасаркомы ў сабак, якія жылі нават дзьве тысячы гадоў назад, паказвае, што зьяўленьне гэтай хваробы нельга спалучаць з сучасным забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя, або зьмяшаньнем парод сабак, як мяркуюць некаторыя вучоныя.

Остэасаркома - гэта невылечная злаякасная пухліна. Яе клеткі хутка распаўсюджваюцца на ўвесь арганізм, выклікаючы мэтастазы ў лёгкіх і іншых органах.

«Мы спадзяемся, што адкрыцьцё сьлядоў хваробы ўжо ў выпадку сабакі, які жыў дзьве тысячы гадоў таму, будзе спрыяць прагрэсу ў вывучэньні гэтага тыпу рака й яго прычын», – зазначае д-р Асыпіньска.

Дасьледаваньні ў Берэнісе праводзяцца міжнароднай групай дасьледнікаў, якой кіруе вучоны ўнівэрсытэта Дэлавэр (ЗША) праф. Стывэн Сайдботам (Sidebotham) і польская вучоная Івона Зых (Zych) з Цэнтра міжземнаморскай археалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэта.

PAP/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт