Logo Polskiego Radia
Print

Летні адпачынак на Балтыцы: Карвія (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 22.07.2016 20:02
  • Карвія.mp3
Першыя пісьмовыя згадкі пра Карвію датуюцца 1274 годам, а зь гісторыяй мясцовасьці зьвязаныя многія легенды.
Die polnische Ostseeküste zieht immer mehr Touristen an. Die polnische Ostseeküste zieht immer mehr Touristen an. www.flickr.com/Marcin Bruniecki

Паважаныя радыёслухачы! Сёньня ў рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” накіруемся ў прыгожую й маляўнічую мясцовасьць, разьмешчаную на беразе Балтыйскага мора. Гэта вёска Карвія (Karwia) – папулярнае месца летняга адпачынку сярод палякаў. Карвія знаходзіцца каля гарадка Ўладыславова (Władysławowo) і нават некалі была яго часткай. Цяпер гэта асобная мясцовасьць, у якой пражывае каля 1 тыс. чалавек. Зразумела, у летні сэзон колькасьць людзей, якія прыбываюць у вёску, расьце ў разы.

Карвія, а таксама Ўладыславова, разьмешчаныя ў вельмі прыгожым месцы, дзе Хэльская каса – адно з папулярнейшых месцаў летняга адпачынку ў Польшчы – злучаецца з мацерыковай часткай. Дарэчы, мінімальная шырыня касы складае ўсяго 200 мэтраў.

commons.wikimedia.org/Henryk
commons.wikimedia.org/Henryk Bielamowicz/CC BY-SA 4.0

На днях у выпуску навін нашай радыёстанцыі менавіта згадвалася Карвія. Справа ў тым, што там адпачыньнікаў на пляжы разагнаў дзік, які раптоўна выплыў з мора. На шчасьце, некалькі чалавек атрымалі толькі пару царапін і шпіталізацыя не спатрэбілася. А дзік, папалохаўшы людзей, скрыўся ў лесе.

У Карвіі можна ня толькі адпачыць, але й пазнаёміцца зь мінулым: у мясцовасьці захавалася шмат будынкаў, узьведзеных да Другой сусьветнай вайны. У 7-і км ад вёскі знаходзіцца найбольш паўночны пункт Польшчы. У Карвіі дзейнічаюць два бясплатныя пляжы, даступныя для турыстаў і жыхароў.

commons.wikimedia.org/Henryk
commons.wikimedia.org/Henryk Bielamowicz/CC BY-SA 4.0

Першыя пісьмовыя згадкі пра Карвію датуюцца 1274 годам. Зь гісторыяй мясцовасьці зьвязаныя многія легенды. А вось адна зь іх: у 1462 годзе ў ваколіцах Карвіі адпачываў атрад польскіх ваяроў пад камандаваньнем Пятра Дуніна, які, дарэчы, пазьней стаў гетманам. Неспадзявана каля вёскі зьявіўся атрад крыжакоў. Пачалася бітва, падчас якой палякі пабілі тэўтонскіх рыцараў. Жыхары вёскі ў знак падзякі арганізавалі для ваяроў пачастунак, багата накрыўшы сталы.

У 1677 годзе кароль Ян ІІІ Сабескі вызваліў жыхароў Карвіі ад падатку за злоўленую рыбу.

У 1849 годзе ў вёсцы пражывала каля 200 чалавек, пераважна перасяленцаў з Галяндыі.

У міжваенны пэрыяд Карвія была ў складзе Польшчы. І тады ж мясцовасьць пачала разьвівацца як турыстычнае месца. А паколькі мора часта залівала мясцовасьць, то ў 1930-я гады было прынята рашэньне пабудаваць умацаваньне берагу даўжынёй каля 1 км. Умацаваньне ўзводзілася паводле галяндзкага праекту, бо, як вядома, Нідэрлянды маюць багатую гісторыю змаганьня з морам за зямлю. Дарэчы, з таго моманту й ажно па сёньняшні дзень умацаваньне выконвае сваю ролю, а мора й штормы перасталі Карвіі пагражаць.

Сёньня Карвія - гэта прыгожая мясцовасьць, у якой створаныя ўсе ўмовы для адпачынку. Запрашаем, сябры, на польскае Балтыйскае ўзьбярэжжа, у тым ліку і ў Карвію.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт