Logo Polskiego Radia
Print

Музэй курпаўскай вёскі пад адкрытым небам (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 19.08.2016 19:00
  • Kurpie.mp3
Курпы зьяўляюцца субэтнічнай групай мазаўшан, якія насяляюць тэрыторыю Мазовіі.

Паважаныя радыёслухачы! Сёньня ў рубрыцы «Запрашаем у Польшчу» накіруемся ў рэгіён Курпы, разьмешчаны ў цэнтральнай частцы краіны. Курпы зьяўляюцца субэтнічнай групай мазаўшан, якія насяляюць тэрыторыю Мазовіі – гістарычнай польскай вобласьці. У адміністрацыйным пляне рэгіён разьмяшчаецца ў Падляскім і Мазавецкім ваяводзтвах, паміж Белай і Зялёнай пушчамі.

/

У гарадку Навогруд (Nowogród) – па-беларуску таксама ўжываецца назва Ноўгарад – разьмешчаны музэй курпаўскай вёскі пад адкрытым небам. Дарэчы, Ноўгарад вельмі прыгожа раскінуўся на маляўнічым беразе ракі Нараў.

/

Установа была заснаваная ў 1927 годзе: гэта другі найстарэйшы музэй пад адкрытым небам у Польшчы. Ён быў адкрыты ў 1927 годзе Адамам Хэнтнікам (Adam Chętnik) – рэгіянальным дзеячам і этнографам, хоць прадметы, якія пазьней трапілі ў фонды музэя, ён пачаў зьбіраць ажно ў 1909 годзе. Дарэчы, музэй носіць яго імя.

Увогуле, гісторыя музэя цікавая, бо Адам Хэнтнік у 1919 годзе зьвярнуўся да ўладаў Ноўгараду з просьба выдзеліць зямельны ўчастак пад музэй. Гарадзкія ўлады адмовілі ў гэтым, і этнограф за свае грошы сам купіў надзел зямлі. У 1923 годзе на ўчастку быў пастаўлены першы аб’ект, а ў чэрвені 1927 года адбылося ўрачыстае адкрыцьцё музэйнай установы. Перад самым пачаткам Другой сусьветнай вайны музэйныя фонды налічвалі каля 10 тыс. экспанатаў. У выніку ваенных дзеяньняў музэй быў зьнішчаны цалкам, экспанаты таксама. Адроджаная ўстанова была ў 1958 годзе.

/

Галоўнае багацьце музэю – гэта будынкі. Музэйная ўстанова – гэта рэканструкцыя курпаўскай вёскі з аб’ектамі з 18-га, першай паловы 20-га стагодзьдзяў. На сёньняшні дзень налічваецца больш за 30 аб’ектаў. Гэта, у прыватнасьці, сялянскія хаты, прычым бяднейшых і багацейшых сялян; рознага роду гаспадарчыя пабудовы, кузьня, вадзяны млын, карчма, лесьнічоўка, вятрак ды драўляны памешчыцкі дом зь першай паловы 19-га стагодзьдзя.

/

Усе будынкі маюць арыгінальнае абсталяваньне ды мэблю, што дазваляе акунуцца ў атмасфэру тых гістарычных часоў.

/

У гаспадарчых будынках сабрана вялікая калекцыя побытавых ды сельскагаспадарчых прыладаў і тагачасных сродкаў транспарту.

Валеры Саўко

фота: www.facebook.com/skansenkurpiowski.wnowogrodzie


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт