Logo Polskiego Radia
Print

Невядомая Польшча: крэпасьць «Асавец» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.08.2016 09:11
  • Osowiec.mp3
У крэпасьці дзевяць гадоў пражыў салдат, які ня ведаў пра завяршэньне вайны й распад імпэрыі.

Сёньня ў рубрыцы «Запрашаем у Польшчу» пабываем у крэпасьці «Асавец» (Twierdza Osowiec). Гэты гістарычны аб’ект знаходзіцца ў 50 км ад Беластока і ў мінулым быў расейскай апорнай крэпасьцю.

Крэпасьць была пабудаваная з мэтай абароны калідора паміж рэкамі Нёман і Вісла-Нараў-Буг, празь які праходзілі важныя чыгуначныя лініі Пецярбург-Бэрлін, Пецярбург-Вена й Беласток-Кёнінгсбэрг. Месца будаўніцтва было выбранае так, каб перакрыць асноўныя магістральныя напрамкі на ўсход. Прычым абысьці крэпасьць было немагчыма, паколькі на поўначы й поўдні ад яе знаходзілася балоціста-азёрная мясцовасьць.

/

Крэпасьць вядомая тым, што падчас Першай сусьветнай вайны яна вытрымала аблогу працягласьцю 6,5 месяца й так і не была ўзятая. Нямецкія войскі прадпрымалі спробу яе ўзяць тройчы, у тым ліку з дапамогай хімічнай зброі. Расейская армія крэпасьць не здала, а адступіла па загадзе камандаваньня толькі тады, калі стратэгічная мэтазгоднасьць далейшай абароны адпала.

Першыя абарончыя ўмацаваньні на месцы сёньняшняй крэпасьці пачалі ўзводзіцца ў 1795 годзе. А вось будаўніцтва крэпасьці як такой пачалося ў 1873 годзе й працягвалася практычна да 1914-га – да пачатку Першай сусьветнай вайны. На пачатку ХХ-га стагодзьдзя гэта была адна з найбольш дасканалых крэпасьцей у сьвеце, дзе знаходзілася найсучасьнейшае ўзбраеньне.

/

Крэпасьць узводзілася пад кіраўніцтвам і наглядам вядомых расейскіх ваенных інжынэраў. Агулам былі пабудаваныя чатыры форты. Чацьвёрты форт быў першым і адзіным фортам у Расейскай Імпэрыі, пабудаваным цалкам зь літага бэтону.

У мірны час гарнізон крэпасьці складаўся з аднаго пяхотнага палка, двух артылерыйскіх батальёнаў, сапёрнага падразьдзяленьня й падразьдзяленьняў забесьпячэньня. На ўзбраеньні гарнізона было 200 гарматаў розных калібраў. Пяхота крэпасьці была ўзброеная, у прыватнасьці, вінтоўкамі, ручнымі кулямётамі сыстэмы Мадсэна, а таксама станковымі кулямётамі сыстэмы Максіма. На тэрыторыі крэпасьці разьмяшчаліся казармы, склады боепрыпасаў і гарнізонная царква.

Падчас Першай сусьветнай вайны нямецкія войскі прадпрымалі некалькі спроб здабыць крэпасьць, аднак гэта ім не ўдалося. Немцы правялі нават газавую атаку. Расейцы ў крэпасьці ня мелі процівагазаў, у выніку іх шмат загінула, але немцам так і не ўдалося ўзяць крэпасьці «Асавец».

У міжваенны пэрыяд крэпасьць выкарыстоўвалася Войскам Польскім. Падчас нападу гітлераўскай Нямеччыны Вэрмахт не штурмаваў крэпасьць «Асавец», а абышоў яе. Дзякуючы гэтаму, два форты захаваліся да сёньняшніх дзён і выкарыстоўваюцца як турыстычныя месцы. Іншыя два форты таксама існуюць, аднак знаходзяцца ў разбураным стане.

Крэпасьць «Асавец» – адна з буйнейшых у Польшчы зімовак кажаноў.

/

Дарэчы, ёсьць цікавая гісторыя, датычная згаданай крэпасьці. У 1924 годзе эўрапейскія газэты пісалі пра пэўнага расейскага салдата, імя якога засталося невядомым. Ён быў знойдзены польскімі ўладамі ў крэпасьці «Асавец».

Як аказалася, пры адступленьні ў 1915 годзе сапёры накіраванымі выбухамі засыпалі падземныя склады крэпасьці з амуніцыяй і харчаваньнем. Калі праз дзевяць гадоў польскія афіцэры спусьціліся ў сутарэньні, зь цемры па-расейску пачулі: «Стой! Хто ідзе?». Салдат здаўся толькі пасьля таго, як яму патлумачылі, што той краіны, якой ён служыў, ужо даўно няма. Цягам дзевяці гадоў салдат харчаваўся тушонкай і згушчонкай, ня страціўшы пры гэтым рахунку часу й прыстасаваўшыся да існаваньня ў цемры.

Пасьля таго, як яго вывелі, ён страціў зрок ад сонечнага сьвятла й быў зьмешчаны ў бальніцу, пасьля чаго перададзены савецкім уладам. На гэтым яго сьлед у гісторыі губляецца.

Валеры Саўко

фота: www.monki.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт