Logo Polskiego Radia
Print

Палякі працуюць больш за іншых

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.08.2016 12:03
Многія экспэрты бачаць прычыны доўгай працы палякаў у меншай эфэктыўнасьці іх дзейнасьці.
flickr.com/Marjan Lazarevski

Паводле статыстыкі, палякі працуюць больш за 42 гадзіны ў тыдзень. Аднак многія жыхары краіны застаюцца на працы яшчэ даўжэй. У табліцах гэтага ня бачна, паколькі яны працуюць на часовых кантрактах, гарбацяцца на працы па 60 гадзін і болей – піша выданьне «Do Rzeczy».

Некалькі тыдняў таму СМІ пісалі пра 44-гадовую доктарку, якая памерла падчас дзяжурства ў шпіталі. Прадстаўнік бальніцы прызнаў, што яна працавала чацьвёртыя суткі запар. Многія экспэрты бачаць прычыны доўгай працы палякаў у іх ніжэйшай эфэктыўнасьці, чым супрацоўнікаў на Захадзе Эўропы ці ЗША. Тым ня менш, эканаміст Анджэй Садоўскі мяркуе, што віну трэба шукаць па баку наймальнікаў, а не працаўнікоў. Палякі працуюць ня менш эфэктыўна, чым брытанцы ці іншыя эўрапейцы. Гэта пытаньне кіраваньня прадпрыемствам і арганізацыі месца працы. Палякі выконваюць на працы мноства непатрэбных рухаў, якіх патрабуюць ад іх дзяржаўныя бюракратычныя працэдуры.

Многія палякі працуюць таксама ў больш чым адным месцы. Польскае грамадзтва спрабуе дагнаць заходнія дзяржавы. Палякі жывуць па стандартах Эўропы, а зарабляюць менш, чым на Захадзе. Таму многія людзі гатовыя ў свабодным часе браць на сябе дадатковыя халтуры.

Палякі лічаць сябе кемлівымі і знаходлівымі людзьмі. І сапраўды, многім даволі доўга ўдаецца працаваць па 60 гадзін у тыдзень або на трох стаўках. Такая кемлівасьць каштуе аднак шмат энэргіі. У выніку многія людзі ўжо ў палове прафэсійнай кар’еры ператомленыя, паяўляецца расчараваньне, ці працоўная дзейнасьць агулам мае сэнс.

Do Rzeczy/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт