Logo Polskiego Radia
Print

Землятрус як інфаркт

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.08.2016 16:14
Сэйсмолягі як і кардыёлягі ня могуць прадугледзець, калі пачнецца...
photo: www.pixabay.com

Верхняя частка Зямлі нагадвае вясеньнюю крыгу на рацэ. Літасфэрныя пліты, якія пакрываюць нашу плянэту, пастаянна перамяшчаюцца і сутыкаюцца адна з адной. У выніку кантынэнтальнага дрыфту ўтвараюцца горы, а таксама ўзьнікаюць землятрусы. Напрыклад, такія, як апошні ў Італіі магутнасьцю ў 5 балаў па шкале Рыхтэра.

Землятрусы на нашай плянэце непазьбежныя, – адзначае геафізык прафэсар Войцех Дэмбскі (Wojciech Dębski).

В.Дэмбскі: Эўропа разьмешчана на літасфэрнай Эўраазіяцкай пліце. Гэта агромністая пліта, расьцягнутая ад Амура па сярэдзіну Атлянтычнага акіяна, амаль ад Паўночнага полюса да Міжземнага мора. На Эўраазіяцкую пліту націскае Афрыканская пліта, якая перамяшчаецца ў паўночна-заходнім напрамку па 1,5 сантымэтра за год. І гэты рух Афрыканскай пліты з аднаго боку выносіць Альпы, з іншага - уздымае Карпаты і выклікае сэйсьмічнасьць поўдня Эўропы.

Ці сэйсмолягі могуць такім чынам назіраць за тым, што адбываецца пад паверхняй нашай плянэты, каб дакладна прадугледзець землятрус? Прафэсар Бэата Арлецка-Сікора (Orlecka-Sikora) з Інстытуту геафізыкі Польскай акадэміі навук мяркуе, што гэта немагчыма.

Б.Арлецка-Сікора: Сёньняшні стан ведаў не дазваляе сэйсмолягам прадугледзець землятрус, аднак мы можам праводзіць дасьледаваньні, якія дазваляюць прадказаць магутнасьць вібрацыі зямлі пасьля землятрусу. Аднак гэта магчыма пры ўмове, што наступны землятрус будзе дакладна такі, як у мінулым. Гэта так званы аналіз сэйсьмічнага азарту. Вынікі гэтага аналізу выкарыстоўваюцца, між іншым, інжынерамі будаўніцтва для забесьпячэньня будынкаў, узьведзеных на сэйсьмічнай тэрыторыі, каб яны вытрымалі дадзеную магутнасьць дрыжэньня зямлі.

Вучоныя імкнуцца як мага лепш вывучыць прыроду землятрусаў. У Эўропе ажыцьцяўляецца буйны праект «European play and Observing system», у якім актыўны ўдзел прымаюць польскія навукоўцы. Задача праекту: аб'яднаць інфраструктуру й павялічыць эфэктыўнасьць навуковых дасьледаваньняў з галоўным націскам на вульканалёгію й сэйсмалёгію, а таксама землятрусы, выкліканыя дзейнасьцю чалавека. А якія прыкметы прадказваюць набліжэньне землятрусу?

Б.Арлецка-Сікора: Часам можна ўбачыць гэтак званыя папярэднікі, аднак многія землятрусы пачынаюцца бяз іх. Але бывае і так, што ёсьць папярэднікі а страсеньняў няма. Папярэднікі зьвязаныя з напружаньнем зямной кары і гэта, напрыклад, можа быць павялічаная колькасьць слабых землятрусаў. Тады гаворыцца пра павышаную сэйсьмічную актыўнасьць рэгіёну. Могуць таксама зьявіцца парушэньні ўзроўню грунтовых вод, расколіны на паверхні зямлі, часам, калі вядзецца назіраньне ўзроўню газаў, можа павялічыцца выкід радону, але гэта адносіцца да вялікіх зон разломаў. Часам на нейкі разлад паказваюць магнітныя прылады.

Цікава, ці сэйсмолягі супрацоўнічаюць таксама з вучонымі іншых галін, напрыклад, з біёлягамі, арнітолягамі? Гавораць, што некаторыя жывёлы прадчуваюць надыход землятрусу? Ці гэта праўда?

Б.Арлецка-Сікора: Мне цяжка сказаць, таму што ў мяне няма такога вопыту. Але мы ведаем навуковыя публікацыі, якія пацьвярджаюць рэакцыю жывёл. Мы займаемся чыста геалягічнымі дасьледаваньнямі.

Калі дасьледчыкі дакладна вывучаць пэўны сэйсьмічны рэгіён, то хто карыстаецца гэтымі ведамі і што далей зь імі адбываецца?

Б.Арлецка-Сікора: Польшча не зьяўляецца сэйсьмічнай краінай, але гэта не азначае, што ў нас не назіраюцца землятрусы. Гэтыя зьявы не паўстаюць у выніку сутыкненьня літасфэрных пліт. Гэта сэйсьмічныя страсеньні, выкліканыя дзейнасьцю чалавека, напрыклад, эксплёатацыяй вугалю, запампоўваньнем вады ў штучныя вадасховішчы. Калі да нас паступае інфармацыя, што такая дзейнасьць вядзецца на дадзенай тэрыторыі, мы ўстанаўліваем там нашы вымяральныя станцыі, назіраем і на падставе сэйсьмічнай актыўнасьці ацэньваем магчымую сэйсьмічную пагрозу. Вынікі абмяркоўваюцца разам з фірмай, якая вядзе на дадзенай тэрыторыі тэхналягічную актыўнасьць. Мы імкнёмся да таго, каб тэхналягічны працэс улічваў магчымыя страсеньні. Мы супрацоўнічаем, між іншым, з горназдабыўной фірмай KGHM. Фірма такім чынам вядзе работы, каб панізіць пагрозу.

Чалавек, на жаль, пастаянна прайграе са стыхійнымі бедствамі. Нягледзячы на веды й тэхнічныя магчымасьці дасьледаваньняў, надалей немагчыма прадугледзець, калі і дзе адбудзецца землятрус.

Прафэсар Бэата Арлецка-Сікора з Польскай акадэміі навук параўноўвае працу сэйсмолягаў з працай кардыёляга. У адным і другім выпадку ёсьць дыягназ «хваробы», аднак ніколі невядома, калі можа здарыцца інсульт або землятрус і зь якімі наступствамі.

яс/PR1

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт