Logo Polskiego Radia
Print

Як Станіслаў Ляшчынскі стаў каралём Рэчы Паспалітай

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.09.2016 08:16
  • 24.09.1706_лісток.mp3
У выніку вайны са Швэцыяй трон страціў Аўгуст ІІ Моцны.
Кароль Станіслаў Аўгуст ПанятоўскіКароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскіcommons.wikimedia.org/By Ádám Mányoki (lub jego krąg) - www.mnw.art.pl, Domena publiczna

24 верасьня 1706 году быў заключаны Альтранштадзкі мірны дагавор, па якому каралём Польшчы стаў Станіслаў Ляшчынскі.

Гэты дагавор стаўся вынікам паражэньня Рэчы Паспалітай у вайне са Швэцыяй, якую распачаў тагачасны кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ Моцны.

Асноўнай прычынай вайны было жаданьне Аўгуста ІІ, які адначасова быў курфюрстам Саксоніі, пашырыць тэрытарыяльныя ўплывы за кошт Швэцыі, якая панавала на Балтыйскім моры.

Перамога над Швэцыяй таксама дала б магчымасьць каралю ўзмацніць сваю пазыцыю ў Рэчы Паспалітай, дзе шляхта была незадаволеная ягоным жаданьнем усталяваць моцную каралеўскую ўладу.

Дзеля гэтага Аўгуст ІІ ініцыяваў стварэньне так званага «Паўночнага саюзу» (1699 год), у які ўвайшлі: Рэч Паспалітая, Саксонія, Данія й Расея. Тым ня менш, таленавіты кароль Швэцыі Карл ХІІ вельмі хутка разьбіў саюзьнікаў.

У 1700 годзе з саюзу выйшла Данія, у тым жа годзе войскі Пятра І былі цалкам разьбітыя пад Нарвай, а ў 1702 годзе Карл ХІІ увайшоў на тэрыторыю Каралеўства Польскага й Рэчы Паспалітай. У 1704 годзе была захоплена Варшава.

У выніку вайсковай катастрофы частка шляхты Рэчы Паспалітай аб’явіла пра пазбаўленьне трону Аўгуста ІІ і прызначыла каралём Станіслава Ляшчынскага, які заключыў мір са Швэцыяй.

У сваю чаргу шляхта, якая заставалася ляяльнай Аўгусту ІІ (Сандамірская канфэдэрацыя) не прызнала Ляшчынскага каралём. У гэтых умовах Аўгуст заключыў вайсковы саюз з рускім царом Пятром І - Нарвянскую дамову, якая дазваляла рускім войскам дзейнічаць на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, галоўным чынам на землях сучаснай Беларусі, што прынесла агромістыя страты й цалкам падарвала эканоміку Вялікага Княства Літоўскага.

Наяўнасьць двух каралёў прывяла да грамадзянскай вайны ў Рэчы Паспалітай. Напрыклад, шляхта Рэчы Паспалітай змагалася па баку швэдаў і па баку саксонска-рускіх саюзьнікаў у бітве пад Калішам.

Вайсковы дагавор з Пятром не ўратаваў Аўгуста ІІ. Карл ХІІ у некалькіх бітвах разьбіў рускія войскі і ўвайшоў у Саксонію.

У выніку быў падпісаны Альтранштадзкі мірны дагавор, паводле якога Аўгуст ІІ адмаўляўся ад кароны Рэчы Паспалітай.

Ляшчынскі заставаўся каралём Рэчы Паспалітай да 1709 году. Пасьля паразы швэдаў у бітве пад Палтавай, Аўгуст ІІ змог вярнуць пры дапамозе рускіх войскаў карону Рэчы Паспалітай.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт