Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.10.2016 16:09
  • элькана.mp3
Фрыдэрыка Элькана сьпявае песьню Агнешкі Асецкай, як ваўкі ганяюцца за авечкамі, а хлопцы за бабамі.
www.pixabay.com

У музычнай перадачы мы сёньня перанясемся ў далёкія 60-ыя гады мінулага стагодзьдзя. Я хачу вам прадставіць выканаўцу, якая ўжо парктычна забытая ў Польшчы, але можна яшчэ знайсьці яе песьні, у тым ліку ў Інтэрнэце.

Гаворка ідзе пра Фрыдэрыку Элькану (Fryderyka Elkana, сапраўднае прозьвішча Юдкоўска (Judkowska). Нарадзілася ў былым Савецкім Саюзе ў мясцовасьці Ачыньск (цяпер Краснаярскі край Расеі). Закончыла ў Варшаве музычную школу па клясе сьпеву. Дэбютавала на сцэне ў 1961 годзе ў студэнцкім калектыве, які дзейнічаў пры клюбе Стадола. Празь некалькі гадоў пасьля гэтага выехала ў Францыю, дзе выступала між іншым у парыскай Алімпіі, запісала кампакт-дыск на францускай мове. Давала канцэрты ў іншых краінах, у прыватнасьці, Бэльгіі, Баўгарыі, Румыніі, СССР. У 1969 годзе імігравала ў Швэцыю, дзе, на жаль, перастала выступаць на сцэне. А Польшчу наведала толькі ў 2002 годзе.

Так што нічога дзіўнага, што палякі пра яе забылі: як кажуць, што з вачэй, тое і з сэрца.

А вам прапаную сёньня песьню Фрыдэрыкі Эльканы, словы да якой напісала славутая польская паэтка Агнешка Асецка. Пра Асецкую ў Польшчы не забываюць, яна была аўтаркай каля дзьвюх тысяч вершаў, вельмі многія зоркі польскай эстрады сьпявалі і сьпяваюць яе кампазыцыі, шмат з іх сталі вялікімі хітамі. А вось гэтая песьня, якая называецца «Ганяюцца ваўкі за авечкамі», была паўзабытая. І варта яе прыгадаць.

Gonią wilki za owcami,
a chłopaki za babami,
a dziewczyny za zamęściem,
a złodzieje to za szczęściem.
Dobry Pan Bóg świat wystrugał
z drewieneczka najtwardszego.
Czy się udał, czy nie udał,
nie pytajcie, nie wiem tego.
Gonią wilki za owcami.
Zrobił Pan Bóg ziemi grudę
i zimowe ptaki chude,
zrobił mrówki z mrówczętami,
Odrę, Nysę z dopływami.
Gonią wilki za owcami.
Po dziewiątej jest godzinie,
siedzi Pan Bóg na kominie,
patrzy wkoło, myśli sobie:
"Z czego ja tu szczęście zrobię?"
Gonią wilki za owcami.
Zaczął Pan Bóg szczęście lepić
z lustereczka maluśkiego.
Jedno tylko dostał w sklepie,
nie wystarczy dla każdego.
Gonią wilki za owcami.
Ten ma szczęście, kto ukradnie,
bo za mało w świecie tego,
czy to ładnie, czy nieładnie,
spytaj lustereczka swego.

Ганяюцца ваўкі за авечкамі, а хлопцы за бабамі, а дзяўчыны за шлюбам, а злодзеі за шчасьцем.

Добры пан Бог выстругаў сьвет з самага цьвёрдага бервянца. Ці ён удаўся, ці не ўдаўся – не пытайце, я гэтага ня ведаю.

Ганяюцца ваўкі за авечкамі. Зрабіў Пан Бог ком зямлі і худых зімовых птушак, зрабіў мурашоў з мурашачкамі, Одэр, Нысу з прытокамі.

Ганяюцца ваўкі за авечкамі. Ужо пасьля дзевятай гадзіны, сядзіць Пан Бог на коміне, глядзіць навокал, думае: «З чаго ж я тут зраблю шчасьце?». Ганяюцца ваўкі за авечкамі.

Пачаў пан Бог шчасьце ляпіць з маленькага люстэрачка. Адно толькі атрымаў у краме, ня хопіць для кожнага.

Ганяюцца ваўкі за авечкамі. Той толькі мае шчасьце, хто ўкрадзе, бо надта мала гэтага на сьвеце, ці гэта прыгожа, ці непрыгожа, спытай у свайго люстэрачка.

Такая вось жартаўлівая песьня пра тое, як Бог ствараў сьвет, і што з гэтага выйшла – ваўкі ганяюцца за авечкамі, а мужыкі за бабамі. Давайце пашукаем іншых цікавых рэчаў у гэтым тэксьце.

Gonią wilki za owcami – гоняцца ваўкі за авечкамі. Дзеяслоў gonić падобны да беларускага гнацца, але на польскай мове ён не зваротны, як на беларускай. І яшчэ па-польску гаворым gonić kogo, а не гнацца за кімсьці. Ёсьць яшчэ выраз uganiać się, калі хтосьці чымсьці вельмі цікавіцца, і якраз гэтае слова больш падыходзіў, калі гаворка ідзе пра хлопцаў і дзеўчын – gonią chłopaki za babami (uganiają się chłopaki za babami). Іншыя прыклады:

Ochroniarz przez całe podwórko gonił psa, który ukradł kawał mięsa – Ахоўнік гнаўся праз цэлы панадворак сабаку, які скраў кавалак мяса (або гнаў сабаку, калі хацеў яго толькі прагнаць, а не злавіць).

Weź się lepiej za naukę zamiast uganiać się za chłopakami – Ты лепш вазьміся за вучобу, замест таго, каб ганяцца за хлопцамі.

Zamęście – гэта састарэлы выраз, цяпер па-польску гаворыцца zamążpójście (гэта шлюб, сытуацыя, калі жанчына выходзіць замуж).

Mrówki z mrówczętami – мурашкі з мурашачкамі. Тут я хачу зьвярнуць увагу на багацьце мову Агнешкі Асецкай, аўтаркі тэксту. Слова mrówczęta – гэта нэалягізм, на маю думку. Створаны самой Асецкай, па аналёгіі з іншымі выразамі, якія заканчваюцца падобным канчаткам (zwierzęta, dziewczęta, bydlęta) – акрэсьліваюць гэтыя словы прадстаўнікоў маладога пакаленьня.

Patrzy wkoło – глядзіць навокал. Тут слова wkoło пішацца разам, але можна таксама напісаць яго так, каб былі два выразы, калі хтосьці глядзіць не навокал, а ў нейкае кола. І тады напісана разам.

Z lustereczka maluśkiego – з люстэрачка маленечкага. Іншаземцам, якія размаўляюць, скажам, на мовах германскай групы, цяжка зразумець усе магчымасьці ствараць памяншальныя формы ў польскай, але таксама і ў беларускай мовах. Вось прыклад – слова mały, ад яго можна стварыць нямала памяншальных формаў – malutki, maleńki, maluśki, maluteńki. Багацьце нашых славянскіх моваў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт