Logo Polskiego Radia
Print

Польскія ВНУ шукаюць магчымасьці супрацы зь Беларусьсю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.11.2016 14:05
  • адукацыя.mp3
Двайны дыплём дасьць магчымасьць беларусам працаваць як у Беларусі, так і Польшчы або іншай краіне ЭЗ.
pixabay.com/CC0

Беларускі і польскі народы доўгія гады на працягу гісторыі стваралі адзін дзяржаўны арганізм. Цяпер яны апынуліся практычна ў розных палітычных сыстэмах – Беларусі бліжэй да Расеі, Польшчы – да Заходняй Эўропы. Кантакты на вышэйшым узроўні апошнім часам актывізаваліся, але далей яны даволі асьцярожныя і нешматлікія. Затое на ніжэйшым узроўні супрацоўніцтва разьвіваецца на многа больш інтэнсіўна, у тым ліку ў галіне адукацыі.

У прыватнасьці, магчымасьці супрацоўнічаць шукаюць вышэйшыя навучальныя ўстановы. Напрыклад, Эўрапейская Вышэйшая Школа Права й Адміністрацыі вядзе перамовы аб супрацоўніцтве з гарадзенскімі ВНУ і ўстановамі зь Віцебска.

Больш падрабязна пра ідэю супрацоўніцтва зь беларускімі ВНУ распавядае Катажына Заёнц, канцлер прыватнай навучальнай установы, якая знаходзіцца ў Варшаве.

К. Заёнц: Мы вядзем перамовы аб супрацоўніцтве з многімі беларускімі навучальнымі ўстановамі, як прыватнымі, так і дзяржаўнымі. У лістападзе мы прымалі дэлегацыю з Гарадзенскага каледжу бізнэсу і права, зьвязанага з Інстытутам права. Мы падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве з інстытутам, якое будзе заключацца ў наладжваньні сумесных дасьледчых праектаў, арганізацыі навуковых канфэрэнцый, абмене выкладчыкамі, абмене досьведам у мэтадалёгіі навучаньня. Перш за ўсё мы імкнёмся да таго, каб гэтае супрацоўніцтва дазволіла нам разьвіваць сумесныя дыдактычныя праграмы, якія далі б магчымасьць студэнтам атрымліваць двайныя дыплёмы.

Беларусь падпісала пагадненьне аб далучэньні да Балёнскага працэсу, які ўніфікуе сыстэмы навучаньня ў розных краінах Эўропы, але пакуль што дыплём вышэйшай навучальнай установы Беларусі не прызнаецца ў Польшчы. І таму двайны дыплём дасьць магчымасьць працаваць як у Беларусі, так і Польшчы або іншай краіне ЭЗ.

К. Заёнц: Кандыдат у студэнты зь Беларусі можа паступіць у польскую ВНУ са сваім атэстатам сталасьці, але дыплёмы беларускіх вышэйшых устаноў у нас не прызнаюцца, паколькі гэты працэс яшчэ не завершаны. І таму ў нас узьнікла ідэя, каб беларускі студэнт мог атрымаць другі дыплём – установы з краіны ЭЗ. Гэта дало б яму магчымасьць разьвіваць міжнародную кар’еру.

Хто мог бы зацікавіцца навучаньнем паралельна ў беларускай ВНУ і Эўрапейскай Вышэйшай Школе Права і Адміністрацыі? Ці гэта прапанова для тых, хто плянуе працаваць ва ўстановах Эўрапейскага Зьвязу, ці фірмах, якія супрацоўнічаюць з Польшчай?

К. Заёнц: Наша праграма, акрамя тэматыкі, прысьвечанай польскай юрыдычнай сыстэме, утрымлівае таксама шмат інфармацыі аб праве Эўрапейскага Зьвязу і міжнародным праве. Так што гэта прапанова ня толькі для тых студэнтаў, якія плянуюць пасьля навучаньня выехаць працаваць за мяжу, але таксама для тых, хто ў Беларусі плянуе ўтрымліваць гандлёвыя кантакты з Польшчай ці іншымі краінамі ЭЗ. У такім выпадку неабходна ведаць асновы права.

На якой мове было б наладжана такое навучаньне – на польскай, ангельскай, ці расейскай?

К. Заёнц: Мы думаем, што галоўным чынам лекцыі адбываліся б на расейскай мове, магчыма, на польскай. Але, калі б навучаньне было наладжана па-польску, то студэнты павінны былі б прайсьці адпаведныя моўныя курсы падрыхтоўкі да навучаньня. Такі інтэнсіўны курс авалоданьня польскай мовай працягваўся б некалькі месяцаў.

Неўзабаве дэлегацыя польскай ВНУ адпраўляецца з візытам у Горадню, каб правесьці сустрэчу зь мясцовым студэнтамі і зацікавіць іх магчымасьцю вучыцца паралельна ў Польшчы. Ідуць перамовы таксама з Дзяржаўным унівэрсытэтам з Віцебска. А пра сумесныя праекты распавяла нам Катажына Заёнц з Вышэйшай Школы Права і Адміністрацыі.


Больш інфармацыі можна атрымаць тут:

Europejska Wyższa Szkoła Prawa i Administracji
21/29 Grodzieńska
03-750 Warsaw/ Warszawa
phone/tel. 22 619 02 83
phone/tel. 605 528 605
e-mail: rekrutacja@ewspa.edu.pl

oraz dr Józefa Ziemczonoka
phone/tel.
e-mail: j.ziemczonok@gmail.com


нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт