Logo Polskiego Radia
Print

Кім быў сьвяты Мікалай?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 10.12.2017 07:09
  • сьвяты Мікалай.mp3
Мікалай зьяўляецца рэдкім прыкладам сьвятых, якіх шунуюць як каталікі, так і праваслаўныя.
Сцэны з легенды пра маракоў і збожа ў порце. Рэльеф з  XVI ст., касьцёл сьв. Мікалая ў аўстрыйскім Лізінгу.

Сцэны з легенды пра маракоў і збожа ў порце. Рэльеф з XVI ст., касьцёл сьв. Мікалая ў аўстрыйскім Лізінгу. By Neithan90 - Praca własna, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=16944244

6 сьнежня ў Каталіцкім касьцёле ўспамінаецца сьвяты Мікалай. У Польшчы ды некаторых іншых краінах гэты сьвяты прыносіць дзецям падарункі на Каляды. У Польшчы 6 сьнежня (Мікалайкі) дзеці атрымліваюць падарункі ад сьвятога. У сёньняшняй перадачы мы раскажам, што гэта за постаць сьвятога Мікалая.

Сьвяты Мікалай – гэта сьвяты, якога шануюць і ўспамінаюць як каталікі, так і праваслаўныя. У 11 стагодзьдзі на яго магіле быў скліканы сабор, які меў аб’яднаць абодва касьцёла, аднак безвынікова. Усё ж сам сьвяты Мікалай мае сталае месца ў сэрцах усіх вернікаў, асабліва дзяцей.

Справа з біяграфіяй сьвятога вельмі складаная. Яго гістарычнае існаваньне не падвяргаецца сумневам, але біяграфічная інфармацыя пра яго вельмі скупая. Гэта толькі некалькі слоў: «У 4 ст. у Міры жыў біскуп Мікалай, які памёр 6 сьнежня». На магіле нават не напісаны год сьмерці, толькі дзень. Горад Міра, цяперашні горад Кале, знаходзіцца ў сучаснай Турцыі. Гэта партовы горад, які разьмяшчаецца насупраць Александрыі, па другім боку мора.

Пры жыцьці Мікалая яго біяграфія не была запісаная. Самы стары запіс пра яго зьмешчаны ў дакумэнтах з 6 ст., а найстарэйшая біяграфія ў 9 ст. Аднак яна была зьмешаная зь біяграфія іншага біскупа Мікалая, які жыў у той жа самы час. У выніку перапісваньня й дапаўненьняў з часам узьнікла шмат біяграфій сьвятога Мікалая, але не да канца вядома, што ў іх зьяўляецца праўдай.

Паколькі ёсьць праблема з біяграфіямі сьвятога, то зазвычай расказваецца «Залатая легенда» пра Мікалая. Гэтак зробім і мы, а дапаможа ў гэтым гісторык, прафэсар Бажэна Фабіяні.

Б. Фабіяні: Мікалай нарадзіўся ў багатай і набожнай сям’і. Пасьля сьмерці бацькоў ён думаў, як выкарыстаць пакінуты бацькамі маёнтак на хвалу Богу. У той час здарылася так, што адзін зьбяднелы чалавек у роспачы вырашыў выгнаць тры дарослыя дачкі на вуліцу. Яны павінны былі зарабіць на свой пасаг і ўтрыманьне бацькі. Калі Мікалай пра гэта даведаўся, то ён ноччу прабраўся пад дом гэтага чалавека і ўкінуў праз акно залатыя манэты і ўцёк, каб сусед яго не заўважыў. Раніцай гаспадар дому знайшоў манэты, падзякаваў Богу за цуд і пастараўся выдаць за муж старэйшую дачку.

Пасьля Мікалай яшчэ раз паўтарыў учынак, а сусед дзякуючы гэтаму мог выдаць за муж другую дачку. Мужчына аднак вырашыў пачакаць, калі нехта закіне манэты ў яго дом і хутка паглядзець, хто гэта робіць. І калі Мікалай прыйшоў трэці раз, сусед выбег за ім і пазнаў яго. Бацька кінуўся ў ногі Мікалаю й дзякаваў за зробленае. Мікалай аднак сказаў падзякаваць Богу й дамогся, каб мужчына захаваў усё ў сакрэце.

Неўзабаве памёр біскуп Міры й быў скліканы зьезд біскупаў, каб паклікаць яго пераемніка.

Б. Фабіяні: Сынод узначальваў самы набожны біскуп. Ён заахвоціў усіх да малітвы й посту для таго, каб зрабіць правільны выбар. Падчас начной малітвы біскуп пачуў голас, які загадаў зраніцы стаць каля ўваходу ў касьцёл і пасьвяціць у біскупы мужчыну, які першы прыйдзе ў храм. Нічога пра гэта ня ведаючы Мікалай, як заўсёды, зраніцы прыйшоў на Сьвятую імшу. І так стаў біскупам Міры.

Гэта ніякім чынам не зьмяніла яго набожнасьці й сьціпласьці. Ён надалей начамі маліўся, пасьціў, дапамагаў людзям, чым толькі мог. Быў гэта час вялікага голаду, людзям не было што есьці. Біскуп Мікалай даведаўся, што ў порце затрымаліся караблі, поўныя пшаніцы. Ён прыйшоў да маракоў і папрасіў іх адсыпаць з кожнага судна насеньня для галадаючых. Мікалай паабяцаў, што пакуль караблі прыплывуць на месца, ніхто не заўважыць адсутнасьці пшаніцы. Маракі яму даверыліся. Біскуп так падзяліў насеньне, што ўсім жыхарам хапіла на два гады, а нават можна было засеяць палі. У сваю чаргу маракі на месца давезьлі столькі ж пшаніцы, колькі было пачаткова загружана.

Такіх і падобных цудаў за сваё жыцьцё Мікалай зрабіў мноства. За гэта яго вельмі любілі й паважалі. Калі прыйшоў час разьвітвацца з зямным жыцьцём, Мікалай папрасіў, каб Бог прыслаў яму анёлаў. Калі біскуп пачуў хор анёлаў, пачаў маліцца словамі псальмоў і аддаў Богу душу. Пахавалі яго ў мармуровым саркафазе. Як гаворыць легенда, адразу з боку галавы паявілася крыніца алею, а з боку ног – крыніца вады. Пасьля каля гэтых крыніц здарылася шмат цудаў.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт