Logo Polskiego Radia
Print

Самыя папулярныя прадукты 2016 году

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 30.12.2016 15:09
Самым галоўным трэндам зьяўляецца рост сьвядомасьці здаровага харчаваньня.
pixabay.com

Кожны год расьце зацікаўленьне канкрэтнымі харчовымі прадуктамі, якія былі адкрытыя, папулярызаваныя ці вярнуліся ў новых формах. Паяўляецца мода на спажываньне новых прадуктаў і выключэньне з меню іншых. Якія трэнды панавалі ў меню 2016 году?

Самым галоўным трэндам зьяўляецца рост сьвядомасьці здаровага харчаваньня і сталага імкненьня да паляпшэньня якасьці прадуктаў харчаваньня. Можна пахваліцца тым, што мы ямо ўсё лепш, а правільна харчавацца ад нас вучацца дзеці. Мы сягаем па навінкі, шукаем цікавыя спалучэньні і не баімся экспэрымэнтаваць. Што 2016 год памяняў у нашым меню?

Бабовыя культуры

Нягледзячы на іх пажыўныя ўласьцівасьці, бабовыя культуры доўга не былі папулярныя. Арганізацыя аб’яднаных нацый абвясьціла 2016 год Міжнародным годам бабовых расьлін. Усё для таго, каб распаўсюджваць веды пра іх карысныя для здароўя ўласьцівасьці і заахвоціць нас іх есьці. Бабовыя культуры – гэта крыніца вітамін і расьліннага бялка, якія павінны быць элемэнтам здаровай дыеты, якая прадухіляе атлусьценьне і абараняе арганізм ад цывілізацыйных хваробаў. Цікава, што бабовыя расьліны вельмі добра ўзьдзейнічаюць на навакольнае асяродзьдзе: падчас росту яны ўгнойваюць глебу.

Усё часьцей у нашым меню знаходзяцца гарох і фасоля, сачавіца або нут, зь якога робяць папулярны цяпер у Польшчы гумус. Прыгатаваньне гэтых расьлін, на жаль, займае шмат часу, паколькі перад прыгатаваньнем іх трэба замочваць у вадзе, а потым доўга гатаваць. Нягледзячы на гэта, у 2016 годзе было зроблена шмат паштэтаў і іншых блюдаў з бабовых.

Карысныя тлушчы

Усё часьцей грамадзтва зьвяртае ўвагу на тое, якія тлушчы і ў якіх колькасьцях есьці. 2016 год паказаў, што мы ўмеем адрозьніць насычаныя тлушчы ад ненасычаных, і што адмаўляемся ад прадуктаў тыпу «0% тлушчу». Часьцей на сталах знаходзяцца тлустыя марскія рыбы, авакада, арэхі і расьлінныя алеі.

Паўсюдным стала перакананьне, што малочны тлушч можа быць карысным для здароўя. Ён утрымлівае лінолеваю кіслату, якая можа зьменшыць рызыку захворваньня ішэмічнай хваробай сэрца і запаволіць рост ракавых клетак.

Шматлікія дасьледаваньні паказваюць, што няма сувязі паміж прысутнасьцю невялікай колькасьці малочнага тлушчу і атлусьценьнем, цукровым дыябэтам і сардэчна-сасудзістымі хваробамі. Гэта аднак не азначае, што трэба вярнуцца да смажаньня на масьле і змазваць печыва тоўстым слоем масла.

Натуральны цукар

2016 год даказаў, што грамадзтва ўсё больш разумее на колькі шкодным зьяўляецца цукар. Вытворцы прадуктаў харчаваньня пад усё большым ціскам зьмяншаюць колькасьць цукру ў прадуктах. Спажыўцы шукаюць больш карысную для здароўя замену. Таму расьце папулярнасьць натуральных падсалодвальнікаў – стэвену, ксіліту, кляновага сыропу, сыропу з агавы, цукру з какосавай пальмы. Некаторыя зь іх утрымліваюць падобную колькасьць калёрый, а некаторыя, як стэвен, увогуле без калёрый.

Безглютэнавая дыета

Яшчэ нядаўна многія асобы нават не разумелі, што такое глютэн і ў якіх прадуктах яго можна знайсьці. Праўда, безглютэнавая дыета не зьяўляецца навінкай, але менавіта ў мінаючым годзе яна рэзка стала папулярнай. Зацікаўленьне ёю вынікае таксама з факту, што выключэньне глютэну з меню зьяўляецца карысным ня толькі для хворых цэліякіяй (нястраўнасьць глютэна) і людзей з алергіяй, але таксама амаль для кожнага.

На гэтую тэму існуе шмат розных тэорый, вядуцца дасьледаваньні і стала вакол глютэну нараджаюцца чарговыя спрэчкі. Магчыма менавіта таму безглютэнавая дыета стала самай папулярнай у 2016 годзе.

Забытае збожжа

Усё часьцей грамадзтва адмаўляецца ад прысутнай амаль ва ўсіх мучных прадуктах пшаніцы і сягае па іншыя збожжа. У мінаючым годзе папулярнымі сталі амаль забытыя, а нават невядомыя збожжа. Іх палічылі натуральнымі і шмат здаравейшымі, паколькі іх не мадыфікавалі і не папраўлялі для патрэб чалавека. Да іх належаць, між іншым, камут, булруг, сорга, амарант, кіноа, полба. Зацікаўленьне імі вырасла таксама па прычыне папулярнасьці безглютэнавай дыеты, паколькі сярод гэтых старадаўніх збожжаў ёсьць безглютэнавыя. Больш таго, яны ўтрымліваюць мноства вітаміну В і харчовых валокнаў. Цяпер гэтыя збожжа можна знайсьці ня толькі ў крамах з экалягічнымі прадуктамі, але таксама ў збожжавых прадуктах, шматках, а нават у паўфабрыкатах, даступных у супэрмаркетах і звычайных крамах.

Aleksandra Rybińska/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт