Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.01.2017 15:34
  • Nayan Zamknij oczy.mp3
Анэта Наян удзельнічала ў конкурсе Voice of Polonia і была названая новым вялікім талентам.
www.pixabay.com

На гэты раз у нас прагучыць не клясыка польскай музычнай сцэны, а вельмі сьвежая кампазыцыя, паколькі прэм’ера гэтай песьні адбылася зусім нядаўна. І прозьвішча выканаўцы, думаю, поўная навінка для абсалютнай большасьці палякаў. Гэта і ня дзіўна, паколькі аўтарка песьні, хоць і полька, жыве за мяжою.

Анэта Наян (Aneta Nayan) – ураджэнка Беластоку, але на дадзены момант яна пражывае і вучыцца ў Бэльгіі. Сьпяваць пачала рана, ва ўзросьце 7 гадоў паступіла ў музычную школу ў кляс фартэпіяна, але важнейшай справай, чым ігра на інструмэнце, быў заўсёды сьпеў. Першую песьню напісала ва ўзросьце 11 гадоў, а пазьней не затрымалася і рэгулярна пісала чарговыя кампазыцыі. Матэрыял для свайго дэбютнага альбому запісала ў 2013 годзе ў Партугаліі, а кампакт выйшаў у 2015г. Анэта вывучае джаз, разам зь сябрамі заснавала гурт Aneta and The Band, з якім сьпявае свае аўтарскія песьні. Як гаворыць сама выканаўца, калі яна сьпявае, то толькі тады адчувае сябе сапраўды свабоднай.

Анэта Наян удзельнічала ў конкурсе Voice of Polonia – аглядзе песьні палякаў, якія пражываюць за мяжою радзімы. І дайшла да фіналу музычнага спаборніцтва. Анэта піша на польскай і ангельскай мове, а ў нас, па зразумелых прычынах, кампазыцыя па-польску. «Zamknij oczy».

Za dużo słów, myśli tłok,
Coraz trudniej nam przyznać się,
Że to był błąd i że jutro przyjdzie nowy dzień.
Pomoże czas naprawić to, co było złe
I odnaleźć zaufanie, gdy szukać nie wiesz gdzie.

Kiedy nie widzisz mnie – zamknij oczy, a na pewno
Pojawię się i będę trzymać cię za rękę.
Nie ważne gdzie jesteś i gdzie twoje myśli,
Wiem, uda się uleczyć cię.

Czas, mamy czas, by po wszystkim wyjść na prostą,
Spójrz – łatwo tak jest nauczyć się wybaczać.
Gdy rozum mówi «Nie», posłuchaj serca, które bije,
Bo ono wie, gdzie znaleźć życia sens.

Зашмат слоў, думак таўкатня. Усё цяжэй нам прызнацца, што гэта была памылка і што заўтра прыйдзе новы дзень. Дапаможа час выправіць тое, што было дрэнна і знайсьці давер, калі ня ведаеш, дзе шукаць.

Калі ты ня бачыш мяне – заплюшч вочы, і напэўна я паяўлюся і буду трымаць цябе за руку. Няважна, дзе ты і дзе твае думкі, я ведаю – удасца цябе вылечыць.

Час, у нас ёсьць час, каб пасьля ўсяго гэтага знайсьці выйсьце. Паглядзі – так лёгка навучыцца прабачаць. Калі розум гаворыць «Не», паслухай сэрца, якое б’ецца, бо яно ведае, дзе знайсьці жыцьця сэнс.

Za dużo – пераважна ў нашым жыцьці або чагосьці зашмат, або чагосьці замала. Канешне, кожны беларус, які ведае беларускую мову, зразумее, што азначаюць гэтыя словы – надта шмат, можа быць таксама надта мала – za mało. Я толькі зьвяртаю ўвагу, што на польскай мове гэтыя словазлучэньні пішуцца асобна, а на беларускай – разам.

Tłok – гэты выраз мае некалькі значэньняў. Па-першае, гэта натоўп, таўкатня, вялікая колькасьць людзей у адной невялікай прасторы. Але ёсьць таксама іншае значэньне – у тэхнічнай лексыцы tłok азначае «поршань».

W silniku tłok padł, trzeba wymienić – У рухавіку поршань папсаваўся, трэба новы паставіць.

Jeżeli panika wybucha w wielkim tłoku, konsekwencje mogą być tragiczne – Калі паніка паяўляецца ў вялікім натоўпе, наступствы могуць быць трагічныя.

Naprawić – а вось гэтае слова выкарыстоўваецца вельмі часта ў польскай мове, паколькі яно мае сапраўды шырокія магчымасьці. Naprawiać – гэта рамантаваць - як розныя прадметы бытавой ды іншай тэхнікі, напрыклад, міксэр, аўтамабіль, так і паляпшаць, выпраўляць нематэрыяльныя паняцьці, як, скажам, адносіны ці шлюбны саюз.

Odkurzacz się zepsuł, trzeba naprawić, oddaj, proszę, do naprawy – Пыласос папсаваўся, трэба адрамантаваць, аддай, калі ласка, у рамонт.
Musimy poważnie popracować nad naszym małżeństwem, nasze relacje koniecznie trzeba naprawić – Мы павінны сур’ёзна папрацаваць над нашым саюзам, нашы адносіны неабходна палепшыць.

Uleczyć cię – вылечыць цябе. Палякі гавораць як «uleczyć», так і «wyleczyć», што азначае адно і тое ж – вылечыць. Цяжка сказаць, каторы варыянт больш папулярны, бадай першы, але гэта мой суб’ектыўны погляд.

Wyjść na prostą – а вось над гэтым фразэалягізмам я крыху паламала галаву – як перакласьці яго на беларускую мову. Што азначае «wyjść na prostą»? Вырашыць нейкія справы, знайсьці рашэньне, выблытацца з праблемнай сытуацыі, або часта так кажуць, калі гаворка ідзе пра хваробу, якую неабходна вылечыць, перамагчы.

Jego stan był dość ciężki – rak, ale pomału już udaje się wyjść na prostą – Ягоны стан быў даволі цяжкі – рак, але пакрысе ўжо ўдаецца перамагчы хваробу.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт