Logo Polskiego Radia
Print

Шчабжэшын – месца, дзе жужжыць славуты жук (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.01.2017 18:22
  • Шчэбжэшын.mp3
Гарадок стаў вядомым дзякуючы вершу Яна Бжэхвы.
Photo: szczebrzeszyn.plPhoto: szczebrzeszyn.plPhoto: szczebrzeszyn.pl

Запрашаю ў Шчабжэшын (Szczebrzeszyn) - горад у Люблінскім ваяводзтве, распаложаны на рацэ Вепж (Wieprz) у 80 кілямэтрах на поўдзень ад Любліна(Lublin). Калісьці Шчабжэшын быў умацаваным горадам на шляху ў Кіеў.

Паводле навуковых дасьледаваньняў, першыя жыхары пасяліліся на Замкавай гары каля 5 тысяч гадоў таму. Гарадзкія правы Шчабжэшын атрымаў ад Казіміра Вялікага ў 1352 годзе. У часы Рэфармацыі горад быў цэнтрам кальвіністаў. Цягам стагодзьдзяў у гарадку сутыкаліся розныя культуры й рэлігіі. Тут сумесна пражывалі каталікі, габрэі, кальвіністы, арыяне.

Цэнтральным месцам у Шчабжэшыне зьяўляецца буйных памераў пляц Касьцюшкі. На ім, як правіла, праходзяць усе гарадзкія мерапрыемствы, у тым ліку Дні жукавага граду.

Па сярэдзіне рынку стаіць будынак ратушы, якая мае кшталт чатырохкутніка. Ейнае будаўніцтва пачалося ў 1840 годзе з выкарыстаньнем матэрыялаў з разбуранай гэтак званай Замойскай брамы.

Photo:
Photo: Lysy - Praca własna/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Вакол плошчы стаяць дамы, у якіх калісьці былі свае аркады. У некаторых зь іх па сёньняшні дзень захаваліся падземныя лядоўні, дзе захоўвалі назапашаны зімой лёд. Напрыклад, такі падземны цагляны склеп можна паглядзець пад Рэстаранам жука на вуліцы Касьцюшкі 16.

Аднак найбольшай папулярнасьцю сярод турыстаў несумненна карыстаецца ўсталяваны перад ратушай у 2011 годзе помнік жуку. Аўтарам 2-мэтровай адлітай з бронзы фігуры жука, які іграе на скрыпцы, зьяўляецца Зыгмунт Ярмул (Zygmunt Jarmuł).

Другі, крыху старэйшы помнік жуку, адкрыты ў 2002 годзе разьмяшчаецца ля Замкавай гары, непадалёк гістарычнага млына. Гэтая фігура была зробленая са ствала ліпы вучнямі мастацкага ліцэя з Замосьця (Zamość).

Photo:
Photo: MaKa~commonswiki - Praca własna/wikipedia.org/CC BY 2.5

Абодва помнікі бяруць свой пачатак з вядомага верша для дзяцей аўтарства Яна Бжэхвы (Jan Brzechwa) пад загалоўкам „Жук жужжыць у трасьціне ў Шчабжэшыне…” („W Szczebrzeszynie chrząszcz brzmi w czcinie”). Дзякуючы гэтаму вершу жук стаў сымбалем, які часта выкарыстоўваецца дзеля прасоўваньня гораду.

Фігуры жука былі ўсталяваныя таксама ў іншых месцах гораду. Напрыклад, жук вітае турыстаў ужо пры ўезьдзе ў горад.

Сувэніры зь яго выявай можна купіць у сядзібе Гарадзкога дому культуры, які разьмяшчаецца ў будынку былой сынагогі. Дарэчы, перад гэтым будынкам таксама стаяць дзьве скульптуры жука.

Здымак зь вядомым жуком - гэта абавязковы пункт візыту ў Шчабжэшыне. А самае цікавае, што ўсе фігуры й помнікі прадстаўляюць не жука, а цвыркуна.

Ня ўсе ведаюць, што сынагога ў Шчэбжэшыне зьяўляецца адной з найстарэйшых у Польшчы. Першая сьвятыня была пабудаваная ў гэтым месцы ў канцы XVI стагодзьдзя, што пацьвярджаецца гістарычнымі дакумэнтамі з 1584 году. Аднак гэты будынак быў спалены падчас разьні Хмяльніцкага ў 1648-1649 гадах.

Photo:
Photo: Lysy - Praca własna/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Ян Замойскі, як уладальнік Шчабжэшына, у 1659 гадзе дазволіў пабудаваць новую сынагогу, якая нягледзячы на ваенную мітусьню стаіць па сёньняшні дзень. Сынагога была спалена яшчэ раз у 1939 годзе й адбудаваная ў сярэдзіне XX стагодзьдзя. З тых часоў яна зьяўляецца сядзібай Гарадзкога дому культуры й турінфармацыі.

Будынак пабудаваны ў стылі рэнэсансу. Ён мае прыгожы арачны фрыз і пакрыты мансардным польскім дахам.

Габрэйская абшчына існавала ў Шчабжэшыне на працягу многіх стагодзьдзяў. Першая згадка пра габрэйскай суполку адносіцца да XVI стагодзьдзя, тады ўзьніклі таксама габрэйскія могілкі, якія можна паглядзець па сёньняшні дзень.

Photo:
Photo: Lysy - Praca własna/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У канцы XIX стагодзьдзя ў Шчэбжэшыне пражывалі больш за 2,5 тысячы габрэяў - 42% ад агульнай колькасьці насельніцтва горада. Аднак Другая сусьветная вайна прынесла трагічны лёс таксама мясцовым габрэям. Сынагога была спалена, а габрэі забітыя або вывезеныя. Апошні габрэй - Янкель Гройсэр (Jankiel Grojser) - памёр у Шчабжэшыне ў 1970 годзе. Яго магіла знаходзіцца на каталіцкіх могілках.

Знаходзячыся ў Шчабжэшыне абавязкова трэба наведаць, між іншым, касьцёл сьвятой Катажыны з XVII стагодзьдзя ў стылі барока, манастыр францішканцаў з XVII-XIX стагодзьдзяў, касьцёл сьвятога Мікалая з XVII стагодзьдзя ў стылі барока, Сьвята-Ўспенскую царкву з XVI стагодзьдзя.

Photo:
Photo: Lysy - Praca własna/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Варта адзначыць, што зь непадалёкага Міхалава (Michałów) паходзіць сям’я Качароўскіх (Kaczorowscy), то бок сям’я маці Караля Вайтылы - сьвятога Папы рымскага Яна Паўла ІІ.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт