Logo Polskiego Radia
Print

Крушыняны – калыска польскіх татараў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.01.2017 16:37
  • Крушыняны.mp3
Тут узьніклі кітабы - каштоўныя рэлігійныя кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім алфaвітам.
Photo:Leszek Kozlowski/flickr.com/Commercial use allowedPhoto:Leszek Kozlowski/flickr.com/Commercial use allowed Photo:Leszek Kozlowski/flickr.com/Commercial use allowed

На гэтым тыдні запрашаем вас ў Крушыняны (Kruszyniany) – вёску ў Падляскім ваяводзтве непадалёк ад гарадка Крынкі (Krynki). Вёска распаложаная ля ракі Няпута – на ўскраіне разьмешчаных уздоўж яе лугоў, лясоў і пагоркаў, вышыня якіх складае да 160 м над узроўнем мора.

Верагодна Крушыняны былі заснаваныя ў XVI стагодзьдзі. У 1679 годзе Ян ІІІ Сабескі падарыў татарам, якіх называлі ліпкамі (Lipki), сяло Крушыняны, а таксама вёскі Няпута (Nietupa), Лужаны (Łużany) і частку сяла Панятовічы (Poniatowicze). Гэта была ўзнагарода за ўдзел татараў у вайне з туркамі па баку Рэчы Паспалітай, то бок фэдэрацыі Кароны каралеўства Польскага й Вялікага Княства Літоўскага.

У Крушынянах (побач з 45 іншымі сем'ямі) пасяліўся таксама вядомы палкоўнік Сэмюэль Мурза Кшэчкоўскі (Samuel Murza Krzeczowski), які выратаваў жыцьцё каралю ў бітве за форт Парканы (Parkany). Дарэчы, па дарозе на сэйм у Горадні Ян ІІІ Сабескі спыніўся адпачыць у Кшэчкоўскага ў Крушынянах.

Цягам часу Крушыняны сталі важным мусульманскім цэнтрам у Польшчы. Тут пісалі кітабы - каштоўныя рэлігійныя кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім алфавітам. Іх тэксты тлумачылі Каран, апісвалі мусульманскія рытуалы й асноўныя мусульманскія абавязкі; утрымлівалі цытаты з Карану й выказваньні прарока Мухамада, а таксама ўсходнія казкі й прыгодніцкія аповесьці.

У 1915 годзе большасьць праваслаўных і татарскіх жыхароў Крушынянаў зьехала ў Расею, дзе некалькі гадоў жылі ў выгнаньні. Вяртацца ў родную вёску бежанцы пачалі толькі пасьля 1918 году, то бок пасьля пачатку Кастрычніцкай рэвалюцыі. Варта адзначыць, што значная частка жыхароў Крушынянаў ніколі не вярнулася з выгнаньня ў Расеі.

Па дадзеных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва з 1921 году, у Крушынянах было 54 дамы і 364 жыхары. У сяле пражывалі вернікі 4 монатэістычных рэлігій. Большасьць жыхароў (170 чалавек) складалі праваслаўныя. Апрача таго тут пражываў 141 каталік, 32 мусульманіна і 21 габрэй. У Крушынянах пражывалі прадстаўнікі трох нацыянальнасьцяў, то бок польскай (большасьць – 201 чалавек), беларускай -142 і 21 габрэйскай.

У гэтым часе Крушыняны разьмяшчаліся на тэрыторыі Гарадзенскага павету.
У 1980 годзе ў Крушынянах пражывалі 289 чалавек, у тым ліку 33 мусульманіна, астатняя частка – гэта праваслаўныя й каталікі. Сяляне выкарыстоўвалі дыялект беларускай мовы, гэтак званую простую гаворку. Па сёньняшні час у вёсцы жыве невялікая татарская меншасьць.

Photo:
Photo: youtube.com/Print screen

Найважнейшым помнікам старажытнасьці ў вёсцы зьяўляецца драўляная мячэць – найстарэйшая мусульманская сьвятыня ў Польшчы, пабудаваная ў форме прамавугольніка, памерамі 10x13 м.

Татарская абшчына пабудавала яе неўзабаве пасьля таго, як пасялілася ў гэтым месцы. Першыя згадкі пра сьвятыню паходзяць з 1717 году. Існуючы па сёньняшні дзень будынак, хутчэй за ўсё, узьнік на месцы старога ў другой палове XVIII або ў першай палове ХIХ стагодзьдзяў (дакладная дата пабудовы не вядомая).

У 1846 годзе будынак адрамантавалі, пра што сьведчыць адмысловы камень з датай, разьмешчаны ў падмурку побач з уваходам для жанчын.

Мячэць у Крышынянах мае тры вежы. Дзьве зь іх выконваюць функцыю мінарэтаў, зь якіх муэдзін заклікае вернікаў да малітвы.

Photo:
Photo: Polimerek - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Пасьля Другой сусьветнай вайны да мясцовай мусульманскай абшчыны далучыліся рэпатрыянты з тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Мячэць у Крушынянах уключаная ў нацыянальны сьпіс гістарычных помнікаў Польшчы.

Ня менш важным месцам у Крышынянах зьяўляюцца мусульманскія могілкі, заснаваныя ў другой палове XVII стагодзьдзя. Могілкі акружаныя каменнай сьцяной.

Photo:
Photo: Straszne-bobo - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Самае старое надмагільле з надпісам, які можна прачытаць, паходзіць з 1699 году. Тут можна паглядзець таксама багата аздобленыя надмагільлі з XІX стагодзьдзя, якія маюць форму пірамідаў, калёнаў або паліраваных плітаў.

Photo:
Photo: Jialiang Gao www.peace-on-earth.org - Original Photograph/pl.wikipedia.org/ CC BY-SA 3.0

У Крушынянах можна наведаць таксама праваслаўную царкву сьвятой Ганны. Храм з цэглы быў пабудаваны ў 1980-я гады на праваслаўных могілках на месцы спаленай драўлянай царквы з 1829 году.

Photo:
Photo: Krzysztof Kundzicz - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Крушыняны па сёньняшні дзень застаюцца калыскай татарскай культуры на польскіх землях і месцам, дзе сустракаецца выключны клімат усходу Польшчы. Тут нікога не зьдзіўляе, што мячэць стаіць побач з царквой, а царква побач з сынагогай. Найважнейшай каштоўнасьцю гэтага месца зьяўляецца шматкультурнасьць і талерантнасьць.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт