Logo Polskiego Radia
Print

Экалягічная катастрофа Аральскага мора

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 27.01.2017 17:11
  • Аральскае мора.mp3
За некалькі дзесяцігодзьдзяў паверхня возера зьменшылася на 80%.
На аральскай "пустыні" можна сустрэць караблі, нават некалькі кілямэтраў ад цяперашняй берагавой лініі.На аральскай "пустыні" можна сустрэць караблі, нават некалькі кілямэтраў ад цяперашняй берагавой лініі.Wikipedia/Staecker/domena publiczna

Яшчэ ў 60-х гадах ХХ стагодзьдзя Аральскае возера было адным з найбольшых у сьвеце. Цягам толькі некалькіх дзясяткаў гадоў яго паверхня зьменшылася прыблізна на 80%. У сёньняшняй перадачы мы будзем размаўляць пра прычыны, наступствы, а таксама магчымасьці вырашэньня праблемы з кандыдатам біялягічных навук Монікай Мэнтрак з Варшаўскага ўнівэрсытэту, якая вывучае праблему і была ўдзельніцай навуковых паездак на Аральскае мора.

Трагедыя Аральскага мора распачалася ў 1930-х гадах. Каб зразумець паўнату праблемы, варта ўзгадаць, што Аральскае мора – гэта невыточнае салёнае возера ў Казахстане і Ўзбэкістане (Цэнтральная Азія), якія да 1990-х гадоў уваходзілі ў СССР.

Прыкладна ў 40-ыя гады мінулага стагодзьдзя кіраўніцтва ў Маскве прымае рашэньне, што трэба класьці націск на вырошчваньне бавоўны, якая атрымала мілітарнае значэньне. Бавоўна была патрэбная, каб зь яе пашыць мундзіры савецкім жаўнерам. Паявілася пытаньне, дзе вырошчваць такую агромністую колькасьць бавоўны. Кіраўніцтва ў Маскве абрала паўднёвыя краіны саюзу. Гэта аднак сухія месцы, а для вырошчваньня бавоўны патрэбная вялікая колькасьць вады. У сувязі з гэтым было вырашана пабудаваць сетку каналаў – расказвае Моніка Мэнтрак.

М. Мэнтрак: Вырашана пабудаваць сетку каналаў, якія будуць пастаўляць ваду з дзьвюх рэк – Амудар’і і Сырдар’і. Гэтыя рэкі ўпадаюць у Аральскае мора. Яны зьяўляюцца асноўнай крыніцай вады ў моры. Рэкі бяруць свой пачатак у гарах. Пачаткова яны пастаўлялі ў Аральскае мора нават 70 кубакілямэтраў вады. У дадзены момант гэта толькі 4 кубакілямэтры. Чаму так сталася? Пабудаваныя каналы, якія пастаўлялі ваду на палі з бавоўнай, не былі забясьпечаныя, значная частка вады ўпітвалася ў сухую пясчаную глебу. Акрамя таго, гэтыя каналы маюць адчынены характар, яны працуюць па сёньняшні дзень. Мяркуецца, што па дарозе зьнікала 70-80% вады, якая паступала ў каналы. У пэўным моманце аказалася, што возера не спраўляецца з адсутнасьцю вады і не ў стане самастойна ўтрымацца.

У 1960-х гадах упершыню было заўважана гвалтоўнае паніжэньне ўзроўню вады ў Аральскім моры. Прыкладна ў 1980-х гадах возера падзялілася на дзьве часткі – на паўночную і паўднёвую. Паўднёвая частка паступова дзялілася на заходнюю і ўсходнюю. З часам невялікія выспы, якія знаходзіліся на Аральскім моры, павялічвалі сваю паверхню, а пад канец 80-х гадоў яны спалучыліся з сушай.

Моніка Мэнтрак нагадвае, што адна з высп, «Возраждение», уяўляла сабой сур’ёзную небясьпеку.

М. Мэнтрак: Гэта была выспа, на якой разьмяшчалася савецкая частка, якая займалася біялягічнай зброяй. Пакуль гэта была выспа, то пагроза была ўмеранай. Калі выспа фактычна стала паўвыспай, то пагроза, якую сабой уяўляла гэтая частка, стала рэальнай. Тым больш, што калі разваліўся Савецкі Саюз, навукоўцы ў паніцы выехалі.

Адным з наступстваў зьмяншэньня ўзроўню вады ў Аральскім моры зьяўляецца яго засоленасьць, паколькі колькасьць вады зьменшылася, а солі засталося амаль столькі ж. На дадзены момант гэта агромністая засоленасьць – 100-150 грам на літар.

У выніку зьмяншэньня колькасьці вады частка былога Аральскага мора выглядае як пустыня, пакрытая сольлю. Месцамі такая «пустыня» расьцягваецца нават на 100 км. Гэта таксама месца, дзе дзьме вецер, соль разносіцца па цэлым рэгіёне, што адмоўна ўплывае на здароўе жыхароў, а менавіта на верхнія дыхальныя пуці. Частымі зьяўляюцца хваробы нырак, паколькі вада зьяўляецца вельмі салёнай.

Ці Казахстан і Ўзбэкістан робяць якія-колечы намаганьні, каб прытармазіць экалягічную катастрофу? Моніка Мэнтрак кажа, што ў 1990-х гадах быў прадпрыняты крок выратаваньня паўночнай часткі Аральскага мора. Паўднёвая частка прыгавораная да зьнікненьня.

М. Мэнтрак: Што гэта была за спроба. На мяжы паўднёвай і паўночнай частак была пабудаваная дамба. Яе задачай было спыненьне паступленьня вады з паўночнай часткі ў паўднёвую. Здаецца, што часткова гэта дзейнічае. На сучасных спадарожнікавых здымках бачна, што паўночная частка напаўняецца павольна вадой. Пачалі павольна ўводзіць розныя гатункі рыб. Калісьці ў Аральскім моры было прыкладна 20 гатункаў рыб, пасьля моцнага засаленьня вады іх засталося пяць, прычым частка была штучна ўведзенымі марскімі гатункамі. Вельмі паступова пачынае адраджацца мараплаваньне на паўночнай частцы, адраджацца рыбалоўства. Усё ж напэўна гэтыя паляпшэньні ня будуць мець такога значэньня і такіх памераў, як перад катастрофай Аральскага мора.

Наш госьць кажа, што гісторыя Аральскага мора павінны быць перасьцярогай. Аднак усё сьведчыць аб тым, што яго лёс можа паўтарыць возера Балхаш на паўднёвым усходзе Казахстану. На сёньняшні дзень плошча возера складае 16 400 км², але яна паступова памяншаецца, як гэта адбываецца з Аральскім морам. Плошча Балхашу памяншаецца з-за выкарыстаньня вады рэк, якія яго сілкуюць.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт