Logo Polskiego Radia
Print

Польскі вучоны - ляўрэат прэстыжнай Прэміі Дэна Дэвіда

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.02.2017 16:02
Прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэта прычыніўся да адкрыцьця некалькіх плянэт.
photo: www.pixabay.com

Прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэта Анджэй Удальскі быў узнагароджаны за ўклад у разьвіцьцё новай галіны астранамічных дасьледаваньняў - буйнамаштабных аглядаў неба, праведзеных на працягу доўгага часу. Створаны ім сумесна з іншымі астраномамі з Варшаўскага ўнівэрсытэта праект астранамічнай абсэрваторыі OGLE (Optical Gravitational Lensing Experiment) прычыніўся да адкрыцьця некалькіх плянэт, якія кружаць вакол іншых зорак.

У рамках праекту OGLE былі знойдзены невядомыя раней карлікавыя плянэты ў Сонечнай сыстэме, а таксама мноства цікавых аб'ектаў за межамі нашай Галяктыкі - квазары і іншыя галяктыкі.

Акрамя таго, дзякуючы назіраньням праекта OGLE, лепш вывучана канструкцыя Млечнага Шляху і суседніх галяктык – Магеланавых воблакаў.

Прэмія Дэна Дэвіда прысуджаецца штогод Унівэрсытэтам Тэль-Авіва і Фондам Дэна Дэвіда за дасягненьні, якія зьяўляюцца пераломнымі ў галіне навукі, тэхналёгіі, культуры й сацыялёгіі.

Прэмія прысуджаецца ў трох катэгорыях: Мінулае (дасягненьні ў мінулых часах), Цяперашні час (дасягненьні, якія ўзбагачаюць і фарміруюць сучаснае грамадзтва) і Будучыня (дасягненьні, сканцэнтраваныя на наватарскіх дасьледаваньнях, якія дапамогуць лепш разумець сьвет ў будучыні).

Кожны год у кожнай з гэтых катэгорый указваюцца канкрэтныя навуковыя дысцыпліны, у якіх абіраюцца пераможцы. Прэмія ў кожнай катэгорыі складае $1мільён даляраў ЗША.

У 2017 годзе вылучаныя галіны гэта: Мінулае - археалёгія ў сувязі з матэматыкай і біялогіяй; Сучаснасьць - літаратура; Будучыня - астраномія.

Прэмія Дэна Дэвіда, прызнаная прафэсару Анджэю Ўдальскаму, зьяўляецца адной з найбольш прэстыжных навуковых прэмій, якую атрымаў польскі вучоны ў апошнія некалькі дзясяткаў гадоў.

Прэмія Дэна Дэвіда, хаця ёй толькі 15 гадоў, належыць да ліку самых прэстыжных навуковых узнагарод у сьвеце. У рэйтынгу сусьветных навуковых узнагарод, спіс якіх адкрывае Нобэлеўская прэмія, Прэмія Дэна Дэвіда мае месца ў сярэдзіне першай дзесяткі.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт