Logo Polskiego Radia
Print

Сталі вядомыя найлепшыя польскія студэнты-вынаходнікі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.02.2017 16:58
Пераможцы конкурсу “Студэнт-вынаходнік” будуць удзельнічаць у Міжнароднай выставе вынаходак ў Жэневе.
pixabay.com/StartupStockPhotos

Інавацыйная палка для сьляпых, сыстэма, якая абараняе кіроўцаў ад засынаньня і апарат для падводных работ – гэта толькі некаторыя з вынаходніцтваў, узнагароджаных у 7-м Нацыянальным конкурсе «Студэнт-вынаходнік.« Вынікі былі абвешчаныя ў аўторак у горадзе Кельце.

Арганізатарам конкурсу зьяўляецца Сьвентакшыскі палітэхнічны ўнівэрсытэт (Politechnika Świętokrzyska).

Конкурс быў адрасаваны да студэнтаў, асьпірантаў і выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, якія падчас вучобы сталі аўтарамі ці суаўтарамі вынаходкі. Гаворка ідзе аб вынаходніцтвах, запатэнтаваных у Польшчы, або за мяжой.

У гэтым годзе на конкурс прыйшла рэкордная колькасьць заявак – 90 работ з 25 ВНУ. Большасьць зь іх – трынаццаць прапановаў былі атрыманыя ад студэнтаў Тэхнічнага ўнівэрсытэта ў Любліне (Politechnika Lubelska), дзевяць – ад студэнтаў Варшаўскага палітэхнічнага ўнівэрсытэта (Politechnika Warszawska), і па восем – з Унівэрсытэта ў Познані і ў Кельце.

Журы ўзнагародзіла «Падводны апарат», створаны ў Акадэміі горнай справы і мэталюргіі ў Кракаве (Akademia Górniczo-Hutnicza). Стваральнікам апарата зьяўляецца Себасьцьян Давід Алендзкі (Sebastian Dawid Olędzki). Прылада можа быць выкарыстана для падводных рамонтаў суднаў і марскіх збудаваньняў замест дайвераў.

Была ўзнагароджана «Прылада для дапамогі сьляпым і са слабым зрокам» Лукаша Кольмана з Палітэхнічнага ўнівэрсытэта ў Жэшаве (Politechnika Rzeszowska). Гэтая прылада з дапамогай датчыкаў скануе прастору й гукавым сыгналам паведамляе аб перашкодзе.

Сярод пераможцаў конкурсу таксама Аркадыуш Шчэпанэк і Войцех Жджарскі з Варшаўскага ўнівэрсытэта – суаўтары «Сыстэмы, якая абараняе кіроўцаў ад засынаньня». Сыстэма не выяўляе, што кіроўца заснуў, але вызначае верагоднасьць зьніжэньня ў яго канцэнтрацыі або празьмернай стомленасьці й выдае сыгналы перад крытычным момантам. Вынаходніцтва можа быць усталявана на лабавое шкло аўтамабіля.

Пераможцы конкурсу «Студэнт-вынаходнік» атрымалі магчымасьць удзельнічаць у 45-ай Міжнароднай выставе вынаходак у Жэнэве, якая пройдзе ў канцы сакавіка і пачатку красавіка. Будуць фінансавацца расходы па арганізацыі выставачнага стэнда, а таксама праезд і пражываньне маладых вынаходнікаў у Швэйцарыі.

Конкурс праводзіўся пад эгідай Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі, Міністэрства разьвіцьця, Патэнтнага ведамства і Нацыянальнага цэнтра дасьледаваньняў і разьвіцьця.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт