Logo Polskiego Radia
Print

11.02.1929 г. была створана дзяржава Ватыкан

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.02.2017 08:09
  • 11.02.1929_Ватыкан.mp3
Лятэранскія пагадненьні падпісалі Папа Пій ХІІ і прэм’ер-міністар Італіі Бэніта Мусаліні.
pixabay.com

11 лютага 1929 году былі падпісаныя Лятэранскія пагадненьні і створана дзяржава Ватыкан.

Лятэранскія пагадненьні былі падпісаныя паміж галавой каталіцкай царквы Папам Піям ХІІ і прэм’ер-міністрам Італіі Бэніта Мусаліні. Гэтыя пагадненьні ставілі кропку ў так званым «Рымскім пытаньні», якое ўзьнікла пасьля аб’яднаньня Італіі ў 1861 годзе.

Да аб’яднаньня Італіі Рымскаму Папе падпарадкоўваўся ня толькі горад Рым, але значныя тэрыторыі цэнтральнай Італіі, якія называліся “папскай вобласьцю”. Пасьля працэсу аб’яднаньня, калі ўлада ў краіне перайшла ў рукі караля Імануіла ІІ, Папа быў пазбаўлены сваёй улады. Тагачасны Папа Пій ІХ перанёс сваю рэзыдэнцыю ў Ватыкан і адмовіўся прызнаваць уладу караля і аб’яднаную Італію. Ён абвясьціў сябе «ватыканскім нявольнікам» і адмовіўся нават ступаць па італьянскай зямлі. Папа быў цалкам пазбаўлены палітычнай улады. Такая сытуацыя праіснавала да 1929 году.

Лятэранскія пагадненьні ўключалі ў сябе як духоўны элемэнт, так і палітычны. Згодна з палітычнымі дамоўленасьцямі, была ўтворана дзяржава Ватыкан, цалкам незалежная й сувэрэнная, як па ўнутрыпалітычных так і зьнешнепалітычных пытаньнях.

Таксама каталіцызм абвяшчаўся дзяржаўнай рэлігіяй Італіі. Гэтыя пагадненьні былі ўключаны ў канстытуцыю Італіі 1947 году.

На сёньняшні дзень Ватыкан зьяўляецца самай маленькай дзяржавай у сьвеце.

Агульная мяжа дзяржавы складае 3,2 км. Насельніцтва Ватыкана скарачаецца. Калі ў 2006 годзе яно налічвала 557 чалавек, то ў 2012 годзе колькасьць жыхароў скарацілася амаль на 100 чалавек. Усе жыхары маюць пашпарты Ватыкану. З іх 100 чалавек гэта швэйцарскія гвардзейцы, 43 сьвецкія, апошнія асобы гэта духоўныя. Бюджэт Ватыкана складае каля 500 мільёнаў даляраў.

Слова «Ватыкан» тлумачыцца з лацінскай мовы, як «месца варажбы».

Іншым цікавым момантам зьяўляецца тое, што гэта не нацыянальная дзяржава, інакш кажучы, крыніцай сувэрэнітэту зьяўляецца не народ, а сьвяты папскі прастол. Ватыкан зьяўляецца сталым назіральнікам у ААН а таксама супрацоўнічае з Інтэрполам.

Улада ў Ватыкане тэакратычная, гэта азначае, што папе належыць судовая, заканадаўчая і выканаўчая ўлады.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт