Logo Polskiego Radia
Print

Гура Кальварыя – польскі Ерусалім(ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.02.2017 15:30
  • Гура Кальварыя.mp3
Гарадок, у якім забаронена было пасяляцца габрэям, нечакана стаў вядомы як габрэйскі рэлігійы цэнтар.
Photo: Piotr Moroz - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0 plPhoto: Piotr Moroz - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0 plPhoto: Piotr Moroz - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0 pl

Горад Гура Кальварыя (Góra Kalwaria) мае вельмі ўнікальную й арыгінальную гісторыю. Можна сказаць, што яна пачалася з таго, як у 1666 годзе разбураную казакамі й вугорцамі вёску набыў познаньскі біскуп Стэфан Вяжбоўскі (Stefan Wierzbowski). Ерарх выбраў гэтае прыгожае месца, каб пабудаваць у ім Новы Ерусалім. Рэалізацыю свайго пляну ён пачаў ад будаўніцтва манастыроў і касьцёлаў. Дзеля атрыманьня сродкаў на будаўніцтва рэлігійнага цэнтру ён зьвярнуўся ў Сэйм з просбай стварыць адмысловы фонд.

У 1670 годзе перавагі рэлігійнага цэнтру ацаніў належным чынам Міхал Карыбут Вішнявецкі (польскі кароль і вялікі князь літоўскі ў 1660-1673 гадах), які надзяліў вёску гарадзкімі правамі. Менавіта тады горад атрымаў назву Новы Ерусалім.

Photo:
Photo: print screen/www.youtube.com

Біскуп Вяжбоўскі вырашыў стварыць тут санктуарый мукі Хрыста. Пры ажыцьцяўленьні сваіх намераў біскуп надзяліў некаторыя з аб'ектаў назвамі, якія сустракаліся ў Ерусаліме. Многія зь іх выкарыстоўваюцца па сёньняшні дзень, напрыклад, Кедронская даліна, Бэтлеем, Капліца Пілата, Галгофа і г.д. Фундатар таксама загадаў прывезьці ў мяшках зямлю зь Ерусаліма й раскінуць пясок уздоўж асноўных дарог пасёлка.

Прывілей, які гарадок атрымаў у 1670 годзе ад караля Міхала Карыбута Вішнявецкага, вызваляў гараджан ад падаткаў, і дзякуючы гэтаму горад мог разьвівацца.

Замест традыцыйнага ў Сярэднявеччы рынку біскуп запрапанаваў пабудаваць горад на аснове лацінскага крыжа. Яго падставай меў быць штучна створаны ўзгорак – Галгофа. Кожная з вуліцаў, якія ўтваралі гэты крыж, заканчвалася касьцёламі й манастырамі. У месцы, дзе яны перасякаліся, была пабудаваная гарадзкая ратуша. Гура Кальварыя мела стаць санктуарыем для ўсёй Мазовіі. Таму біскуп забараніў пасяляцца ў горадзе вернікам іншага, чым каталіцкае веравызнаньне.

Ерарх прыклаў шмат намагньняў, каб архітэктура горада рабіла вялікае ўражаньне на паломніках.

У часы біскупа Вяжбоўскага ў горадзе было 35 капліцаў, 6 касьцёлаў і 5 манастыроў.

Photo:
Photo: Piotr Moroz - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0 pl

Асаблівае разьвіцьцё Гуры выпадае на 1670 – 1687 гады, калі біскуп часта пабываў у горадзе, і знаходзіў дзеля яго разбудовы сродкі ў каралёў, вяльможаў ды шляхты. У навакольных лясах часта паляваў, напрыклад, кароль Ян ІІІ Сабескі.

Аднак слава Новага Ерусаліма была нядоўгая. Пасьля сьмерці фундатара горад пачаў хутка страчваць сваё значэньне й марнець. Падчас вайны ў 1794 годзе й паразы ў бітве з рускімі войскамі, горад быў моцна пашкоджаны. У 1795 годзе ён апынуўся пад уладай Прусіі, з 1807 па 1815 гады ўвайшоў у склад Герцагства Варшаўскага, а пасьля 1815 году апынуўся пад уладай Расеі.

Разбураныя ў 1794, 1809 і 1830 гадах касьцёлы й манастыры паступова марнелі. Ад капліцаў на Галгофе не застаўся й сьлед.

Пачынаючы зь першай паловы ХIХ стагодзьдзя Гура Кальварыя пачала новы, вельмі цікавы разьдзел сваёй гісторыі.

Нагадаем, надзяляючы горад гарадзкімі правамі, кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі забараніў пасяляцца там габрэям. Аднак у 1802 годзе ўлады Прусіі, якая пасьля Трэцяга падзелу Польшчы анэктавала амаль усю Мазовію, адмянілі гэтую забарону. Неўзабаве Гура Кальварыя стала вядомай як габрэйскаі гарадок. У 1859 годзе тут сваю сядзібу заснаваў вядомы цадык Іцхак Мэір Ратэнбэрг - то бок прапаведнік, які пазьней зьмяніў сваё імя на Альтэр. З гэтага часу горад стаў адным з асноўных цэнтраў хасідызму, то бок габрэяў-артадоксаў у Польшчы, і да 1939 году сядзібай сям’і Альтэраў – адной з самых важных хасідзкіх сем’яў.

Photo:
Photo: Lysy - Praca własna//pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Тады гарадок існаваў пад дзьвюма назвамі. Хрысьціяне назвалі яго Гурай Кальварыяй, навязваючы да паломніцкай традыцыі. У сваю чаргу габрэі называлі яго Гер (Ger), што ў іўрыце азначае „таго, хто вярнуўся на шлях веры”. Яны падкрэсьлівалі рэлігійнае й культавае значэньне гарадка ў іх традыцыі. Такім чынам, як для хрысьціянаў, так і для габрэяў Гура стала месцам вялікага рэлігійнага значэньня.

Апісваючы гісторыю горада, нельга забываць пра тое, што ў ім жылі таксама эвангелісты, якія прыбылі ў Польшчу яшчэ пры ўладзе Прусіі, калі праходзіла інтэнсіўная калянізацыя польскіх земляў.

У другой палове ХІХ стагодзьдзя ў гарадку была пабудаваная праваслаўная царква, прызначана ў асноўным для царскіх войскаў, якія там дысьлякаваліся. Пазьней яна была пераўтвораная ў Дом жаўнера. Усе веравызнаньні мелі ў гарадку свае могілкі. Па сёньняшні дзень найлепш захаваліся габрэйскія могілкі.

У 1941 годзе гітлераўцы вывезьлі з гарадка больш за 3 тысячы габрэяў у Варшаўскае гета, а адсюль у лягер у Траблінцы, дзе амаль усе загінулі. Мала хто выжыў. Пасьля вайны толькі некалькі дзясяткаў габрэяў вярнуліся ў Гуру Кальварыю.

Горад быў вызвалены 16 студзеня 1945 году й павольна пачаў адбудоўвацца. Былі пабудаваныя новыя заводы, жылыя комплексы, школы.

Па сёньняшні дзень у горадзе засталося шмат помнікаў, якія сьведчаць аб яго багатай гісторыі.

Photo:
Photo: print screen/youtube.com

Помнікі, якія па сёньняшні дзень можна паглядзець у горадзе, гэта:

- Кансэкраваны ў 1679 годзе касьцёл Узвышэньня сьвятога Крыжа,

- Парафіяльны касьцёл, заснаваны ў 1755 годзе;

- Капліца сьвятога Антонія (разьмешчана за парафіяльным касьцёлам );

- Санктуарыі й Музэй сьвятога Станіслава Папчыньскага – заснавальніка ордэнскай супольнасьці марыянаў;

- Ратуша з XIX стагодзьдзя;

- Былы каледж ордэну піяраў з 1675 году, дзе цяпер разьмяшчаецц Цэнтар сацыяльнай дапамогі ;

- Будынак былой сынагогі з 1902 году, пабудаваны на месцы папярэдняй драўлянай сьвятыні;

- Сядзіба цадыка й Дом малітвы;

gorakalwaria.pl/pl.wikipedia.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт