Logo Polskiego Radia
Print

Калёна Жыгімонта ІІІ Вазы – сымбаль Варшавы (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.02.2017 14:54
  • Калёна Жыгімонта.mp3
Зьмешчаная на Замкавай плошчы калёна зьяўляецца найстарэйшым сьвецкім помнікам у сталіцы.
Photo: pixabay.comPhoto: pixabay.comPhoto: pixabay.com

Калёна караля Жыгімонта ІІІ Вазы (Zygmunt III Waza), разьмешчаная на Замкавай плошчы перад Каралеўскім замкам у Варшаве – гэта адзін з сымбаляў Варшавы й найстарэйшы сьвецкі помнік у сталіцы. Аўтарамі праекту помніка, усталяванага ў 1643-1644 гадах, зьяўляюцца Аўгустын Лёці (Augustyn Locci) і Канстанцін Тэнкаля (Constantino Tencalla). Бронзавую фігуру караля выканаў італьянскі скульптар Клямэнтэ Молі (Clemente Molli), які адмыслова дзеля гэтага прыбыў у Польшчу з Балёньні.

Вышыня фігуры караля ў рыцарскіх дасьпехах, каранацыйным плашчы й кароне, з крыжам і шабляй у руках складае 275 см. Уся калёна налічвае 22 мэтры. Помнік зроблены ў стылі калён старажытнага Рыму.

Будаўніцтва
Будаўніцтва калёны 1646 год. Photo: Willem Hondius (około 1598/1599–1658/1660) - Janusz Tazbir, Tadeusz Manteuffel (1979), Zarys historii Polski. Państwowe /pl.wikipedia.org/Domena publiczna

Фундатарам помніка быў сын Жыгімонта ІІІ Вазы й яго пераемца Ўладзіслаў IV Ваза, які такім чынам вырашыў ушанаваць памяць свайго бацькі. Калёна нагадвала пра маральны аўтарытэт караля, была сымбалем сьвецкай і каралеўскай улады. Тым ня менш, усталяваньне помніка мела, перш за ўсё, палітычную мэту – узмацненьне дынастыі Вазаў і ўлады караля.
Нагадаем, Жыгімонт ІІІ Ваза ў 1596 годзе перанёс сталіцу Рэчы Паспалітай з Кракава ў Варшаву.

Першапачаткова помнік быў усталяваны на невялікай плошчы ля Кракаўскай брамы, то бок ля аднаго з найважнейшых у гэтым часе транспартных шляхоў у горадзе.

Сама калёна была зробленая з аднаго кавалка мармуру з каменяломні ў Чырвонай Гары. Гэты мармур характарызаваўся адмысловым структурай або малюнкам, які з часам сталі называць „зыгмунтоўкай” – назва ад варшаўскай калёны.

У сваёй 350-гадовай гісторыі Калёна Жыгімонта ІІІ Вазы некалькі разоў падвяргалася рэканструкцыі. Першую зь іх правёў у 1743 годзе Францішак Дамброўскі (Franciszek Dąbrowski) па ініцыятыве караля Аўгуста ІІІ. Наступная рэканструкцыя пачалася ў 1808 годзе й мела экстранны характар, паколькі калёна небясьпечна перахілілася. Працай кіравалі Якуб Кубіцкі (Jakub Kubicki) і Юзаф Барэці (Józef Boretti).

Калёна
Калёна ў 1767 годзе. Photo: Bernardo Bellotto - Stéphane Loire, Hanna Małachowicz, Andrzej Rottermund (2004). Bernardo Bellotto: a Venetian painter in Warsaw. Musée du Louvre./pl.wikipedia.org/Domena publiczna

У 1818 -1820 гадах у горадзе была створаная Замкавая плошча. З гэтага часу пачало мяняцца таксама навакольле помніка. У 1827 годзе жалезныя краты, якія акружалі калёну, былі замененыя каменнымі слупамі, якіх спалучалі жалезныя ланцугі. У 1854 годзе Гэнрык Марконі (Henryk Marconi) распрацаваў новую агароджу помніка. Яго падмурак быў акружаны жалезным плотам і ўпрыгожаны чатырма трытонамі, зь якіх біла вада. Скульптуру запраектаваў майстар Кіс (Kiss) з Бэрліна.

У 1885-1887 гадах зьнішчаны пад уплывам дзеяньня паветра стрыжань калёны з мармуру быў заменены на граніт. Апрача таго помнік быў перасунуты зь лініі вуліцы Кракаўскае Прадмесьце на Захад.

У 1929-1931 гадах падчас чарговага рамонту помнік атрымаў свой арыгінальны зьнешні выгляд, то бок быў ліквідаваны басэйн, трытоны й балюстрада.

Разбураная
Разбураная калёна, 1945 год. Photo: from "Warszawa Stolica Polski",SFOS 1949, Warsaw, Poland/pl.wikipedia.org/Domena publiczna

Калёна была разбурана падчас Варшаўскага паўстаньня. Ноччу з 1 на 2 верасьня 1944 гаду ў яе трапіў снарад з нямецкага танку. Аднак, на шчасьце, статуя караля ўпала на зямлю такім чынам, што не была сур’ёзна пашкоджаная.
Агулам фігура страціла частку левай рукі з крыжам, шаблю, кавалак носа й кароны. Але падчас вайны зьніклі арлы зь гірляндамі, якія зьмяшчаліся на самым версе калёны й тры памятныя дошкі з бронзы з надпісамі на лацінскай мове.

Пасьляваенны праект рэканструкцыі калёны распрацаваў Станіслаў Жарын (Stanisław Żaryn). У сувязі з будаўніцтвам трасы W-Z помнік быў перасунуты 6 мэтраў на паўночны ўсход. Новы стрыжань калёны быў выкананы з граніту са Стшэгомя. Урачыстае адкрыцьцё помніка адбылося ў дзень здачы ў эксплёатацыю трасы W-Z, то бок 22 ліпеня 1949 году.

Транспарт
Транспарт новай калёны, 1949 год. Photo: z kolekcji zdjęć z Drugiej Wojny Światowej Dr. Marka Tuszyńskiego/pl.wikipedia.org/Domena publiczna

Калёна Жыгімонта ІІІ Вазы па сёньняшні дзень зьяўляецца абавязковым пунктам экскурсіяў па Варшаве, папулярным месцам сустрэч варшавян і арыенцірам для турыстаў.

Фрагмэнты старых калёнаў па сёньняшні дзень можна паглядзяць ля ўваходу ў Каралеўскі замак.

Арыгінальны
Арыгінальны фрагмэнт калёны з 1644–1887 гадоў. Photo: Krzysztof Dudzik (User:ToSter) - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Варта нагадаць, што з каралеўскай шабляй зьвязаная легенда. Паводле яе, калі кароль апусьціць руку, у якой трымае крывую шаблю, гораду будзе пагражаць небясьпека.

pl.wikipedia.org/аз



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт