Logo Polskiego Radia
Print

Як кіраваць машынай, каб расход паліва быў мінімальны?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.02.2017 15:05
  • eco driving.mp3
Няпраўда, што трэба адмовіцца ад камфорту, напрыклад, абагрэву зімой ці кандыцыянэра летам.
pixabay.com

Амаль кожны з нас хаця б час ад часу езьдзіць на ўласным аўтамабілі, у якасьці кіроўцы або пасажыра. І кожны з нас хацеў бы, каб за бэнзін плаціць як мага менш, тым больш, што гэтае паліва апошнім часам зноў даражэе. І таму ўсё больш папулярным становіцца эканамічны стыль язды на машыне, які можа прынесьці сапраўды даволі сур’ёзную ашчаднасьць нашаму бюджэту.

Ашчадны стыль кіраваньня машынай называецца eco driving (з ангельскай мовы эканамічная язда). Пра прынцыпы экадрайвінгу чулі практычна ўсе, але многія кіроўцы мяркуюць, што такі стыль кіраваньня аўтамабілям даволі нудны, вельмі спакойны, і што трэба адмовіцца ад некаторых элемэнтаў камфорту, напрыклад, абагрэву зімой ці кандыцыянэра летам.

Калі мы прымаем рашэньне, якое аўто набыць, то пераважная большасьць людзей зьвяртае ўвагу на тэхнічныя парамэтры – між іншым, колькі машына расходуе бэнзіну на 100 кілямэтраў, і больш эканамічныя аўтамабілі карыстаюцца большым попытам. Пры гэтым многія забываюць, што на тое, колькі паліва выкарыстае машына, уплывае таксама наш стыль кіраваньня. Дзякуючы прынцыпам экадрайвінгу наша машына можа расходаваць нават паўтара літра бэнзіну менш на кожныя сто кілямэтраў. У Польшчы літар паліва каштуе каля пяці злотых, паўтара літры – 7,5 злотых (амаль 2 даляры). Гэта, канешне, ня вельмі вялікая сума, але калі хтосьці шмат езьдзіць, то ў год можа зэканоміць нават да 2 тыс. злотых (каля 500 даляраў ЗША). Пры гэтым эканамічны стыль язды не абавязкова менш прыемны, чым гэтак званы агрэсіўны, спартыўны, трэба толькі ведаць пэўныя ноў-хаў, – адзначае Марцін Гжэбелюх са Школы бясьпечнай язды CARevent.

М. Гжэбелюх: Трэба назваць дзьве мадэлі экадрайвінгу. Першая: максымальнае абмежаваньне ўсяго, што павышае расход паліва. Аднак пра гэты стыль мы ня будзем казаць, так як я не ўяўляю сабе сытуацыі, калі летам у гарачыню мы не ўключым кандыцыянэр, каб толькі не павысіць расход бэнзіну. Другі стыль – нармальны, пры якім важна памятаць пра адну самую важную рэч: плянаваньне шляху. Калі я бачу, што загараецца чырвонае сьвятло, то не націскаю паскаральнік, а тармажу паступова, на перадачы. Акрамя таго, нельга трымаць рухавік на вельмі высокіх абаротаў (5-6 тыс). Высокія абароты дазваляюць ехаць дынамічна, але выклікаюць большы расход паліва. Лепш разганяцца паступова і старацца ўтрымліваць пастаянную хуткасьць.

Як правіла экадрайвінг атаясамліваецца з павольнай яздой, калі няма рэзкага паскарэньня і тармажэньня. Ці сапраўды эканамічны стыль кіраваньня машынай павінен быць павольны?

М. Гжэбелюх: Сапраўды, крыху праўды ў гэтым ёсьць. Спальваньне паліва рэзка павялічваецца пры хуткасьці, большай за 110 кілямэтраў у гадзіну. Але гэта не азначае, што нам прыйдзецца цягнуцца павольна як чарапаха. Не, трэба езьдзіць нармальна, згодна правілам дарожнага руху. Самае галоўнае – не рабіць непатрэбных рэчаў – не тармазіць і не націскаць пэдаль газу надта рэзка. І памятаць пра ўтрыманьне па меры магчымасьці пастаяннай хуткасьці, напрыклад, на 5 перадачы і абаротах каля 2,5 тыс.

Трэба таксама памятаць пра эрганоміку нашага аўтамабіля. І здымаць усе прадметы, напрыклад, багажнік з даху машыны тады, калі гэты прадмет не зьяўляецца неабходным.

М. Гжэбелюх: Усё, што не знаходзіцца ў стандартным абсталяваньні нашай машыны, усё, што пагаршае эрганоміку, павышае таксама расход паліва. Дадатковы багажнік на даху аўто павышае супраціў паветра, і, адпаведна, павышае спальваньне бэнзіну. Канешне, калі мы едзем на лыжы, то неяк гэтыя лыжы трэба правезьці, і лепш гэта зрабіць у багажніку на даху, чым у кабіне. Але калі ўжо вернемся з лыжаў, то няма сэнсу далей вазіць з сабой багажнік, паколькі ў выніку наша машына спаліць нават на адзін літар бэнзіну на сто кілямэтраў больш.

Кожны кіроўца павінен таксама рэгулярна правяраць ціск паветра ў шынах і пампаваць колы, калі ціск надта нізкі. Ціск павінен быць такі, як рэкамэндуе вытворца аўтамабіля. Але нельга забываць, што пры рэзкіх зьменах тэмпэратуры паветра ціск можа мяняцца, таму варта ціск рэгулярна правяраць, асабліва калі прыходзяць халодныя або цяплейшыя дні.

Дарэчы, трэба дадаць, што эканамічны стыль язды таксама больш карысны для навакольнага асяродзьдзя (больш экалягічны).


І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт