Logo Polskiego Radia
Print

Абаронцы жывёл ратуюць коней, якіх прадаюць на мяса

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.03.2017 14:39
  • kiermasz.mp3
Многія гандляры ходзяць па кірмашы ў Скарышаве з пугай у руцэ, якая служаць для біцьця коней.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com

У панядзелак і аўторак у Скарышаве пад Радамам (цэнтральная частка Польшчы) адбываецца самы буйны ў дзяржаве кірмаш коней – гэтак званыя «Уступы» (Wstepy). Гэта традыцыйны кірмаш, карані якога выводзяцца з 17-га стагодзьдзя. Але няўрадавыя арганізацыі адзначаюць, што за прыгожым фасадам скрываецца чорная карцінка. Коней на кірмашы катуюць, многія з іх са Скарышава адпраўляюцца ў свой апошні шлях – на бойню.

У гэтым годзе кірмаш праходзіць цягам двух дзён, а не аднаго, як звычайна. Меркаваньнем арганізатараў, так будзе лепш для жывёлы, продаж пройдзе спакайней і свабадней, без вялікай таўкатні. Прадстаўнікі арганізацый, якія абараняюць жывёлу, кажуць, што на кірмашы парушаецца закон аб ахове жывёлы, коней перавозяць і трымаюць у дрэнным умовах. Яны адзначаюць, што многія гандляры ходзяць па кірмашы з пугай у руцэ, якая служаць для біцьця коней. Да жывёлы ставяцца не як да жывых істот, а як да мяса, якім коні неўзабаве стануць. Коней там купляюць галоўным чынам на вагу, а за старых жывёл плацяць каля 7 злотых за кіляграм. Жывёл прадаюць на мяса, галоўным чынам у Італію. Але абаронцам жывёл удаецца частку выратаваць, паколькі яны самі купляюць коней і дазваляюць ім спакойна дажыць да натуральнай сьмерці. Гаворыць Скарлет Шылогаліс з фундацыі Тара.

С. Шылогаліс: Мы стараемся скупіць як мага больш коней, пакуль нам хапае грошай. Ратуем коней да апошняга злотага. На пэўна мы купілі ўжо каля паўсотні коней, але мы падтрымліваем у фінансавым пляне таксама некаторыя арганізацыі і прыватных асоб, якім не хапае сродкаў на куплю жывёлы.

Паветавы лекар вэтэрынарыі ў Радаме Гжэгаж Заборскі адзначае, што найгорш адносяцца да жывёлы мясцовыя гандляры, паколькі падчас транспарціроўкі коней яны не прадугледзелі мокрага надворʼя.

Г. Заборскі: Шмат парушэньняў датычыла нашых мясцовых фэрмэраў, яны не зьвярнулі ўвагі на надворʼе, іншыя правільна наладзілі транспарціроўку. На пачатку кірмашу нам прыйшлося каля 20 разоў зьвяртаць увагу гандляроў, што ў некаторых коней паявіліся невялікія раны. Так сталася пераважна таму, што гандляры сьпяшаюцца, стараюцца як мага хутчэй завесьці коней на гандаль.

Закон аб ахове жывёлы прадугледжвае гуманныя адносіны да жывых істот, – нагадвае прадстаўнік парлямэнцкай групы сяброў жывёлы Міхал Шчэрба. Дэпутат мяркуе, што гэты параграф асаблівым чынам датычыць менавіта коней, паколькі гэта жывёлы, якія жывуць побач з чалавекам і служаць яму спакон вякоў. Палітык ведае таксама праблемы, на якія абаронцы жывёл зьвяртаюць увагу падчас кірмашу ў Скарышаве. Калісьці гэта быў самы вялікі конскі кірмаш у Эўропе, а цяпер там прадаюць жывёлу галоўным чынам на мяса.

На думку Міхала Шчэрбы, тое асаблівае месца, якое займае конь у гісторыі чалавецтва, патрабуе асаблівых да яго адносін.

М. Шчэрба: На маю думку, конь зьяўляецца ня толькі хатняй, гаспадарчай жывёлай. Ён перад усім таварыш, сябар чалавека. Так было цягам многіх стагодзьдзяў. Таму конь заслугоўвае асаблівай пашаны, з якой трэба да яго ставіцца таксама тады, калі ўладальнік вырашыць прадаць яго ў бойню.

Паводле падлікаў экалягічных арганізацый і абаронцаў жывёл, сёлета на кірмаш у Скарышаве было прывезена каля чатырохсот коней. Адносіны ўладальнікаў да многіх з іх пакідаюць жадаць лепшага. І таму кожны год аматары гэтай грацыёзнай жывёлы пільна сочаць за тым, што адбываецца на буйнейшым конскім кірмашы ў Польшчы. Яны нагадваюць, што за жорсткія адносіны да жывёлы пагражае ў горшым выпадку нават да двух гадоў турэмнага зьняволеньня.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт