Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.03.2017 15:46
  • autostrada do nieba Łobaszewska.mp3
Гражына Лабашэўска і Пётр Шульц запрашаюць праехацца па аўтастрадзе да неба і сонца.
www.pixabay.com

У сёньняшняй перадачы мы зноў вернемся ў залатыя для польскай эстрады 80-ыя гады. Менавіта тады была запісана кампазыцыя, якую я прапаную вашай увазе. Сьпявае яе Гражына Лабашэўская разам зь Пятром Шульцам.

Лабашэўская ўжо калісьці была госьцем нашай перадачы, але і так я згадаю некалькі асноўных фактаў з яе біяграфіі. Нарадзілася ў Гданьску ў 1952 годзе, там жа закончыла музычную школу па клясе фартэпіяна. Вучылася сьпяваць таксама на Польскім радыё, паколькі хадзіла на двухгадовы курс у Студыю песьні польскага радыё і тэлебачаньня. Яе дэбют у ролі пясьняркі адбыўся на фэстывалі савецкай песьні ў Зялёнай Гуры, пазьней ня раз выступала на фэстывалі польскай песьні ў Аполі, атрымала некалькі ўзнагарод.

У другой палове 70-ых гадоў супрацоўнічала з калектывам S-26, пазьней зьвязалася з групай Ergo Band, сьпявала з выбітнымі джазавымі выканаўцамі, брала ўдзел у фэстывалях джаз-музыкі, як у Польшчы, так і за яе межамі.

За вялікія заслугі ў галіне культуры Гражына Лабашэўская атрымала сярэбраны мэдаль Заслужаны культуры Gloria Artis.

У сваю чаргу другі выканаўца гэтай песьні – Пётр Шульц. Нарадзіўся на два гады раней за Лабашэўскую. Чалавек музыкі – вакаліст, піяніст, кампазытар, ляўрэат фэстываляу ў Аполі. Запісаў адну аўтарскую кружэлку, на якой сабраў большасьць сваіх твораў.

Час паслухаць ужо песьню. Называецца кампазыцыя «Аўтастрада ў неба (да сонца)».

Pewien pan, z miasta X
Każdy chciałby tam żyć
Wszystko miał - gładki trawnik, duży dom.
Wczoraj wstał, jak co dnia
Nie jadł nic, zabrał psa
Obok krzyk i pomknęli jak wiatr.

Po szosie spokojnej jak morze
Przez świat, z wiatrem do ramion
Widzieli go ludzie jak jechał, jak gnał.

Gdy rozeszła się wieść
Autostradą dwóch rzek
Wyruszali mieszkańcy wielkich miast.
Przeczytałam to dziś
Wzięłam szminkę i klips
Na południe ruszyłam za nimi.

A droga jak brzeg nieznany
Wśród pól i łąk skoszonych
A konie szczęśliwe gdzieś gonią, jak ja...

Niebo ma oczu blask
Autostradę, przytula nas
Ciężarówki dalekich tras
Kocham je, i pęd co chce dziś porwać mnie.

A ja...
Śmieję się, spuszczam dach
Gonią mnie peugeoty dwa
W okularach z grubego szkła
Śliczne tak, jak żółta łódź podwodna.
Nawet ten, stary grat
Pozostawił zmęczony świat.
Mógłby jechać, za kołem tkwi
Naprzód gna autostradą do słońca.

Nagle stop, zjawia się
Nocny shopping - pogromca serc
A nad głową w różowej mgle
Neon lśni - papierosy Marlboro...

Czasem tak zdaje się
Że tu chodzi o życia sens
A to tylko jest ładny film
Jeszcze jedna reklama Marlboro...


Адзін пан, з горада Х (кожны хацеў бы там жыць) усё меў: гладкі газон, вялікі дом. Учора ўстаў, як штодзённа, нічога ня еў, забраў сабаку, раздаўся крык, і памчаліся як вецер.

Па шашы, спакойнай як мора, па сьвеце, з ветрам у плячах. Бачылі яго людзі, як ехаў, як імчаўся.

Калі разышлася вестка, аўтастрадай дьвюх рэк выехалі жыхары вялікіх гарадоў. Я прачытала гэта сёньня, узяла памаду і кліпс, на поўдзень паехала за імі.

А дарога – як бераг незнаёмы, сярод палёў і лугоў скошаных. А коні шчасьлівыя кудысьці бягуць, як я...

У неба бляск вачэй, аўтастраду абдымае, нас. Фуры далёкіх трас, як я іх люблю, і шпаркасьць, якая хоча сёньня захапіць мяне.

А я... Сьмяюся, апускаю дах, гоняцца за мной два пэжо ў акулярах з тоўстага шкла. Такія прыгожыя, як жоўтая падлодка. Нават гэтая старая развалюха пакінула стомлены сьвет. Мог бы ехаць, сядзіць за стырном, наперад імчыцца па аўтастрадзе да сонца.

Раптам стоп, зьяўляецца начны шопінг – утаймавальнік сэрцаў. А над галавой у ружовым тумане блішчыць нэон – цыгарэты Мальбара...

Часам так здаецца, што гаворка ідзе пра сэнс жыцьця, а гэта толькі прыгожы фільм, яшчэ адна рэкляма Мальбара.


Trawnik – гэта беларускі газон, інакш – кавалак зямлі пакрытай зялёнай падстрыжанай травой. Калі з газонам усё зразумела і проста, то вось іншае польскае слова часам выклікае цяжкасьці ў перакладзе на беларускую мову. Гаворка ідзе пра выраз ‘ogródek». Ogród – гэта хутчэй сад, а не агарод, а ogródek мае шырэйшае значэньне, чым толькі невялікі кавалак сада. У прынцыпе, калі гаворым, што хтосьці купіў dom z ogródkiem, то гэта зусім не азначае, што вакол будынку расьце сад. Там нават зусім можа ня быць ні дрэваў, ні кустоў, а толькі trawnik (газон), з якога мы пачыналі разгляд песьні. Так што ogródek часам азначае проста невялікі кавалак уласнай зямлі каля дома.

Pomknęli, pognali, popędzili – тры словы, якія ўсе можна перакласьці як памчаліся, пабеглі. Я хачу зьвярнуць увагу на розьніцу паміж словамі pognać i pogonić. Яна заключаецца ў напісаньні толькі ў адной літарцы, але ў значэньні розьніца немалая. Слова pognać азначае менавіта памчацца, кудысьці хутка пасьпешна пабегчы, пайсьці, а pogonić – прагнаць кагосьці.

Twój tata zabiegł na chwilę do domu i gdzieś znowu pognał – Твой тата на хвілінку прыбег да дому і зноў кудысьці памчаўся.

Pogoniłam dzieci spać, bo już późno – Я пагнала дзяцей спаць, бо ўжо позна.
Szminka – гэта губная памада. У польская мове ўжываецца таксама выраз pomadka, з аднолькавым значэньнем.

Peugeot – усім вядомая марка аўтамабіля. Ёсьць адзін нюанс, які цяжка зразумець. Гаворка ідзе пра скланеньне. Існуюць дзьве вядомыя францускія аўтамабільныя кампаніі – Рэно і Пэжо. На францускай мове гэтыя словы пішуцца Renault i Peugeot, абодва на мове арыгіналу не скланяюцца. А вось палякі кажуць у родным склоне Peugeota (з канчаткам), але Renault (без канчатку). Чаму так, ня ведаю. Відаць, па нейкай моўнай традыцыі.

Stary grat – старая развалюха. Так палякі кажуць пераважна пра стары патрыманы аўтамабіль, але gratem называюць таксама старую мэблю або нейкі іншы прадмет.

Neon lśni – papierosy Marlboro – нэонавая рэкляма цыгарэт. Нашы слухачы яшчэ могуць памятаць гэтыя рэклямы, якія паяўляліся асабліва ў старых амэрыканскіх фільмах, дзе каўбоі курылі менавіта гэтыя цыгарэты. Цяпер жа цяжка сабе нават уявіць, каб галоўны герой у кінафільме курыў, цыгарэты можна ўбачыць толькі ў руцэ дрэннага пэрсанажа, і то рэдка. Часы мяняюцца.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт