Logo Polskiego Radia
Print

Чэрск – адзін з найстарэйшых гарадоў у Мазовіі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.03.2017 15:31
  • Чэрск – адзін з найстарэйшых.mp3
Чэрскі замак зьяўляецца адным з найбольш каштоўных помнікаў гісторыі ў рэгіёне Мазовіі.
Замак і касьцёл у Чэрску. Photo:Marek i Ewa Wojciechowscy/Trips over Poland/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0Замак і касьцёл у Чэрску. Photo:Marek i Ewa Wojciechowscy/Trips over Poland/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0Photo:Marek i Ewa Wojciechowscy/Trips over Poland/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Чэрск(Czersk) – гэта разьмешчанае ля Варшавы сяло ў муніцыпалітэце Гура Кальварыя (Góra Kalwaria). Гэта адзін з самых старых гарадоў у Мазовіі й сталіца Чэрскай зямлі, каралеўскі горад Кароны Каралеўства Польскага ў Мазавецкім ваяводзтве.

У цяперашні час Чэрск вядомы ў асноўным руінамі сярэднявечнага замка князёў Мазовіі, якія зьяўляюцца галоўнай турыстычнай цікавінкай у гэтай маленькай вёсцы, і адначасова адным з найбольш каштоўных помнікаў гісторыі ў рэгіёне Мазовіі.

Чэрск вельмі прыгожа разьмешчаны на Чэрскім возеры й старыцы Віслы. Некалькі сот мэтраў ад яго межаў плыве рака Вісла.

Чэрскае
Чэрскае возера. Photo: print screen/www.youtube.com

Першыя паселішчы на ўзгорку ў месцы, у якім цяпер разьмяшчаецца вёска, паходзяць з каменнага веку. Гэты раён быў прывабным месцам для заснаваньня паселішча ў сувязі з маляўнічым адхонам Віслы, скрыжаваньнем гандлёвых шляхоў і зручнай пераправай празь Віслу.

Першы вядомы град быў заснаваны ў XI стагодзьдзі на месцы існуючага тут у VII-VIII стагодзьдзях паселішча. У XII стагодзьдзі Чэрск стаў сядзібай кашталяна, а ў 1252 годзе ўвайшоў у склад Познаньскай дыяцэзіі, то бок стаў важным палітычным цэнтрам. У тым жа стагодзьдзі Чэрск стаў сталіцай Мазавецкага княства. У вёсцы ўзьнік гарадзкі рынак.

Гарадзкія правы Чэрск атрымаў у 1350 годзе. Напрыканцы XIV і пачатку XV стагодзьдзяў князь Януш І Старэйшы пабудаваў у Чэрску шматкутны замак. Аднак у 1413 годзе князь перанёс сваю сядзібу ў Варшаву, прычыняючыся да заняпаду гораду. Паводле гісторыкаў, раней горад страціў сваё значэньне ў выніку перамяшчэньня рэчышча Віслы далей на ўсход.

Паўторны росквіт Чэрска назіраўся пры ўладзе каралевы Боны, жонкі Жыгімонта Старога, якая атрымала Чэрск у якасьці ўдавінай дапамогі пасьля сьмерці мужа. Каралева ахвотна заставалася ў горадзе. Па ейнай ініцыятыве тут быў пабудаваны бровар, разьвіваўся гандаль, вінаградарства й садоўніцтва.

Аднак падчас швэдзкага нашэсьця Чэрск пацярпеў вельмі сур'ёзныя шкоды. Падчас адступленьня, пасьля паразы з войскамі Стэфана Чарнэцкага (Stefan Czarnecki) пад Варкай (Warka) швэдзкая армія заняла крэпасьць і цалкам яе зьнішчыла. З тых часоў назіраўся далейшы сыстэматычны заняпад горада.

І хоць у 1762-1766 гадах вялікі маршал кароны Францішак Бяліньскі (Franciszek Bieliński) паспрабаваў рэканструяваць замак, то падчас прускай акупацыі гэтых земляў яго муры былі разбураныя, што й пазбавіла крэпасьць рэштак ваеннага значэньня. У 1869 годзе царскія ўлады адабралі ў Чэрска гарадзкія правы.

У цяперашні час на месцы былой крэпасьці засталіся руіны й каменныя вуліцы.

Самым важным помнікам Чэрска зьяўляецца замак, які выглядае асабліва эфэктна з боку Віслы. Зь яго вежаў можна паглядзець цудоўны навакольны краявід. Замак быў унесены ў пералік помнікаў даўніны ў 1958 годзе.

У Чэрску знаходзіцца таксама касьцёл Перамяненьня Гасподняга пабудаваны ў 1805-1806 гадах. Гэта была кампэнсацыя прускай улады за канфіскацыю вёскі Лінін (Linin). Касьцёл быў перабудаваны ў 1900 годзе.
Сьвятыня была ўнесеная ў пералік помнікаў даўніны разам з могілкамі.

Арган
Арган у касьцёле ў Чэрску. Photo:Rafał T/fotopolska.eu/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Варта згадаць, што сучасны Чэрск разьмешчаны паводле сярэднявечнага пляну гораду. У Польшчы няшмат такіх гарадкоў, якія так як Чэрск могуць пахваліцца плошчай зь сярэднявечным радаводам – цяпер гэта плошча Тысячагодзьдзя. Дарэчы, сярэднявечная гарадзкая пляніроўка гораду таксама ўнесена ў сьпіс помнікаў гістарычнай спадчыны.

У 2009 годзе недалёка ад замка, на дне сажалкі была знойдзеная 500-гадовая баржа.

Баржа.
Баржа. Photo: print screen/www.youtube.com

З чэрскім замкам зьвязаная не адна легенда. Адна зь іх расказвае пра жамчужыны каралевы Боны.

Калі каралева Бона зьяжджала з польскай зямлі, наведала замак у Чэрску, каб забраць назапашаныя на працягу гадоў каштоўнасьці. Для таго, каб паскорыць працу, яна сама пачала насіць меншыя скрыні ў карэту. З адной зь іх выпала доўгая нітка жамчужынаў, якая парвалася. Жамчужыны рассыпаліся па падлозе, але каралева іх не сабрала. Паводле легенды, падчас поўні ў замку можна пабачыць белую постаць, якая зьбірае рассыпаныя жамчужыны. Але, як толькі яна закончыць іх зьбіраць, то яны зноў рассыпаюцца й працу трэба пачынаць нанава.

Іншая легенда расказвае пра замкавыя скляпеньні, дзе князь Януш І Старэйшы схаваў свае скарбы. Паводле яе, цягам стагодзьдзяў не адзін сьмяльчак спрабаваў да іх дабрацца, але ніхто не вярнуўся з гэтых экспэдыцыяў.

Ёсьць таксама людзі, якія кажуць, што ў час раскопак археолягі знайшлі дзьверы ў замкавыя падзямельлі. Аднак ці нехта ўрэшце знойдзе княжацкія скарбы невядома.

pl.wikipedia.org/аз



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт