Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ўсё ж плянуе будову АЭС

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 10.03.2017 15:43
  • Польшча ўсё ж плянуе будову АЭС.mp3
Да канца сакавіка ўзьнікне новы графік будовы і мадэль фінансаваньня першай польскай атамнай электрастанцыі.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0

Да канца сакавіка ў Польшчы ўзьнікне новы графік будовы і мадэль фінансаваньня першай польскай атамнай электрастанцыі – паінфармавала Міністэрства энэргіі.
Спэцыялісты кажуць, што АЭС у Польшчы як сьнежны чалавек, усе пра яго чулі, але ніхто ня бачыў. Міністэрства энэргіі пераконвае, што пад канец сакавіка падрыхтуе новы графік інвэстыцыі.

Як кажа дырэктар дэпартамэнту па справах ядзернай энэргіі Юзэф Сабалеўскі, распачаліся таксама праца па ацэнцы інвэстыцыі на навакольнае асяродзьдзе, якія дапамогуць выбраць месца будовы АЭС.

Ю. Сабалеўскі: Пад увагу бяруцца мясцовасьць Капаліна-Любятова (Паморскае ваяводзтва) і Жарновец у Сілескім ваяводзтве. Пачатак 2019 году будзе момантам, калі можна будзе назваць месца будовы.

Вельмі скептычна да магчымасьці будовы атамнай электрастанцыі падыходзіць экспэрт парталу wysokienapiecie.pl Бартламей Дэрскі.

Б. Дэрскі: У цэлай Эўропе ва ўсіх атамных праектах назіраюцца вельмі сур’ёзныя спазьненьні, перавышэньні бюджэту.

Экспэрты таксама гавораць, што найперш неабходна знайсьці крыніцы фінансаваньня інвэстыцыі, якая можа быць вартая нават 12,5 млрд даляраў.
Бартламей Дэрскі зьвяртае ўвагу, што збудаваць АЭС не ўдалося ніводнаму ўраду.

Б. Дэрскі: Невядома, дзе магла б быць пабудаваная АЭС. Невядома, хто мог бы яе будаваць, за якія грошы. Шчыра кажучы, я сумняваюся, што гэтаму ўраду ўдасца зрабіць істотны крок наперад. Асабліва беручы пад увагу тое, што атам у пэўным сэнсе зьяўляецца канкурэнтам вугалю, а ён мае быць нацыянальнай асновай энэргетычнай палітыкі.

Паводле экспэрта, самым вялікім выклікам для кіруючых сіл будзе пошук крыніц фінансаваньня гэтай інвэстыцыі.

Б. Дэрскі: Трэба распрацаваць мэханізм дзяржаўнай дапамогі. Гэты мэханізм павінен быць зацьверджаны Эўрапейскай камісіяй. Неабходна паказаць грамадзтву, якія гэта будуць больш менш кошты. Кошт энэргіі з атамнай электрастанцыі атрымаецца значна вышэйшым, чым цяперашняя аптовая цана энэргіі на рынку. Таму трэба будзе дакладаць значныя сумы, так як дакладаюць да іншых галін, бо ніводная не аплачваецца.

Паводле заяў Міністэрства энэргіі, да канца сакавіка разам з новым графікам таксама будзе падрыхтаваная мадэль фінансаваньня інвэстыцыі. У панядзелак у TVP Info міністар энэргіі Кшыштаф Тхужэўскі сказаў, што Польшча з увагі на кліматычныя патрабаваньні павінна пабудаваць атамную электрастанцыю.

Ранейшы графік прац, прыняты ў часы папярэдняга ўраду, прадугледжваў, што да канца 2016 году будзе вядомая лякалізацыя і тэхналёгія, у якой узьнікне першая польская атамная электрастанцыя.

У студзені міністар энэргіі паведамляў, што праект першай польскай АЭС прыпынены, а можа быць нават увогуле спынены. Кшыштаф Тхужэўскі інфармаваў, што дагэтуль працы ў гэтым напрамку паглынулі каля 50 тысяч даляраў.
Міністра падкрэсьліваў, што будова АЭС будзе залежыць ад сродкаў. Кшыштаф Тхужэўскі прызнаў, што Польшчы тэрмінова патрэбныя дадатковыя электрастанцыі. За грошы, прызначаныя на АЭС, можна пабудаваць тры традыцыйныя электрастанцыі.

«З пункту гледжаньня эканамічнай эфэктыўнасьці адназначна перамагаюць традыцыйныя станцыі. З пункту гледзішча кліматычных патрабаваньняў сытуацыю ў Польшчы палепшыла б атамная электрастанцыя. У такой сытуацыі я мушу зрабіць выбар. Тут няма ідэалёгіі», – адзначыў міністар энэргіі.

Надалей невядома, колькі будзе каштаваць інвэстыцыя. Паводле неафіцыйных падлікаў, кошт можа скласьці прыкладна 12,5 млрд даляраў. Міністэрства хацела б мешанага, дзяржаўна-прыватнага фінансаваньня.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт