Logo Polskiego Radia
Print

Капліца чарапоў у курортным гарадку Кудова-Здруй (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.03.2017 16:26
  • Капліца чарапоў.mp3
На сьценах і столі інтэр'еру капліцы зьмешчаныя каля 3 тысячы чарапоў і касьцей ахвяр войнаў і эпідэмій.
Phota: Ministry of Foreign Affairs of the Republic of Poland/flickr.com/Commercial use allowedPhota: Ministry of Foreign Affairs of the Republic of Poland/flickr.com/Commercial use allowedPhota: Ministry of Foreign Affairs of the Republic of Poland/flickr.com/Commercial use allowed

Капліца чарапоў – гэта сакральны помнік, разьмешчаны ў гарадку Кудова-Здруй (Kudowa-Zdrój) у паўднёва-заходняй частцы краіны. Будынак капліцы разьмешчаны каля 1 км ад цэнтра гораду ў раёне Чэрмна (Czermna) у даліне ракі Чармніца (Czermnica). Гэта месца пахаваньня ахвяраў сілескіх войнаў і эпідэмій, якія адбыліся на гэтых землях у XVIII стагодзьдзі.

Капліца была пабудавана ў 1776-1804 гадах па ініцыятыве пробашча мясцовай парафіі ксяндза Вацлава Тамашка, па паходжаньні чэха.

Аднойчы пасьля ліўня ў 1776 годзе на адхоне ля касьцельнай званіцы сьвятар убачыў чалавечыя чарапы й косьці. Ён паклікаў мясцовага магільшчыка, касьцёльнага вартаўніка й разам зь імі пачаў даставаць неглыбока зьмешчаныя косьці.

Phota:
Phota: Ministry of Foreign Affairs of the Republic of Poland/flickr.com/Commercial use allowed

Яны нават не чакалі, што знойдуць настолькі вялікую колькасьць чалавечых касьцей. Пазьней аказалася, што праліўны дождж адкрыў месца пахаваньня ахвяраў войнаў, якія прайшлі на Клодзкай зямлі. Хутчэй за ўсё там былі пахаваныя ахвяры Трыццацігадовай вайны (1618-1648), Аўстра-пруска-італьянскай вайны 1866 году, успышкі халеры ў XVII і XVIII стагодзьдзях, а таксама Сямігадовай вайны, якая адбылася ў 1756-1763 гадах.

Паколькі ў 1775 годзе сьвятар як раз наведаў катакомбы ў Рыме, якія зрабілі на ім вялікае ўражаньне, то ў яго нарадзілася пэўная ідэя. Ён вырашыў здабыць зь зямлі ўсе астанкі, а ачышчаныя й адбеленыя косьці й чарапы сабраць у капліцы.

Phota:
Phota: pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У 1776 годзе пачалося будаўніцтва капліцы, якое суфінансаваў Леапольд фон Лесьлі (Leopold von Leslie) – мясцовы ўладар. Пасьля ўзьвядзеньня будынку капліцы ксёндз Тамашэк і мясцовы магільшчык Лангер (J.Langer) на працягу амаль 20 гадоў шукалі ў ваколіцы брацкіх магілаў і зьбіралі чалавечыя астанкі.

Phota:
Phota: Ministry of Foreign Affairs of the Republic of Poland/flickr.com/Commercial use allowed

Работы над унутраным дызайнам пахавальнай капліцы працягваліся да 1804 году, то бок амаль 8 гадоў. Сьвятар і магільшчык, якія ў працу ўклалі найбольш намаганьняў, вырашылі, што праз 20 гадоў пасьля сьмерці іх астанкі таксама павінны быць зьмешчаныя ў капліцы. Дарэчы, сьвятар Вацлаў Тамашэк памёр у 1804 годзе.

Будынак капліцы ў стылі барока невялікі, пабудаваны з цэглы й зьмешчаны на квадратнай аснове. Ён быў узьведзены паміж касьцёлам сьвятога Варфаламея й званіцай. На сьценах і столі інтэр'еру капліцы зьмешчаныя каля 3 тысячы чарапоў і касьцей ахвяр войнаў і эпідэмій.

Астатнія 20-30 тысяч астанкаў знаходзяцца ў склепе пад капліцай. На сьцяне разьмешчаны невялікі, сьціплы алтар з расьпяцьцем у стылі барока, на якім ляжаць самыя цікавыя экзэмпляры чарапоў.

Phota:
Phota: Ministry of Foreign Affairs of the Republic of Poland/flickr.com/Commercial use allowed

Сярод касьцей і чарапоў, выкладзеных пластамі ля сьценак капліцы, знаходзяцца дзьве драўляныя скульптуры анёлаў. Адзін з трубой і лацінскім надпісам „Паўстаньце зь мёртвых”. Другі анёл трымае шалі. На гэтай скульптуры знаходзіцца лацінскі надпіс: „Ідзіце пад суд”.

Перад уваходам стаіць статуя з трохмоўным надпісам на нямецкай, чэскай і польскай мовах: „Ахвярам вайны ў памяць, а жывым - дзеля папярэджаньня. 1914 год”.

Phota:
Phota: Merlin - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У капліцы выстаўленыя, напрыклад, чарапы магільшчыка Лянгера, старшыні сельсавета раёну Чэрмна й яго жонкі, чэрап татара (пра што сьведчыць яго анатомія), чэрап з прыкметамі, нанесенымі хваробай, і сьцегнавая косьць чалавечага росту прыкладна ў 2 мэтры (верагодна Швэда) і г.д.

Чэрап старшыні сельсавета мае сьляды ад куль. Мужчына быў застрэлены прусакамі падчас Сямігадовай вайны (1756-1763) за тое, што ён перавёў аўстрыйскую армію праз Скалы Блуканьня (Błędne Skały), названыя такім чынам таму, што ў іх можна было лёгка згубіцца. Яго жонка, чэрап якой таксама знаходзіцца ў капліцы, загінула ад удару вострым прадметам, спрабуючы закрыць мужа ўласным целам. Пра гэта сьведчаць сьляды на ейным чэрапе.

Капліца чарапоў у гарадку Кудова-Здруй зьяўляецца сымбалем хуткабежнасьці й далікатнасьці жыцьця чалавека. Тут спачываюць косьці членаў сем’яў, сябраў і ворагаў.

Phota:
Phota: Karelj - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Кожны год 14 жніўня ў капліцы служыцца сьвятая імша за упакой душы ўсіх памерлых, косьці якіх былі тут зьмешчаныя. Капліца чарапоў у Кудове-Здруй – гэта адзіны гэткага віду аб’ект ў Польшчы й адзін з трох у Эўропе. Таму варта наведаць гэтае ўнікальнае месца.

pl.wikipedia.org/аз





Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт