Logo Polskiego Radia
Print

У адпачынак палякі лётаюць у Грэцыю, на працу – у Вялікабрытанію

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.03.2017 15:25
Гэткія высновы можна зрабіць на падставе дадзеных Упраўленьня грамадзянскай авіяцыі.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Упраўленьне грамадзянскай авіяцыі прадставіла статыстычныя дадзеныя аб напрамках, якія найчасьцей выбіраюць палякі. Паводле іх, на адпачынак грамадзяне Польшчы найчасьцей лётаюць у Грэцыю, Гішпанію й Балгарыю. У Вялікабрытанію, Нямеччыну й Нарвэгію яны накіроўваюцца на працу й дзеля сустрэч зь сям’ёй.

Як кажа старшыня Ўпраўленьня грамадзянскай авіяцыі Пётр Самсан (Piotr Samson), асноўныя накірункі чартэрных рэйсаў зьмяніліся за апошнія некалькі гадоў. Раней на першым месцы рэйтынгу быў Эгіпет. Іншай краінай, якую палякі наведвалі вельмі ахвотна, быў Туніс. Аднак абедзьве гэтыя краіны пасьля хвалі тэрактаў страцілі сваю папулярнасьць, хоць Эгіпет надалей знаходзіцца ў топ-10.

Пётр Самсан таксама зьвяртае ўвагу, што сярод краін, якія палякі часта выбіраюць, знаходзяцца, напрыклад, Мэксыка, Дамініканская Рэспубліка, Тайлянд і Кенія. Гэтыя краіны выбіраюць, перш за ўсё, асобы, якія добра ўжо ведаюць Эўропу й хочуць наведаць больш экзатычныя месцы.

Пётр Самсан: Мы фіксуем усё больш далёкіх спалучэньняў. Мэксыка, Карыбскія выспы - гэта ўжо таксама месцы, куды палякі хочуць лётаць.

У сьпісе накірункаў рэгулярных рэйсаў апрача Вялікабрытаніі й Нарвэгіі апынуліся таксама Гішпанія, ЗША й Расея.

Старшыня Ўпраўленьня грамадзянскай авіяцыі лічыць, што колькасьць пасажыраў, якіх абслугоўваюць польскія аэрапорты, будзе надалей расьці й да 2030 году дасягне 60 мільёнаў пасажыраў у год. У мінулым годзе аэрапорты ў Польшчы абслужылі 34 мільёны пасажыраў.

аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт