Logo Polskiego Radia
Print

На моры ўзьнікне штучная выспа для вытворчасьці току

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.03.2017 17:14
Электраэнэргію атрымаюць пяць краін: Вялікабрытанія, Нямеччына, Нарвэгія, Данія й Бэльгія.
fot. youtube.com/TenneT

На Паўночным моры ўзьнікне штучная выспа для вытворчасьці электраэнэргіі.

Гэта будзе вялікая электрастанцыя па вытворчасьці энэргіі на аснове аднаўляльных крыніц. На высьпе будуць выкарыстоўвацца панэлі сонечных батарэй, ветраныя турбіны й турбіны, якіх працуюцю дзякуючы марскім хвалям. У адпаведнасьці з плянамі, выспа будзе створаная да 2050 года.

Электраэнэргію з гэтай выспы атрымаюць пяць краін: Вялікабрытанія, Нямеччына, Нарвэгія, Данія й Бэльгія. Ток будзе перадавацца кабэлямі, разьмешчанымі на марскім дне.

Разьмяшчэньне выспы павінна адпавядаць шэрагу патрабаваньняў, такіх, як аптымальныя ўмовы ветру, цэнтральнае разьмяшчэньне, адносна плыткая вада. Гэтыя ўмовы, на думку стваральнікаў, выконвае тэрыторыя Догер-банка ў Паўночным моры, які знаходзіцца паміж Вялікабрытаніяй і паўвостравам Ютляндыя.

Штучны востраў будзе пабудаваны прыкладна ў 100 кілямэтрах ад усходняга ўзьбярэжжа Вялікабрытаніі й будзе мець плошчу каля 6 квадратных кілямэтраў.

Праект распрацоўваецца дзьвюма кампаніямі: нямецкай «TenneT TSO» і дацкай «Energinet». Эўрапейскі Зьвяз ужо заявіў пра фінансавую падтрымку, таму што энэргія з выспы паспрыяе скарачэньню выкідаў вуглякіслага газу.

У адпаведнасьці з плянамі, на востраве і яго ваколіцах павінны стаяць каля 7 тысяч турбін. Кошт праекта ацэньваецца прыкладна ў 1,5 млрд эўра. Энэргія з выспы забясьпечыць 80 мільёнаў хатніх гаспадарак.

На высьпе заплянаваныя таксама порт, аэрапорт, штучнае возера і дамы для пэрсаналу і спэцыялістаў, патрэбных для тэхнічнага абслугоўваньня абсталяваньня.

Такім чынам, утрыманьне турбін будзе каштаваць менш, таму што людзі, адказныя за іх працу, будуць жыць на месцы.

Жыхары штучнага кавалка зямлі будуць мець у сваім распараджэньні месца адпачынку, спартыўныя збудаваньні й пляж.

rzeczpospolita/PortalMorski.pl/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт