Бакіеў прыйшоў да ўлады ў 2005 годзе ў выніку «Цюльпанавай рэвалюцыі», калі быў зрынуты першы прэзыдэнт краіны Аскaр Акаеў.
Аднак амаль адразу Бакіеў скіраваў свае высілкі на ўзурпацыю ўлады.
У 2007 годзе ён правёў рэфэрэндум па зьменах у канстытуцыі, якая дазваляла сканцэнтраваць уладу ў ягоных руках, распусьціў апазыцыйны парлямэнт. На вышэйшыя пасады ў краіне пачаў ставіць людзей з крымінальным мінулым і крымінальнымі сувязямі, а таксама сваіх сваякоў і блізкіх сябраў. Кіргізія фактычна пераўтварылася ў крымінальную краіну, разрасталася карупцыя і злоўжываньні.
Быў нават уведзены адмысловы падатак на сотавую сувязь, грошы ішлі ў кішэнь сына Бакіева, Максіма, які «зарабіў» на гэтым падатку 5 мільёнаў даляраў.
Нарастаючая незадаволенасьць вылілася на вуліцы Бішкека 7 красавіка 2010 году, апазыцыя арганізавала масавыя акцыі пратэстаў з патрабаваньнем адстаўкі Бакіева. Пачаліся сутыкненьні з сіламі паліцыі і ўнутраных войскаў. У выніку загінула больш за 80 чалавек, сотні былі паранены. Пратэстоўцы да вечара захапілі Дом Ураду. Бакіеў зьбег з Бішкеку ў горад Ош.
8 красавіка 2010 кіраўнік часовага ўраду Роза Атумбаева абвясьла дэкрэт «Пра пераход улады да часовага ўраду і пра парадак выкананьня Канстытуцыі Рэспублікі Кіргізія». Было заяўлена, што часовы ўрад будзе выконваць абавязкі на працягу 6 месяцаў, пасьля чаго павінны адбыцца выбары.
У сваю чаргу Бакіеў заявіў, што зьяўляецца законным прэзыдэнтам і не зьбіраецца складваць паўнамоцтвы. Каб не патрапіць у рукі новай улады Бакіеў зьехаў у Казахстан, дзе ўжо 16 красавіка падпісаў заяву пра адстаўку з пасады прэзыдэнта.
Але ў Казахстане Бакіеў са сваёй сям’ёй заставаўся ня вельмі доўга.
Ужо 20-21 красавіка па загаду кіраўніка Беларусі Бакіева перавезьлі ў Менск, дзе ён заявіў, што не сыходзіць у адстаўку а надалей застаецца кіраўніком краіны і будзе змагацца за вяртаньне «законнай» улады.
Тым ня менш, лёс Бакіева не зьмяніўся, па сёньняшні дзень ён і ягонае найбліжэйшае атачэньне знаходзяцца ў Беларусі, дзе атрымалі палітычны прытулак і ўвесь сацыяльны пакет.
Павал Усаў