Logo Polskiego Radia
Print

Вялікдзень можна правесьці ня толькі за сямейным сталом

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.04.2017 15:16
Некаторыя выяжджаюць на Пасху ў аграсядзібу і спалучаюць сьвяты зь вясеньнім адпачынкам.
PAP/Krzysztof Świderski

Набліжаюцца велікодныя сьвяты, у гэтым годзе супадаюць па тэрміну як каталіцкае, так і праваслаўнае сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага. Пасха лічыцца самым важным хрысьціянскім сьвятам, хаця па традыцыі людзі больш старанна рыхтуюцца да Калядаў. А як правесьці Пасху, каб яна пакінула ў нашай памяці толькі добрыя ўспаміны?

Калядныя сьвяты мы як правіла праводзім дома, гэта вельмі сямейны час, калі мы дорым падарункі сваім блізкім, сядаем з імі за сьвяточны стол, рыхтуем пажаданьні на бліжэйшы год. Пасха ў сваю чаргу па традыцыі менш сямейная, у Польшчы па меры ўзбагачэньня насельніцтва ўсё больш людзей шукае магчымасьці выехаць на гэты пэрыяд з дому, спалучыць сьвяты з вясеньні адпачынкам. Магчымасьцяў нямала – можна выкупіць замежны тур у турбюро, можна арганізаваць падарожжа самастойна. У Польшчы апошнім часам пашыраецца мода на адпачынак на ўлоньні прыроды, найлепш дзесьці ў такім месцы, куды не дайшла цывілізацыя (прынамсі яе горшыя праявы, як смог ці коркі).

На сьвяты людзі часта выбіраюць для адпачынку прапановы аграсядзібаў, або агратурызму, як называюць у Польшчы дадзены від адпачынку. Рынак ужо заўважыў гэтую тэндэнцыю некаторых жыхароў Польшчы, каб праводзіць Пасху ў коле сваіх блізкіх, але пазбавіць сябе клопатаў аб падрыхтоўцы сьвяточнага стала і прыборцы кватэры, і высунуў адпаведную прапанову.

На думку Веслава Чэрнеца, старшыні ўправы Фэдэрацыі вясковага турызму, сьвяты ў вясковай аграсядзібе могуць быць вельмі прыемным спосабам правядзеньня часу.

В. Чэрнец: Ня так рэдка здараецца, што дома людзям прыйшлося б праводзіць сьвяты ў адзіноце, паколькі дзеці вырасьлі, выехалі за мяжу або ў іншы горад. У такім выпадку выезд у аграсядзібу – гэта вельмі добрая ідэя, паколькі адпачынак у такіх месцах наладжаны на ўзор сямейнага жыцьця, таму адзінокія людзі могуць адчуць сябе як сярод блізкіх людзей. Можна, канешне, прыехаць усёй сям’ёй, калі ў бацькоў няма часу або жаданьня самім рыхтаваць сьвяты. Здараецца і так, што ў аграсядзібу прыяжджаюць чальцы сям’і з розных куткоў Польшчы ці нават сьвету, каб не ўскладваць усіх хатніх абавязкаў, вялізнай працы на аднаго чалавека.

У вялікіх гарадах людзі як правіла шмат працуюць, як мужчыны, так і жанчыны ў вялікай ступені, таму ў іх няма часу ды і жаданьня думаць пра сьвяты, езьдзіць па крамах, рабіць пакупкі, таму некаторыя ахвотна перакладаюць гэты абавязак на кагосьці іншага. І многія аграсядзібы рыхтуюць адмысловыя прапановы на сьвяты, як Каляды, так і Пасху.

В. Чэрнец: Так, мы даўно ўжо зразумелі, што адны ложкі і начлег – гэта мала, неабходна падрыхтаваць канкрэтную прапанову, каб турысты прыехалі. Сьвяточная праграма бывае розная ў залежнасьці ад рэгіёну, паколькі абраднасьць сьвятаў крыху адрозьніваецца. Гаспадары аграсядзіб прапануюць тое, што самае цікавае ў іх навакольлі, чым вылучаецца дадзены рэгіён. Напрыклад, можна пакатацца на вазах, наведаць помнікі, гэта таксама традыцыі, зьвязныя са сьвяточным панядзелкам, які называецца «мокрым». Так што прапанова адрозьніваецца ў залежнасьці ад рэгіёну.

Якім чынам шукаць месца для адпачынку на вёсцы, каб не даць сябе падмануць. Як5 правіла людзі шукаюць аграсдязібы ў інтэрнэце або праз знаёмых, якія рэкамэндуюць месцы, дзе самі пабывалі і засталіся ў іх добрыя ўспаміны. Веслаў Чэрнец раіць шукаць у інтэрнэце прапаноў, якія маюць рэкамэндацыі розных арганізацый, зьвязаных з агратурызмам, як у Польшчы Фэдэрацыя вясковага турызму.

В. Чэрнец: Польская фэдэрацыя вясковага турызму ўжо шмат гадоў таму ўвяла сыстэму катэгорый. Усе аграсядзібы, якія на нашым сайце фігуруюць у катэгорыі «Адпачынак у вёсцы», былі правераныя нашымі інспэктарамі. Ёсьць таксама катэгорыя «Адпачынак у фэрмэра» – гэта прапанова для тых, хто сумуе па сапраўднай працы сельскага гаспадара. Калі хтосьці выбірае аграсядзібу на нашым сайце, то ён можа быць упэўненым, што сьвяты пакінуць у яго памяці адны толькі добрыя ўражаньні, паколькі ён ня хоча рызыкаваць, што сьвяты будуць няўдачнымі.

Варта дакладна праверыць, які від паслуг прапануе сядзіба вясковага турызму, якая нам спадабалася. Справа ў тым, што многія аграсядзібы ладзяць ня толькі адпачынак, але арганізуюць таксама вясельлі, банкеты ды карпаратыўныя сьвяты. Так нярэдка бывае, таму варта пацікавіцца перад прыездам на адпачынак, ці за сьценкай не плянуецца гучнае вясельле.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт