Logo Polskiego Radia
Print

Памыляцца - ня грэх: памылка можа стаць нечым новым

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.04.2017 09:04
  • памылкі.mp3
Кожную памылку трэба прааналізаваць, зрабіць высновы, а не трактаваць як канец сьвету.
www.pixaby.com

Усе мы робім памылкі. Гавораць, што не памыляецца толькі той, хто нічога ня робіць. Тым ня менш, як правіла мы вельмі перажываем ад кожнай памылкі, асабліва калі яна датычыць нашай прафэсійнай дзейнасьці. На думку аўтара кнігі пра тое, як перакаваць памылкі ў посьпех, немагчыма дайсьці да чагосьці новага, інавацыйнага, зусім не памыляючыся.

Кожны робіць памылкі, усе мы пра гэта ведаем. А тое, што хвалюе бадай усіх бацькоў, гэта факт, што чалавек найлепш вучыцца на ўласных памылках, а не на вопыце іншых людзей, у прыватнасьці, сваіх бацькоў. Кожную памылку трэба прааналізаваць, зрабіць высновы, а не трактаваць як канец сьвету, – гаворыць Эрык Кэсэльс, супрацоўнік рэклямнай галіны, які напісаў кнігу пра карыснасьць памылак.

Э. Кэсэльс: Перш за ўсё я хацеў бы падкрэсьліць, што не адчуваю, каб я ўдзельнічаў у нейкай гонцы за кар’ерай, за пасадамі і грошамі. Я працую ў галіне рэклямы, але пры гэтым не пераношу рэклямы. І таму вырашыў, што трэба зрабіць нешта іншае, напісаць кнігу. Многія рэклямшчыкі адчуваюць комплекс непаўнацэннасьці, паколькі працуюць у галіне, дзе тэхналёгія стаіць на вельмі высокім узроўні – кампутары, фотаапараты, іншая апаратура амаль дасканалыя. Не застаецца прасторы на творчае мысьленьне, на стварэньне чагосьці новага.

У сваёй кніжцы Эрык Кэсэльс піша: «Калі ты хаця б крыху падобны на мяне, то прынамсі раз у дзень чуеш, што ты ідыёт. І няма ў гэтым нічога дрэннага». Але гэта не датычыць прадстаўнікоў усіх прафэсій, а толькі некаторых – кажа аўтар.

Э. Кэсэльс: Трэба адзначыць, што дадзеная ўвага не датычыць дактароў у бальніцах, кіроўцаў таксі, лётчыкаў. Яны не павінны памыляцца. Але ў творчай галіне, рэкляме, трэба рабіць з сябе клоўна. Некаторыя ідэі, прапановы на пачатку гучаць па-ідыёцку, але пазьней яны ўплываюць на наша жыцьцё і могуць яго мяняць. У творчых прафэсіях вельмі важнае пачуцьцё гумару, але пры гэтым на працы мы бачыць мала гумару.

З іншага боку, абсалютная большасьць людзей лічыць памылкі сваёй паразай. Памылка – гэта нешта дрэннае, што адкідае нас назад у працэсе творчай дзейнасьці. У такім выпадку як можна перакаваць памылку ў посьпех, каб гэта быў пачатак пазытыўных зьменаў?

Э. Кэсэльс: Так, сапраўды, у грамадзтве, якое нас выхавала, нас амаль ад самага нараджэньня вучаць, што памылка – гэта дрэнна. Але на сёньняшні дзень у нас няма іншага выбару, чым памылка, калі мы зацікаўленыя стварэньнем чагосьці новага, інавацыйнага. Я прывяду прыклад са штодзённага жыцьця. Скажам, у нашай машыне ёсьць электронны даведнік, які вызначае нам трасу праезду. Мы даяжджаем да мэты без памылак, паколькі машына не памыляецца. Але мы можам яе не паслухацца. Даведнік кажа: едзь прама, а мы паварочваем налева, шукаем дарогу, сустракаем новых людзей, пытаем іх, як даехаць, пазнаем новыя месцы. Часам варта адмовіцца ад рутыны і выгоды, якія дае нам новая тэхналёгія.

Мы жывем цяпер у сьвеце, які некаторыя называюць глябальнай вёскай. Амаль усюды на нашай плянэце назіраюцца падобныя стандарты – у вопратцы, стылі харчаваньня, працы і г.д. А памылка можа стаць чымсьці, што зробіць нас унікальным, арыгінальным, адрозьніць ад сусьветных стандартаў.

Э. Кэсэльс: Так, на маю думку, гэта вельмі трапны аналіз, калі казаць пра моду. У 70-ыя, а нават 80-ыя гады было больш індывідуалізму, у людзей быў уласны стыль. Цяпер, калі хтосьці апранаецца нестандартна, то яго адразу відаць у натоўпе. Але ж менавіта нестандартнасьць робіць нас крэатыўнымі, нараджае новыя ідэі.

Такім чынам, парадаксальна, памылка – гэта добра. Яна дае нам магчымасьць разьвівацца, шукаць новыя шляхі і новыя рашэньні, якія часам могуць быць нават лепшыя, чым папярэднія, якія нам здаваліся правільнымі. Усе мы няўдачнікі, а прынамсі тыя лепшыя з нас. Усе геніі зьдзяйсьнялі масу памылак, перад тым, як удавалася ім адкрыць нешта новае, геніяльнае ці незвычайнае. Так што давайце не баяцца памылак, – заклікае Эрык Кэсэльс, аўтар кніжкі, у якой ідзе гаворка пра карысьць ад памылковых рашэньняў.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт