Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.04.2017 16:42
  • niezmiennie Kowalonek.mp3
Гурт Snowman выконвае альтэрнатыўны рок, хаця апошнім часам музыканты заняліся больш папулярнай музыкай.
www.pixabay.com

Сёньня, дарагія слухачы, я маю гонар вам прадставіць музыканта, які існуе на польскай музычнай сцэне ўжо даволі даўно, але яго прозьвішча адносна слаба вядомае шырокай публіцы. Гаворка ідзе пра Міхала Кавалёнка, чальца двух музычных гуртоў – Snowman і Myslovitz.

Думаю, што больш цікавы, а прынамсі, арыгінальны, калектыў пад назваю Snowman, створаны напрыканцы 2002 году ў Познані менавіта Кавалёнкам ды Адамам Бжазоўскім. Гэта калектыў, які грае альтэрнатыўную музыку, хаця самі музыканты адзначаюць, што яны займаюцца таксама «мэлядраматычнай папулярнай песьняй». Калектыў удзельнічаў у шматлікіх фэстывалях і выступленьнях, між іншым, у Яроціне, дзе адбываецца вядомы ў Польшчы рок-фэстываль. Перамаглі конкурс на Off Фэстывалі. Стварылі ўнікальны на польскім рынку, экпэрымэнтальны праект Lumikulu з удзелам дзяцей. Граюць таксама гукавую дарожку ў фільмы нямога кіно.

Яшчэ некалькі слоў пра самога выканаўца – Міхала Кавалёнка. Нарадзіўся ў 1979 годзе ў мясцовасьці Раканевіцэ на захадзе Польшчы. Па адукацыі ён эканаміст, але, відаць, музыка больш прыйшлася яму даспадобы, чым лічбы.

5 траўня ў музычных крамах паявіцца новы кампакт гурту Snowman пад назовам Gwiazdozbiór (Сузор’е). Гэта трэцяя кружэлка групы, запісаная пасьля шасьці гадоў выдавецкага маўчаньня. Як распавядаў надоечы Кавалёнак у эфіры ПР, ключом да альбому зьяўляюцца нашы элемэнтарныя эмоцыі, якія мы стараемся пагасіць сілай волі, не дазваляем сабе адчуваць суму, страху, каханьня, удзячнасьці і г.д. A я прапаную вам паслухаць песьню ў выкананьні Міхала Кавалёнка, якая называецца «Нязьменна».

Kusi mnie wzrok telewizyjnych dam
I szum niemoralnie drogich aut.
Znów dzielę pół na pół, szybko zmieniam plan.
Nie zrozum mnie źle, kiedy nie ma Cię tu.

Jeśli ciągle mierzysz za wysoko,
Za wcześnie opowiadasz puenty filmu,
Jeśli nadal trzymasz coś w zanadrzu,
Niezmiennie dobrze Cię widzieć.

Nie zrozum mnie źle, kiedy nie ma Cię tu
Nie zrozum mnie źle.

Спакушае мяне позірк тэлевізійных дам і шум немаральна дарагіх аўто. Я зноў падзяляю напалову, хутка мяняю плян. Не зразумей мяне дрэнна, калі няма цябе тут.

Калі ты пастаянна ставіш сабе надта складаныя мэты, занадта рана расказваеш зьмест фільму. Калі ты далей трымаеш нешта за пазухай, то нязьменна прыемна цябе бачыць.

Не зразумей мяне дрэнна, калі няма цябе тут, не зразумей мяне дрэнна.


Словы песьні напісаў Міхал Вірашка, музыка гурту Snowman.

Niemoralnie drogie auta – немаральна дарагія аўто. Я засяроджу ўвагу не на маральнасьці або немаральнасьці гэтых дарагіх аўтамашын, а на самой форме аўто. На беларускай мове існуе толькі адзіночны лік дадзенага назоўніка – гэтае аўто, у мяне некалькі аўто. Выраз аўто не скланяецца і не існуе ў множным ліку. У сваю чаргу ў Польшчы ёсьць іншыя формы, чым толькі адзіночнага ліку:

Jedno auto – wiele aut, dwa zielone auta, jedno czerwone auto. Дарэчы, ня так даўно ў краіне былі зьмененыя правілы і цяпер замежныя словы, якія заканчваюцца на –о, павінны скланяцца, напрыклад: kakao, але zrobiłam dwa kubki kakaa, pracuję w radiu. Тым ня менш, людзі прывыклі, што гэтыя выразы не скланяюцца і па прывычцы кажуць «pracuję w radio, idę do studio, napiłam się kakao».

Pół na pół – напалову. Гэтае словазлучэньне азначае, што нешта можна або трэба падзяліць напалову, для кагосьці палавінку, і для іншай асобы таксама палавінку.

Mierzysz za wysoko – ставіш сабе надта складаныя задачы, мэты, або інакш – цэлісься надта высока. Як правіла гэта добра, калі хтосьці цэліцца высока, хоча дасягнуць большага, чым іншыя, але ў такім выпадку можна таксама апячыся і атрымаць па галаве. Як кажуць, ініцыятыва караецца, але без ініцыятывы і без таго, каб mierzyć wysoko цяжка дасягнуць нечага значнага ў жыцьці.

Puenta filmu – зноў жа тут замежнае слова, якое ўжо палянізаванае. Азначае гэты выраз puenta кароткі, дасьціпны расповед пра зьмест, найважнейшы сэнс, напрыклад, карціны або кнігі.

Trzymać w zanadrzu – трымаць за пазухай. W zanadrzu можна трымаць як матэрыяльныя рэчы, скажам, запасы прадуктаў, так і нейкае паведамленьне або штосьці іншае, нематэрыяльнае.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт