Logo Polskiego Radia
Print

Да канца гэтага веку людзі будуць жыць нават 120 гадоў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.04.2017 14:04
Навукоўцы шукаюць і, здаецца, неўзабаве знойдуць субстанцыю, якая дазволіць жыць доўга і ў добрым здароўі.
www.pixaby.com

Мяжа старасьці пастаянна перасоўваецца – чытаем у выданьні «Newsweek Polska». Яшчэ ня так даўно навукоўцы меркавалі, што сярэднестатыстычная працягласьць жыцьця ніколі не перавысіць 90 гадоў. Яны памыляліся. Неўзабаве сярэднестатыстычная жыхарка Паўднёвай Карэі будзе дажываць да 90 гадоў і больш. Карэйцы маюць добрую мэдычную апеку і рацыянальны стыль харчаваньня, яны рэдка пакутуюць ад празьмернай вагі і маюць правільны крывяны ціск.

На думку вучоных, не на многа менш, чым паўднёвакарэйскія жанчыны, будуць жыць французкі, японкі ды гішпанкі. Палякам да іх далёка, у 2030 годзе яны будуць жыць у сярэднім 84 гады (жанчыны) і 77 гадоў (мужчыны). Добрая навіна такая, што зьмяншаецца розьніца паміж працягласьцю жыцьця прадстаўнікоў двух полаў. Раней мужчыны не клапаціліся пра здароўе, елі што папала, пілі і курылі. Цяпер яны часьцей стараюцца весьці здаровы лад жыцьця, і даганяюць па даўжыні жыцьця жанчын.

Чаму нават у тых краінах, дзе няма добрай сыстэмы аховы здароўя, можна сустрэць людзей, якія жывуць даўжэй, чым іншыя? Бо яны ядуць менш, чым звычайна. Чалавек на нізкакалярыйнай дыеце запавольвае тэмп абмену рэчываў у клетках, дзякуючы чаму паніжаецца колькасьць шкодных субстанцый, якія трапляюць у кроў і выклікаюць запальныя працэсы.

На працягласьць жыцьця ўплываюць таксама гены, пра што ўсе ведаюць. Навукоўцы падазраюць, што генаў, якія адказваюць за доўгажыхарства, можа быць нават каля сотні. Паступова ўдаецца іх апісаць. А што рабіць тым людзям, якія не атрымалі ад продкаў добрых генаў, а хацелі б дажыць да 90 і больш гадоў?

Навукоўцы шукаюць і, здаецца, неўзабаве знойдуць субстанцыю, якая дазволіць жыць доўга і ў добрым здароўі. Найбольш увагі заслугоўвае рэсвэратроль, рэчыва, якое прысутнічае ў чырвоным віне і, адпаведна, вінаградзе. Пакуль што вядома, што ў мышак гэтая субстанцыя выклікае павышаную вытворчасьць бялка, які спрыяе паяўленьню новых мітахондрыяў. Дзякуючы гэтаму ў клетках арганізму ўсе працэсы праходзяць без памылак і эфэктыўна. Мышы, якія атрымлівалі гэтую субстанцыю, былі маладзейшымі ў біялягічным пляне за зьвяркоў, якім рэсвэратроль не давалі. Калі б падобнае дзеяньне назіралася ў людзей, то гэта быў бы першы крок да стварэньня эліксіру маладосьці.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт