Logo Polskiego Radia
Print

6.05.1937 г. адбылася катастрофа дырыжабля «Гіндэнбург»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 06.05.2017 08:06
  • катастрофа дырыжабля «Гіндэнбург».mp3
Найбольшы флёт дырыжабляў быў у Нямеччыне.
Катастрофа ГіндэнбургаКатастрофа Гіндэнбургаpl.wikipedia.org/domena publiczna

Спробы канструяваць дырыжаблі пачалі праводзіцца ў Францыі ў другой палове ХІХ стагодзьдзя.

Першыя дырыжаблі ўстойлівыя і трывалыя жорсткага тыпу, якія яшчэ называюць цэпэлінамі, па прозьвішчу стваральніка графа Цэпэліна, пачалі стварацца напрыканцы ХІХ пачатку ХХ стагодзьдзя ў Нямеччыне. Найбольшую вядомасьць яны атрымалі падчас Першай Сусьветнай вайны і выкарыстоўваліся як для назіраньня, так і для нанясеньня бомбавых удараў па праціўніку. Найбольшы флёт дырыжабляў быў у Нямеччыне. Увогуле, Нямеччына была лідарам у гэтай галіне.

З пачатку ХХ стагодзьдзя да канца 30-х у сьвеце было пабудавана 160 жорсткіх дырыжабляў, і толькі 4 па-за межамі Нямеччыны. Пасьля вайны дырыжаблі пачалі выкарыстоўвацца ў якасьці перавозчыкаў грузаў і людзей.

Будаўніцтва дырыжабля «Гіндэнбург» пачалося ў 1931 годзе, а ў сакавіку 1936 ён падняўся ў паветра. Гэта быў адзін з самых буйных дырыжабляў. Яго даўжыня складала 245 мэтраў, дыямэтрам у 41 мэтар. Ён запаўняўся 200 тыс. Кубамэтраў лятучага газу. Свайго роду паветраны хмарачос. Разьвіваў хуткасьць да 135 км. на гадзіну. Мог перавозіць да 100 тон грузаў і 70 пасажыраў.

Сур’ёзнай праблемай для дырыжабля было тое, што нясучым газам быў вадарод, які лёгка загараўся. Спроба замяніць яго на гелій не рэалізавалася, бо гелій пастаўляўся з ЗША, якія ўвялі эмбарга на яго экспарт для Нямеччыны пасьля прыходу да ўлады фашыстаў.

За год свайго жыцьця «Гіндэнбург» зьдзейсьніў 63 палёты, галоўным чынам у Лацінскую Амэрыку і ЗША.

У апошні свой палёт дырыжабль накіраваўся ў 3ША, на борце было 97 чалавек. У момант пасадкі на базе Лейкхэрст у выніку самазапальваньня пачаўся пажар, які за некалькі мінут зьнішчыў дырыжабль. У выніку катастрофы загінула 36 чалавек.

Гібель «Гіндэнбурга» паклала канец эпохі дырыжабляў як паветранага транспарта.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт