Logo Polskiego Radia
Print

13.05. 1981 г. адбылося пакушэньне на Папу Яна Паўла ІІ

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.05.2017 11:37
  • 13.05.1981_замах на Яна Паўла Другога.mp3
Замахоўцам быў грамадзянін Турцыі Мехмед Алі Агджа, зьвязаны з балгарскімі спэцслужбамі.
Ян Павал Другі сустрэўся з замахоўцам Мехмедам Алі Агджой у турме Рэгіна Коелі Ян Павал Другі сустрэўся з замахоўцам Мехмедам Алі Агджой у турме Рэгіна Коелі polskieradio.pl

У момант калі Ян Павал ІІ ўвайшоў на плошчу св. Пятра ў Ватыкане, ён быў цяжка паранены стрэламі з пісталету. Замахоўцам быў грамадзянін Турцыі Мехмед Алі Агджа. Як потым высьветлілася, Агджа быў зьвязаны з балгарскімі спэцыяльнымі службамі, якія фактычна й прыгатавалі ўсе дэталі пляну па забойстве Яна Паўла ІІ.
У 1980 годзе, зьмяняючы пашпарты, Агджа дабраўся да Рыму, дзе яму дапамагалі тры супрацоўнікі службаў. Усёй апэрацыяй кіраваў балгарскі ваенны аташэ Зіла Васільеў. Замах на рымскага Папу павінен быў суправаджацца яшчэ й выбухам. Паніка й разгубленасьць павінны былі дазволіць забойцу скрыцца ў балгарскай амбасадзе.

13 траўня, Агджа і памагатыя разьмясьціліся на плошчы св. Пятра і чакалі на прыбыцьцё Яна Паўла ІІ. Калі той зьявіўся й спыніўся дзеля гутаркі з людзьмі, Агджа выстраліў 4 разы. Калі Папа ўпаў, Агджа паспрабаваў выкінуць пісталет і ўцячы, але быў схоплены кіраўніком службы аховы Каміло Чыбіні. Усе чатыры кулі трапілі ў Яна Паўла ІІ, дзьве зь іх у жывот, іншыя ў плячо й руку.

Нават пасьля гэтых драматычных падзеяў Ян Павел ІІ выказаў моц духа і пасьля сустрэчы з Агджой у вязьніцы прабачыў яго.

Хаця Алі Агджа быў пажыцьцёва зьняволены, на просьбу Яна Паўла ІІ ён быў памілаваны ў 2000 годзе, і дэпартаваны ў Турцыю, дзе быў асуджаны за забойства турэцкага журналіста.

Асноўнай гіпотэзай прычыны пакушэньня на рымскага Папу, быў моцны ўплыў гэтага чалавека на палітычныя працэсы, перад усім, у Польшчы. Ягоная пазыцыя ў дачыненьні да камунізму і тагачасных польскіх уладаў, салідарнасьць з польскай апазыцыяй прычыніліся да ўмацаваньня антыкамуністычнага руху. Безумоўна Ян Павал ІІ ня мог не разглядацца як пагроза для камуністычных сыстэмаў.
Кіраўнік КДБ Юры Андропаў непасрэдна адзначаў, што Караль Вайтыла быў абраны на пасаду Папы дзякуючы ўплыву ЗША, пры ўмяшальніцтве Збігнева Бжэзінскага, які разглядаў каталіцкую царкву як важны інструмэнт для дэстабілізацыі савецкай гегемоніі ў Эўропе.

У 90-я гады, зьявілася значна больш інфармацыі, якая пацьвярджала той факт, што савецкія службы кансультаваліся з балгарскімі і ўсходненямецкімі спэцслужбамі ў справе забойства Яна Паўла ІІ.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт