Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.06.2017 10:00
  • Вернасьць Кукульска.mp3
Пра вернасьць сьпявае Н. Кукульска. У песьні вернасьць нудная.
www.pixabay.com

Прыемна мне сёньня прадставіць вам, дарагія слухачы, пясьнярку, якую палякі любяць і шануюць, як за яе ўласныя дасягненьні, так і за памяць аб яе славутай маці. Магчыма, хтосьці ўжо здагадаўся, што гаворка ідзе пра Натальлю Кукульскую.

Нарадзілася ў Варшаве ў 1976 годзе. Дачка вакалісткі Анны Янтар і кампазытара Яраслава Кукульскага. Мама Натальлі была вельмі папулярнай у сваім часе, а яе кар’ера трагічна абарвалася на самым піку папулярнасьці. Анна Янтар загінула ў авіякатастрофе, калі дачцэ споўнілася толькі-толькі чатыры гады. Так што Натальля практычна не памятае сваёй маці, яе выхавалі бабуля і бацька.

Выхаваньне ў музычнай сям’і, ды і гены таксама, вельмі рана натхнілі пясьнярку на эстрадную творчасьць. Першы альбом Натальлі выйшаў, калі ёй было 9 гадоў. Пазьней музычная кар’ера разьвівалася стабільна, музыкантка выдала да гэтае пары 12 кампакт-дыскаў, уключна з тымі дзіцячымі. Некаторыя кампакты атрымалі статус залатых кружэлак за вялікую колькасьць прададзеных экзэмпляраў. У іншых галінах жыцьця Натальлі таксама ўсё стабільна і так, як павінна быць. У яе здаўна адзін і той жа муж, трое дзяцей, дом пад Варшавай, у якім, дарэчы, зробленая таксама студыя гуказапісу.

А я папаную вам песьню, якая была часткай гукавой дарожкі да кінафільму «Ах, Караль 2». У стужцы расказваецца пра Караля – сучаснага Дон Жуана, у якога закаханыя ўсе жанчыны навокал, а ён ня можа рашыцца, каго выбраць. Называецца кампазыцыя «Вернасьць нудная».

Nie mów nic, znam tę minę
Możesz iść, dobrze wiem, że nie zginiesz
Nie wiesz sam czego szukasz
Bawisz się jakby nie było jutra.

Między nami nic nie było
Parę nocy, trochę wina,
To za mało by Cię mieć.
Może tylko się łudziłam,
Może lekko pogubiłam,
Nie bój się, nie zrobię scen...

Mnie nie oszukasz,
Przecież to nie pierwszy raz.
Nie próbuj mnie szukać,
Lepiej żebyś został sam.
Kiedyś się uda,
Jeszcze przyjdzie na nas czas.
Wierność jest nudna,
A tego nie chce przyznać żadne z nas...

Jak nie ja, będzie inna,
Tak już jest, przecież to nie Twoja wina.
Nie wiesz jak to powiedzieć,
Nie martw się, mogę zrobić to za Ciebie..

Tyle kobiet wokół Ciebie
Czeka tylko na skinienie,
Nie odmówisz, choćbyś chciał
Tylko nie mów, że się zmienisz,
Chyba sam w to już nie wierzysz.
Karol, ja Cię dobrze znam...

Не кажы нічога, я ведаю гэты выраз твару. Можаш ісьці, я ведаю, што ты не прападзеш. Ты сам ня ведаеш, чаго шукаеш. Гуляеш, быццам бы заўтра няма.

Паміж намі нічога не было. Пару начэй, крыху віна. Гэта надта мала, каб цябе мець. Магчыма, я толькі сябе падманвала. Магчыма, крыху разгубілася. Ня бойся, я не зраблю сцэны...

Мяне не падманеш, гэта ж ня першы раз. Не спрабуй мяне шукаць, лепш, каб ты застаўся адзін. Калісьці ўдасца, яшчэ прыйдзе наш час. Вернасьць нудная. А гэтага ня хоча прызнаць ніводзін з нас...

Калі не я, то будзе іншая. Гэта так, і гэта не твая віна. Ты ня ведаеш, як гэта сказаць. Не перажывай, я магу зрабіць гэта за цябе.

Столькі жанчын вакол цябе. Чакаюць толькі твайго знаку. Ты не адмовісься, нават калі б хацеў. Толькі не кажы, што зьменісься. Ты, бадай, сам у гэта ўжо ня верыш. Караль, я цябе добра ведаю...

Пра тое, што вернасьць нудная, сьпявала Натальля Кукульска, тэкст напісала Агнешка Ястжэмбска, а музыку Аня Дамброўска і Катажына Пішэк. Нагадаю, гэтая песьня была часткай гукавой дарожкі да кінакамэдыі «Ох, Караль 2».

Znam te minę – я ведаю гэты выраз твару. Слова mina ў значэньні «выраз твару» вельмі папулярнае ў польскай мове і часта ўжываецца палякамі. Канешне, ёсьць другое значэньне дадзенага выразу, якое азначае тое ж самае, што і па-беларуску: міна (від зброі).

Nie zginiesz – не прападзеш. Адна малая літарка – гук а, які дае вялікую розьніцу ў значэньні словаў zginąć i zaginąć. Першы азначае «загінуць, памерці», а другі – «прапасьці, зьнікнуць бяз вестак».

Co rok wzrasta liczba zaginięć – Кожны год расьце колькасьць прапалых бязь вестак.
W wypadkach drogowych ginie wiele osób – У дарожна-транспартных здарэньнях гіне шмат людзей.

Łudziłam się – я сябе падманвала. Гэты дзеяслоў азначае, што хтосьці разьлічваў на большае, але гэтага не атрымаў, але дзесьці ў глыбіні душы ён ведаў, што нічога ня выйдзе.

Żadne z nas – гэта вельмі характэрнае для польскае мовы словазлучэньне. Па-беларуску мы б сказалі «ніводзін з нас». Гэта, калі казаць жартам, крыху дыскрымінуе жанчын, калі нейкая жанчына ёсьць у дадзенай кампаніі. А вось на польскай мове ў гэтым словазлучэньні ўжываецца ніякі род, таму ні мужчыны, ні жанчыны не пакрыўдзяцца.

Czeka na skinienie – гэта значыць, чакае толькі аднаго жэсту, знаку, як напрыклад, ківок галавой або жэст рукой.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт