Logo Polskiego Radia
Print

Значэньне Белавескай пушчы дзеліць палякаў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 23.06.2017 15:48
  • Значэньне Белавескай пушчы дзеліць палякаў.mp3
Вырубка дрэў ідзе поўнай парай, а эколягі ладзяць шматлікія акцыі пратэсту.
photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы не сьціхае спрэчка на тэму Белавескай пушчы, дзе згодна з дазволам Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя праводзіцца вырубка дрэваў, пашкоджаных караедамі. Улады, экалягічныя арганізацыі і цэлае грамадзтва падзеленыя на два франты.

Адна частка, на чале з Міністэрствам аховы навакольнага асяродзьдзя, лічыць, што дрэў, заражаных караедамі, настолькі шмат, што іх неабходна вырубіць, каб яны не пагражалі бясьпецы людзей. У сваю чаргу абаронцы Белавескай пушчы пераконваюць, што пушча існавала тысячагодзьдзі без умяшальніцтва чалавека і з караедамі ды заражанымі дрэвамі яна справіцца сама. Абаронцы пераконваюць, што вырубка лесу зьяўляецца зьнішчэньнем унікальнага ў цэлым сьвеце ляснога масіву.

Вырубка дрэў ідзе поўнай парай, а эколягі ладзяць шматлікія акцыі пратэсту, у тым ліку прыкоўваючы сябе да тэхнікі лесарубаў. Справай таксама займаецца Эўрапейская камісія, якая чакае тлумачэньня з боку польскага ўраду.

Адным з аргумэнтаў абаронцаў Белавескай пушчы зьяўляўся факт, што лясны масіў унесены ў сьпіс сусьветнай прыроднай спадчыны ЮНЭСКА. Гэта, на думку эколягаў, пацьвярджае ўнікальнасьць пушчы. Аднак пазаўчора міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Польшчы Ян Шышка заявіў, што ў 2014 годзе Белавеская пушча беспадстаўна і з парушэньнем закону была ўнесеная ў гэты сьпіс.

Лесьнікі сваё жаданьне вырубаць дрэвы ў Белавескай пушчы тлумачаць абавязкам «захаваць трываласьць і бесьперапыннасьць карыстаньня лесам так, каб лес быў пакінуты наступным пакаленьням мінімум у такім жа стане, а нават лепшым». Для гэтага, паводле іх, трэба вырубіць хворыя дрэвы.

У сваю чаргу Робэрт Цыгліцкі з польскага «Грынпісу» кажа, што пушча існуе восем тысяч гадоў і за гэты час яна дасканала спраўлялася без дапамогі чалавека.

Р. Цыгліцкі: Лесьнікі вельмі ўпэўненыя ў сабе, калі кажуць, што такім чынам будуць клапаціцца аб бесьперапыннасьці карыстаньня Белавескай пушчай. Пушча існуе 8 тысяч гадоў. Яе найлепшым часам быў пэрыяд, калі чалавек увогуле не ўмешваўся ў яе жыцьцё. Праблемы пачынаюцца тады, калі чалавек пачынае перафарміроўваць натуральныя працэсы пушчы ў працэсы, якія характэрныя для звычайных гаспадарчых лясоў. Калі б лесьнікі рабілі гэта ў кожным іншым гаспадарчым лесе, то не было б ніякай праблемы. Бо асноўная задача такіх лясоў – гаспадарчая. У Белавескай пушчы асноўная мэта – гэта ахова натуральных працэсаў. Нельга там прымяняць прынцыпы, якія характэрныя для іншых лясоў. Такім чынам мы пазбавім яе натуральнага характару й пераробім яе ў звычайную плянтацыю дрэваў.

Прыхільнікі захадаў Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя ставяць цалкам адваротную тэзу. Паводле іх, Белавеская пушча не зьяўляецца прыроднай спадчынай, не кранутай рукой чалавека. У гэтым на хвалі Польскага радыё 24 пераконваў рэдактар «Gazety Polskiej» Яцэк Лізіневіч.

Я. Лізіневіч: Белавеская пушча не была б такой выключнай, калі б не звычайны факт, што на яе тэрыторыі дзейнічаў чалавек. Гэта зразумела, гэта даказана. Больш таго, ёсьць доказы, што чалавек прысутнічаў амаль на цэлай тэрыторыі Белавескай пушчы. Вынікі перападліку, які праводзяць арганізацыя «Дзяржаўныя лясы», паказваюць, што на тэрыторыі пушчы ёсьць каля 20 тысяч рознага роду археалягічных аб’ектаў. Гэта сьведчыць аб тым, што чалавек прысутнічаў у пушчы і яе фармаваў. Паводле мяне, тое, што хоча зрабіць Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя, зьяўляецца сумленным. Гэта не некрануты лес, у чым нас пераконвалі яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў таму. Гэта выключны прыродны аб’ект, на які чалавек меў уплыў.

Камітэт сусьветнай спадчыны ў 2014 годзе падтрымаў сумесную прапанову Польшчы й Беларусі па ўнясеньні тэрыторыі Белавескай пушчы, якая ляжыць па абодвух баках мяжы, у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Намаганьні ўнесьці пушчу ў сьпіс ЮНЭСКА Варшава й Менск рабілі з 2008 году.

Белавеская пушча па польскім баку займае 60 тысяч гектараў, у тым ліку Нацыянальны парк – 10 тысяч гектараў.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт