Logo Polskiego Radia
Print

У нядзелю адбудзецца міжнародная акцыя BIG JUMP

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.07.2017 15:18
  • Big Jump.mp3
Тысячы людзей ва ўсім сьвеце ў адну тую ж гадзіну будуць скакаць у ваду.
Здымак іае ілюстрацыйны характарЗдымак іае ілюстрацыйны характарphoto: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0.

У бліжэйшую нядзелю адбудзецца міжнародная акцыя BIG JUMP ці літаральна «вялікі ўваход у ваду». У Польшчы акцыя штогод карыстаецца вялікім зацікаўленьнем.

BIG JUMP – гэта акцыя, падчас якой у той жа самы дзень, у тую ж самую гадзіну людзі ў многіх краінах сьвету ўваходзяць у рэкі, азёры, сажалкі, мора ці іншыя вадаёмы.

Штогод гэтая акцыя прыцягвае ўвагу да канкрэтнай праблемы, зьвязанай з вадой.

Старшыня польскага экалягічнага таварыства «Клюб Гая» Яцэк Божэк расказвае, што першы BIG JUMP адбыўся ў 2005 годзе.

Я. Божэк: З таго часу ў кожнай краіне Эўропы мы ўваходзім у ваду. Амаль заўсёды мы маем аднолькавы пасыл: каб рэкі былі чыстымі, служылі чалавеку і навакольнаму асяродзьдзю. Акцыя заплянаваная на пэрыяд вакацый, паколькі тады людзі найчасьцей адпачываюць на пляжах. У штодзённым жыцьці мы не задумваемся над воднымі рэсурсамі, над тым, чаму пытаньне вады настолькі важнае. Гэта вельмі добры спосаб адукаваць, расказваць пра ваду, а асабліва рэкі.

Сёлетняя акцыя BIG JUMP зьяўляецца асабліва істотнай па прычыне пагроз, якія могуць сустрэць польскія рэкі.

Я. Божэк: Польскія рэкі, асабліва Вісла, надалей вельмі моцна набліжаныя да іх першапачатковага, натуральнага стану. То бок, гэта хоць і не зусім дзікія рэкі, але яны ўсё ж адыгрываюць значную ролю для біяразнастайнасьці, зьяўляюцца біялягічнымі калідорамі. Ёсьць ідэя, каб частку польскіх рэк пераўтварыць у транспартныя калідоры. Паводле нас, гэта кепская ідэя. Тавары, якія плянуецца перавозіць па рэках, можна перавозіць, напрыклад, чыгункай. Па-першае, гэта таньней. Па-другое, чыгунка ўжо існуе, нічога ня трэба будаваць нанова. Рэкі, якія зьяўляюцца нашай спадчынай, будуць зьнішчаныя беззваротна, як адбылося ў некаторых краінах Заходняй Эўропы.

Акрамя таго, рэгуляваньне рэк можа выклікаць сур’ёзныя паводкі ў краіне. Натуральныя рэкі значна радзей разьліваюцца, чым штучна рэгуляваныя.

Кожная акцыя на карысьць рэк зьяўляецца таксама нагодай, каб паразмаўляць пра іх чысьціню. Як можна ацаніць стан чысьціні польскіх рэк? Яцэк Божэк кажа, што хоць кожная рака – гэта асобная гісторыя, то стан рэк за апошнія 30 гадоў палепшыўся. Гэта аднак не азначае, што не магло б быць лепш.

Я. Божэк: Кожная рака – гэта асобная гісторыя. Я лічу, што вельмі істотная зьмена чысьціні рэк адбылася падчас трансфармацыі. Вялікія прамысловыя заводы павінны былі прыстасавацца да нормаў па выкіду сьцёкаў. У многіх месцах узьнікла каналізацыя, што таксама пазытыўна паўплывала на стан водаў. Усё ж ёсьць месцы, дзе каналізацыя надалей няма. Вялікі ўплыў на стан польскіх рэк мае хімізацыя сельскай гаспадаркі. Таму можна сказаць, што польскія рэкі чысьцейшыя, чым 30 гадоў таму. Але напэўна яны не настолькі чыстыя, як бы нам хацелася, і як патрабуюць гэтага эўрапейскія нормы.

У цэлым сьвеце, у тым ліку ў Польшчы, акцыя BIG JUMP пройдзе ў бліжэйшую нядзелю а 15 гадзіне. Як паказвае практыка папярэдніх гадоў, польскае грамадзтва дастаткова актыўна ўдзельнічае ў BIG JUMP.

Я. Божэк: Палякі дастаткова актыўна ўдзельнічаюць у BIG JUMP, але ўсё ў значнай ступені залежыць ад надвор’я. Калі надвор’е добрае, то на берагах знаходзіцца шмат людзей і яны ахвотна скачуць у ваду. Ёсьць сталыя ўдзельнікі. Трэба таксама памятаць, што гэта перад усім добрая забава. У гэтую пару году людзі любяць акунацца ў ваду, таму гэта добра праведзены час.

Кааліцыя на карысьць ракі, якая сёлета зьяўляецца галоўным арганізатарам акцыі, падкрэсьлівае, што прыйшоў час супольных дзеяньняў для дабра польскіх рэк і польскай прыроды, якія павінны застацца для будучых пакаленьняў. «Патрэбная супольная актыўнасьць, каб гаварыць пра гэта, а BIG JUMP зьяўляецца пазытыўнай магчымасьцю маніфэстацыі нашай падтрымкі для натуральных рэк у Польшчы. Добры стан рэк – гэта добрая якасьць жыцьця – пляжы, роварныя сьцежкі, месцы адпачынку», – падводзіць вынік Яцэк Божэк.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт