Logo Polskiego Radia
Print

15.07.1410 г.крыжакі пацярпелі паразу пад Грунвальдам

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.07.2017 17:16
Бітва была апагеем доўгай і заблытанай гісторыі адносінаў паміж крыжакамі і суседзямі.
pl.wikipedia.org/Jan Matejko, Bitwa pod Grunwaldem/Public Domain

15 ліпеня 1410 году адбылася адна са слаўных бітваў Сярэднявечча – Грунвальдзкая бітва (Бітва пад Гру́нвальдам, Дубро́венская бітва, Танэнбэ́рская бітва).

Бітва, у якой сышліся войскі Вялікага Княства Літоўскага, Каралеўства Польскага па аднаму баку і крыжакоў Тэўтонскага ордэну, была апагеем доўгай і заблытанай гісторыі адносінаў паміж крыжакамі і суседзямі.

Неаднаразова Ягайла і Вітаўт дамаўляліся з магістрамі Тэўтонскага ордэну і зьвярталіся да іх за дапамогай падчас узаемных канфліктаў і барацьбы за ўладу ў ВКЛ.

Вітаўт, каб пазьбегнуць сьмерці нават знаходзіў прытулак за мурамі крыжацкіх замкаў. За дапамогу, якую крыжакі аказалі Вялікаму Князю Літоўскаму, Вітаўт абяцаў аддаць ва ўладаньні Жамойтыю.

З іншага боку і Вітаўт і Ягайла (калі ён стаўся каралём Польшчы), разумелі, што ўзмацненьне Ордэну стане сьмяртэльнай пагрозай для абедзьвюх дзяржаваў. І без таго, крыжакі кантралявалі важныя гандлёвыя артэрыі на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора і рэгулярна ажыцьцяўлялі напады на землі ВКЛ і Каралеўства Польскага.

Напрыканцы ХІV стагодзьдзя Вітаўт і Ягайла, урэшце прымірыліся і дамовіліся пра сумесныя дзеяньні супраць крыжакоў.

У сваю чаргу, Тэўтонскі Ордэн імкнуўся як мага хутчэй аслабіць пазыцыі Польшчы і Літвы, і пачаў у 1409 годзе шырокамаштабныя вайсковыя дзеяньні, якія атрымалі назву «Вялікай Вайны». Пасьля шэрагу дробных сутычак абодва бакі мабілізавалі даволі вялікае, на той час, войска, каля 30 тыс., кожны.

Войска ВКЛ налічвала 40 харугваў (недзе па 100 чалавек у кожнай), палова з іх былі з сучасных беларускіх земляў, а таксама 3 тысячы татарскай коньніцы.

Ядром крыжацкага войска зьяўлялася цяжкая кавалерыя рыцараў, так званы клін, альбо «сьвіньня», гэты клін павінен быў праламаць абарону праціўніка і прывесьці да перамогі. Бітва пачалася з кароткага гарматнага абстрэлу, артылерыя толькі пачала зьяўляцца на ўзбраеньні, але не выконвала важнай ролі, хутчэй мела псыхалягічны эфэкт.

Пасьля распачалася атака лёгкай літоўска-татарскай коньніцы, якая адступіла пасьля контратакі цяжкіх крыжацкіх рыцараў.

Гэты крок па-рознаму ацэньваецца гісторыкамі. Адны кажуць пра тое, што Вітаўт выкарыстаў тыповы татарскі трук, то бок прытворнае адступленьне з мэтай разьбіць шчыльныя шэрагі праціўніка і адказаць контрударам. Іншыя, кажуць, што частка літоўскіх войскаў адступіла і вярнулася толькі напрыканцы бітвы.

Агульна бітва працягвалася каля 6 гадзінаў і скончылася славутай перамогай саюзных войскаў. У ёй загінула больш за 200 крыжакоў у тым ліку і Магістар Ульрых фон Юнгінген.

Пасьля бітвы пазыцыі ВКЛ і Каралеўства Польскага ў Эўропе значна ўзмацніліся, уплывы ж Тэўтонскага ордэну аслаблі і ў будучым дзяржава ордэну стала васалам Польскага Каралеўства.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт