Logo Polskiego Radia
Print

22.07.1944 быў створаны Міжнародны валютны фонд

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.07.2017 11:31
  • 22.07.1944_MВФ.mp3
Пачатковымі буйнымі ўкладальнікамі былі 10 краінаў сьвету.
Photo: Bruno Sanchez-Andrade Nuño/flickr.com/Commercial use allowed

У гэты дзень, 22 ліпеня 1944 году, у штаце Нью-Хэмпшыр, у мястэчку Брэтан-Вудс падчас канфэрэнцыі Аб’яднаных Нацый па фінансавых пытаньнях была падпісаная дамоўленасьць пра стварэньне міжнароднай фінансавай структуры, якая б спрыяла разьвіцьцю гандлю, стабілізацыі нацыянальных валютных сыстэм. Дамоўленасьць была ратыфікавана 29 краінамі сьвету ў 1945 годзе, а дзейнасьць МВФ распачалася ўжо ў 1947 выдзяленьнем крэдыту Францыі.

МВФ зьяўляецца адной з найбуйнейшых i уплывовай міжнароднай фінансавай структурай, і разглядаецца як адзін з элемэнтаў новай фінансавай сыстэмы, якая атрымала назву Брэтан-Вудскай.

Сэнс гэтай сыстэмы, якая замяніла сыстэму, заснаваную на «залатым стандарце», і прывяла да стварэньня «даляравага стандарту», па прычыне таго, што ў выніку Другой Сусьветнай вайны ЗША сканцэнтравалі 70% сусьветных запасаў золата.

Пачатковы ўмоўны капітал складаў 8 мільярдаў 800 мільёнаў даляраў.

Пачатковымі буйнымі ўкладальнікамі былі 10 краінаў сьвету, зь іх: ЗША (2.7 млрд), Вялікабрытанія (1,3), СССР (1,2), Кітай, Францыя, Індыя, Галяндыя, Бэльгія і Аўстралія. Зараз устаўны капітал МВФ складае 477 мільярдаў АПП (Адмысловае права пазыкі) – 668 мільярдаў даляраў.

Зараз МВФ аб’ядноўвае 189 дзяржаваў сьвету, а ў яе структурах працуе 2500 чалавек з розных краінаў. Штабкватэра знаходзіцца ў Вашынгтоне.

Асноўнымі мэтамі МВФ зьяўляецца разьвіцьцё міжнароднай валютна-фінансавай сыстэмы, пашырэньне міжнароднага гандлю і разьвіцьце прамыслова-вытворчай сфэры сябраў арганізацыі, фінансавая падтрымка і дапамога краінаў- сябраў для стабілізацыі ўнутраных фінансавых сыстэмаў.

Структура і функцыянаваньне арганізацыі даволі складанае. Вышэйшым кіроўным органам зьяўляецца Рада кіроўных, якая складаецца з міністраў фінансаў альбо кіраўнікоў цэнтральных банкаў. Выканаўчая рада, якая складаецца з 24 выканаўчых дырэктароў, яна і прымае асноўныя рашэньні.

Рада фарміруецца з прадстаўнікоў краінаў, якія ўносяць найбольшыя грашовыя ўзносы. Найбуйнешыя ЗША – 17%, Нямеччына 6%, Японя – 6,7, Вялікабрытанія – 5%, Францыя – 5, Саудаўская Арабія – 3,2. Потым ідуць: Кітай, Расея. Ключовую ролю гуляюць краіны захаду ЗША і ЕЗ.

Выканаўчая Рада выбірае Кіроўнага дырэктара раз на 5 гадоў, зараз дырэктаркай зьяўляецца Крыстын Лагард.

МВФ рэгулярна крытыкуецца за тое, што зьяўляецца хутчэй палітычнай а не эканамічнай структурай, і што яго рэкамэндацыі для асобных краінаў прыводзяць хутчэй да іншага эфэкту, чым прадугледжваюць пачатковыя мэты.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт