Logo Polskiego Radia
Print

Кухня: бульбяныя дранікі пад соўсам зь лісічак (РЭЦЭПТ)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.07.2017 19:32
  • кухня.mp3
Страва хоць і даволі калярыйная, але вельмі сытная, смачная й натуральная.
Бульбяныя дранікі з соўсам зь лісічакБульбяныя дранікі з соўсам зь лісічакВалеры Саўко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Сёньня ў кулінарнай рубрыцы прыгатуем сэзонную страву. Па-першае, ужо ў продажы зьявілася маладая бульба, а па-другое, у лясах высыпалі лісічкі. Такім чынам рыхтуйцеся, сябры, бо пачынаем рабіць дранікі пад соўсам зь лісічак.

Прыгатаваньне стравы праверанае на ўласным досьведзе! Атрымалася проста, але адначасова вельмі смачна й сытна.

І так, для прыгатаваньня дранікаў нам спатрэбіцца адзін кіляграм бульбы, два яйкі, пшанічная мука, невялічкая цыбуля, мелены перац, соль, алей для смажаньня.

Яшчэ варта дадаць праванскія травы, якія дадуць страве травяны пах – пах лета. У Польшчы гэтая прыправа называецца Zioła prowansalskie, яе без праблем можна купіць у кожнай краме. Zioła prowansalskie – гэта сумесь шматлікіх траваў, папулярных у праванскай кухні. І так, у склад прыправы ўваходзяць, між іншым, базілік, чабор, мята, арэгана, маяран, шалфей, часам дадаецца лаванда. Не ведаю, ці гэтыя травы можна купіць у краме ў Беларусі, але калі й не, то без праблем іх можна зрабіць самастойна. Прапорцыі траў і іх назвы даступныя ў інтэрнэце. Гэтую прыправу, якая, дарэчы, зьяўляецца адной з маіх любімых, сапраўды варта зрабіць альбо набыць, бо яна ўносіць у кухню непаўторны водар ды смак і пасуе да многіх страў, асабліва да мясных ды агароднінных. Цікава тое, што праванскія травы папулярныя ня толькі ў Францыі, але і ў Польшчы.

Але вяртаемся да дранікаў. І так, тром бульбу на тарцы, пасьля гэтага ўліваем разьбітыя венчыкам яйкі, дадаем некалькі лыжак мукі. Колькасьць мукі залежыць ад гатунку бульбы й ад таго, ці яна шмат утрымлівае соку. Трэба, каб цеста было сярэдняй гушчыні. Па смаку дадаем перац, соль, праванскія травы (1-1,5 чайнай лыжкі) й дробна парэзаную цыбулю. Перамешваем. Варта паставіць у халадзільнік на 15-20 хвілін, каб складнікі спалучыліся. Смажым на алеі невялікія дранікі (напрыклад, з 2 сталовых лыжак цеста) на румяны колер.

Для прыгатаваньня соўсу зь лісічак нам спатрэбіцца 250-300 грам сьвежых грыбоў, 250 мл 30-працэнтнай сьмятанкі (вяршкоў), 2-3 зубчыкі часнаку, адна цыбуліна, невялікі пучок кропу й пятрушкі, мука, соль, перац, да смаку можна дадаць крыху лімоннага соку й лаўровы ліст, алей (як варыянт аліўкавая аліва), сьметанковае масла.

І так, лісічкі добра мыем у некалькіх водах, асушваем. Калі грыбы большыя, то рэжам, але іх ня трэба рэзаць дробна – трэба, каб былі буйныя кавалкі. На вялікай патэльні разаграваем некалькі лыжак алею альбо алівы (каб дно было прыкрытае, але каб складнікі ня плавалі ў тлушчы), кладзем парэзаную цыбулю, дробна парэзаны альбо выціснуты часнок.

Смажым каля 2 хвілін на сярэднім агні, дадаем лісічкі й смажым на румяны колер, час ад часу мяшаючы. Дадаем дробна парэзаныя кроп і пятрушку, мяшаем. Калі грыбы добра падрумяняцца, уліваем амаль усе вяршкі й гатуем на невялікім агні 2-4 хвіліны, памешваючы, каб соўс не прыгарэў. Невялікую колькасьць вяршкоў, якая засталася, уліваем у міску альбо кубак, дадаем прыкладна 2 чайныя лыжачкі мукі, разбоўтваем венчыкам. Уліваем на патэльню й мяшаем, каб не было камкоў. Дадаем соль і перац па смаку, як альтэрнатыва – некалькі кропель лімоннага соку, можна кінуць адзін лаўровы ліст. Дадаем са 2 лыжкі сьметанковага масла й гатуем з хвіліну-дзьве.

Выкладваем дранікі на талерку, паліваем соўсам. Страву можна ўпрыгожыць зелянінай.

Страва хоць і даволі калярыйная, але вельмі сытная, смачная й натуральная. Смачна есьці!

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

на фота: так выглядаюць прыгатаваныя дранікі з соўсам зь лісічак

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт