Logo Polskiego Radia
Print

5.08.1772 г. тры імпэрыі падзялілі Рэч Паспалітую

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 05.08.2017 10:11
  • падзел Реч Паспалітай_1772.mp3
Тэрыторыю Польшчы дзялілі паміж сабой Расея, Аўстрыя і Прусія.
By Occur - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org

5 жніўня 1772 году былі падпісаныя дамовы пра падзел Рэчы Паспалітай.

У другой палове ХVІІІ стагодзьдзя Рэч Паспалітая знаходзілася ў глыбокім сацыяльна-эканамічным і палітычных крызысе. Разам з гэтым дзяржава была аточана моцнымі дзяржавамі, якія даволі доўга праводзілі ў дачыненьні да Рэчы Паспалітай агрэсіўную палітыку. Сытуацыя пагоршылася пасьля сьмерці караля Аўгуста ІІІ Саксоньскага.

Частка польска-літоўскай шляхты на чале з родам Чартарыйскіх «Фамілія», дзеля таго каб рэалізаваць шэраг унутрыпалітычных рэформаў, у тым ліку абмежаваць «лібэрум вета», вырашыла абаперціся на Расею, дзякуючы чаму і быў абраны новы кароль Аўгуст Панятоўскі.

Нягледзячы на тое, што ў 1764 годзе Расея падтрымала Аўгуста Панятоўскага і рэформы, ужо ў 1768 годзе ўсе зьмены былі перакрэсьлены новым умяшальніцтвам і зьменамі.

Былі вернуты ўсе так званыя «залатыя свабоды шляхты», а дзяржава была ўзятая пад расейскі пратэктарат. Каб абараніць незалежнасьць, польска-літоўская шляхта аб’ядналася ў Барскую канфэдэрацыю.

Слабасьць караля і ўнутраныя канфлікты падштурхнулі Расею, Прусію і Аўстрыю да тэрытарыяльнай экспансіі. Ужо ў 1769-1770 г.г. Прусія і Аўстрыя захапілі частку памежных тэрыторыяў Рэчы Паспалітай.

Фармальнай нагодай для падзелу стала няўдалая спроба сябраў Барскай канфэдэрацыі скрасьці Панятоўскага.

Тры Імпэрыі заявілі, што Рэч Паспалітая не ў стане захаваць стабільнасьць, што пагражае бясьпецы памежных дзяржаваў. Напярэдадні падзелу ў Рэч Паспалітую былі скіраваныя войскі на чале з Суворавым, якія падавілі Барскую канфэдэрацыі.А лютым 1772 году Прусія, Расея і Аўстрыя падпісалі тайную дамову пра падзел Рэчы Паспалітай. Фактычна з гэтага моманту да жніўня 1772 г. акупацыйныя войскі цалкам гаспадарылі ў Рэчы Паспалітай.

5 жніўня 1772 году ў Санкт-Пецярбурзе паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй былі падпісаныя дамоўленасьці пра падзел Рэчы Паспалітай і вызначаныя межы.

Аўстрыя атрымала амаль усю паўднёвую частку Рэчы Паспалітай уключна са Львовам, але без Кракава (83 тыс. кв. км, 2,7 мільёна чалавек); Прусія – Вармію і Каралеўскую Прусію (Памор’е), (36 тыс. кв. км., і 600 тыс. чалавек). Расея – Латгалю (Інфлянты), усю ўсходнюю частку сучаснай Беларусі, з якой у 1773 годзе была ўтворана новая губэрня Беларусія (93 тыс. км. Кв, 1,3 млн. чалавек).

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт