Logo Polskiego Radia
Print

Стыль жыцьця: як жыць і не сьмяціць

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 18.08.2017 08:09
  • Стыль жыцьця як жыць і не сьмяціць.mp3
«Магчыма, жыцьцё цалкам без адходаў – гэта мроя. Аднак гэта настолькі ўцягвае, што цяжка спыніцца».
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Штотыднёвік Newsweek апісвае людзей, якія ў сваім жыцьці стараюцца не сьмяціць. У мясныя крамы яны ходзяць з уласнымі кантэйнэрамі, за хлебам з уласнай торбачкай з тканіны, каву купляюць на вынас у свой кубак. Так жывуць людзі, якія ня хочуць сьмяціць.

Такія людзі называюць сябе «зэравэйстамі» – ад ангельскіх слоў zero waste (нуль адходаў). Невядома, колькі іх ёсьць, яны раскіданыя па гарадах, вёсках. Іх аб’ядноўвае адно: яны спрабуюць жыць так, каб пакідаць пасьля сябе як мага менш адходаў.

«Магчыма, жыцьцё цалкам без адходаў – гэта мроя. Аднак гэта настолькі ўцягвае, што цяжка спыніцца», – запэўнівае Катажына Вангроўска, аўтарка нядаўна выданай кнігі «Жыцьцё zero waste. Жыві бяз сьмецьця і жыві добра».

Адным з ідалаў «зэравэйстаў» зьяўляецца амэрыканская аўтарка Bea Johnson. У сваёй кнізе «Zero Waste Home» яна апісвае, як некалькі гадоў таму яна вырашыла зьменшыць колькасьць сьмецьця, якое яна пакідае, да нуля. Ёй удалося дасягнуць таго, што яе 4-асабовая сям’я цягам году назьбірала толькі літар сьмецьця. Многія лічаць яе дзівачкай, аднак мільёны людзей у сьвеце карыстаюцца яе парадамі.

Сыльвія Сікора расказвае, што «зэравэйстам» яна стала з-за ляноты: «Я ненавіджу сьмецьце, яго смуроду, неабходнасьці выносіць воркі ў сьметніцу. Я падумала, што зраблю ўсё, каб гэтымі справамі не займацца».

З пачатку яна перастала купляць ваду ў бутэльках. Жанчына купіла жалезную бутэльку, у якую налівала ваду з крана. Пасьля пачала выкарыстоўваць шматразовую машынку для галеньня.

Прыхільнікі такога стылю жыцьця кажуць, што «зэравэйстам» становяцца паэтапна. Першы этап самы просты – ідучы за пакупкамі неабходна браць свае кантэйнэры і, канешне, сумку з тканіны. Сыр і вяндліны – ніколі фасованыя, толькі ў свае кантэйнэры. Квашаная капуста – толькі ў свой слоік.

Наступны этап – гэта пошук крамаў, дзе можна купляць прадукты на разьвес. Навошта плаціць за рыс у паўкіляграмовым пакеце, калі неабходную колькасьць можна купіць ва ўласны кантэйнэр і г. д.

Чарговы этап перамен – гэта дом. Тут магчымасьці «зэравэйстаў» амаль неабмежаваныя. «На пачатку ты разумееш, што ўся касмэтыка і бытавая хімія не патрэбныя і зьяўляюцца крыніцаў сьмецьця», – гаворыць Агата Блосвік. Цюбік ад зубной пасты будзе раскладвацца сотні гадоў, а можна зрабіць пасту з соды, какосавага алею, ксыліту і трымаць яе ў слоіку. Навошта гель для душа ў плястыкавай бутэльцы, калі можна купіць мыла. Бытавую хімію можна замяніць содай і воцатам.

Найцяжэй за ўсё пераканаць найбліжэйшых, якія не заўсёды пагаджаюцца з такімі поглядамі. Малгажата Гэнца прачытала ў кнізе «Zero Waste Home», што бытавую хімію таксама можна зрабіць самому. Яна памяняла ўсе прэпараты на гаспадарчае мыла і вадкасьці хатняй работы. Калі муж даведаўся, што павінен памыць свой ровар куском мыла, то абстаноўка была нэрвовай. Чаша перапоўнілася, калі яна сама зрабіла сродак для посудамыйнай машыны. Ён быў на столькі моцным, што змыў напіс на любімым кубку мужа.

Катажына Вангроўска расказвае, што пачаткова знаёмыя сьмяяліся, калі яна вымала бутэрброд, завернуты ў сурвэтку ці пакет ад мукі. Але з часам самыя пачалі прымяняць падобную практыку. «Я спрабую тлумачыць, што zero waste – гэта прапанова ня толькі для экавар’ятаў, але для звычайных людзей. У мяне ёсьць дзеці, праца і я знаходжу час на ўсё. Да вэган яшчэ некалькі гадоў таму таксама дзіўна ставіліся, а цяпер мноства рэстаранаў мае вэганскія блюды», – расказвае Катажына Вангроўска.

Навошта ўскладняць сабе жыцьцё? «Я ніколі ня думала пра свой выбар у такіх катэгорыях. Для мяне zero waste – гэта ашчаднасьць часу і грошай. Мяне не цікавяць пакупкі дзеля пакупак. Я не хаджу па крамах, не гляджу рэклямы. Я купляю самыя простыя рэчы і гэта я вырашаю якую колькасьць. Акрамя таго, я адкрыла ў сабе экспэрымэнтатара. Я пачала рабіць касмэтыку, ад тонікаў па крэмы», – тлумачыць Катажына Вангроўска.

Сыльвія Сікора нядаўна нарадзіла дзіця. За некалькі тыдняў яна выкарыстала толькі адзін аднаразовы падгузьнік. Жанчына карыстаецца марлевымі. «Дзіця за два гады выкарыстоўвае ў сярэднім дзьве тоны падгузьнікаў. Гэта не для мяне. Зразумела, што марлевыя неабходна праць, але ці гэта займае больш часу, чым паход у краму? Для мяне не. Навошта хадзіць у краму па аднаразовыя ватныя шарыкі для твару. Сьвякруха пашыла мне шматразовыя з маіх старых баваўняных цішотак», – гаворыць Сыльвія Сікора.

Zero waste ўцягвае, але ўсе суразмоўцы часопіса гатовыя ісьці на кампраміс.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт